Супрацоўнікі Смаргонскай раённай бібліятэкі запрасілі сваіх юных чытачоў на мерапрыемства, прысвечанае Дню роднай мовы
Удзельнікам свята была прадастаўлена магчымасць паказаць і паслухаць, як прыгожа гучыць роднае слова, адчуць радасць ад таго, што мы аддаём даніну павагі і любові нашым бацькам, дзядулям і бабулям, нашым далёкім продкам – носьбітам прыгожай спеўнай мовы.
«Пагавары са мной на мове, на нашай роднай, не чужой…» – гэтымі радкамі з верша Пімена Панчанкі пачалася сустрэча.
Бібліятэкар Жанна Карасевіч узгадала гісторыю ўзнікнення свята і паведаміла пра тое, што ў свеце каля шасці тысяч моў. На жаль, палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.
Жанна Людвікаўна заклікала шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту. Таксама удзельнікам мерапрыемства была прапанавана інтэрактыўная віктарына «У свеце беларускіх казак». А з якім захапленнем дзеці глядзелі інсцэніроўку казкі «Коцік, пеўнік і лісіца».
Загадчыца бібліятэкі Марыя Масевіч заклікала выхаванцаў, педагогаў стаць пастаяннымі наведвальнікамі бібліятэкі, і тым самым яшчэ не раз далучацца да хараства і мілагучнасці роднай мовы. Ад гэтай сустрэчы выхаванцы і дарослыя атрымалі толькі станоўчыя ўражанні.
Святлана СТАЛЬЧЫНСКАЯ, выхавальнік-метадыст ДУА «Смаргонскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці».
Фота аўтара.