Памяці маэстра: Аляксандр Дзяруга. Фізік і лірык

Источник материала:  
Ці можа быць фізік лірыкам? Як паказвае практыка, можа. Матэматык Аляксандр Салжаніцын атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Хімік Васіль Гросман таксама больш вядомы як пісьменнік. “Зоркамі” сталі спевакі і аўтары песень Аляксандр Розенбаум (дыпламаваны ўрач), Андрэй Макарэвіч (архітэктар), Барыс Грэбеньшчакоў (матэматык). Спіс можна прадаўжаць.

Гэту тэорыю пацвярджае і Іван Гарбузаў. Вядомы ў свой час у смаргонскіх артыстычных кругах выступоўца. Былы дырэктар нафтабазы, інжынер-механік па прафесіі, яшчэ і музыка, танцор і спявак.

Формула поспеху

“Музыка – магутная крыніца думкі. Без музычнай адукацыі немагчыма паўнацэннага разумовага развіцця”, - не ведаю, ці чытаў працы свайго цёзкі Васіля Сухамлінскага бацька Вані, але мысліў з ім у адным кірунку. Бо інакш, як можна растлумачыць той факт, што ўсім траім сынам падарыў па музычным інструменце?

А дарогу ў мастацтва Івану Гарбузаву паказаў Аляксандр Дзяруга. Па просьбе бацькі Аляксандр Анісімавіч пратэсціраваў хлопчыка на наяўнасць пачуцця рытму. У рытм хлопчык папаў бездакорна. Памножым гэты поспех на жаданне вучыцца граць на музычным інструменце і на наяўнасць музычнай памяці. У выніку атрымаем музыканта. Вось такую формулу артыстычнага поспеху вывеў  для сябе “фізік” Ваня Гарбузаў.

Цэлы год хлопчык хадзіў да Дзяругі дадому.

Памяці маэстра: Аляксандр Дзяруга. Фізік і лірык

Ваня ГАРБУЗАЎ дома ў Дзяругі. Уводзіны ў свет мастацтва. 1959 год.


“Аляксандр Анісімавіч не проста вучыў граць на акардэоне. Ён прывіваў любоў да музыкі”, - важнае, на мой погляд, удакладненне ад Івана Васільевіча. Гэта былі своеасаблівыя падрыхтоўчыя курсы перад музычнай школай, якую, дарэчы, хлопец скончыў паспяхова.

У цымбальны аркестр хлопчык прыйшоў напрыканцы 50-х гадоў ХХ стагоддзя. Дзяруга прапанаваў яму балалайку (альт).  За восем гадоў (столькі Іван быў удзельнікам калектыву) шмат дзе пабываў з канцэртамі. Калектыў абкалясіў усю Смаргоншчыну, выступаў у Ашмянах, Астраўцы, Гродне, Мінску. На Беларускім тэлебачанні.

“Я помню, калі прыехалі на БТ, тэлевізійныя дзеячы мастацтва нас доўга мучылі рэпетыцыямі, - усміхаецца Іван Васільевіч. - А мы, невялікія ж яшчэ дзеці, моршчыліся ад сафітаў, пацелі ад гэтых вялізных лямпаў”.

Памяці маэстра: Аляксандр Дзяруга. Фізік і лірык

А гэты фотаздымак падпісаны рукой маэстра: “Усебаковаму актывісту Ваню Г. на памяць пра паездку ў Мінск для выступлення на тэлебачанні. 24.4.1962”.

Памяці маэстра: Аляксандр Дзяруга. Фізік і лірык

Тонкасць псіхолага

Мой суразмоўца прыпомніў адзін эпізод, які красамоўна характарызуе фігуру Дзяругі. У 1962 годзе ў Мінску праходзіў рэспубліканскі агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці. Удзельнікаў было шмат, і сялілі іх у вагончыкі на чыгуначным вакзале. Іншыя мастацкія кіраўнікі начаваць ездзілі ў гасцініцы, да родных ці знаёмых. А Дзяруга са сваімі выхаванцамі ўвесь час жыў разам.

Дарэчы, у аркестры побач з Ванем Гарбузывым гралі (на два гады за яго старэйшыя) у будучым вядомыя людзі – скульптар Уладзімір Церабун і паэт Уладзімір Някляеў. 

“Аляксандр Анісімавіч вельмі моцна любіў сваіх вучняў, - зазначае Іван Гарбузаў. – Да ўсіх адносіўся па-бацькоўску. Тонка адчуваў настрой кожнага выхаванца. Кожную дзіцячую праблему імкнуўся вырашыць тут жа. Калі яна была звязана са школай, ішоў да дырэктара ці да настаўніка. Калі была праблема ў сям’і, вёў размову з бацькамі. У самім калектыве была надзвычай дружалюбная атмасфера. Я быў хоць і самым малым удзельнікам і па ўзросце, і па росце, але старэйшыя хлопцы мяне ніколі не крыўдзілі. Мы не толькі разам ігралі, але і ездзілі з экскурсіямі па розных гістарычных месцах”.

На базе першай школы, дзе вучыўся хлопец, Уладзімір Іванавіч Карабка стварыў духавы аркестр. Старшакласнік Іван асвоіў трубу і стаў удзельнікам гэтага калектыву. А пасля школы, калі паступіў вучыцца ў БІМСГ (цяпер БАТУ), два гады кіраваў духавым аркестрам у сваім ВНУ. Але гэта я крыху забегла наперад – у пачатак 70-х ХХ стагоддзя.

Салдат іграе – служба ідзе

Побач з музыкай у хлопца заўсёды крочыў спорт. Напачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў Смаргоні стварылі ДЮСШ па футболе. У адной з каманд іграў Іван. Трэнер каманды Ігар Ціхаміраў быў яшчэ і кіраўніком танцавальнай групы ансамбля песні і танца імя Агінскага. Калектыў толькі набіраў творчыя абароты, шукаў новых удзельнікаў. Так футбалісты (як вядома, вынослівыя хлопцы з моцнымі нагамі) сталі яшчэ і танцорамі. 

Памяці маэстра: Аляксандр Дзяруга. Фізік і лірык

Футбалісты, якія сталі яшчэ і танцорамі. Злева – кіраўнік танцавальнай групы ансамбля імя Агінскага Ігар ЦІХАМІРАЎ.


У 1966 годзе ансамбль (амаль 60 чалавек!) паехаў на гастролі ў Польшчу. Многія смаргонцы, у тым ліку і дзесяцікласнік Іван, упершыню трапілі на той бок савецкай мяжы. Калектыў меў поспех. Аказалася, “за морем житье не худо…”

Памяці маэстра: Аляксандр Дзяруга. Фізік і лірык

Танцоры Іван ГАРБУЗАЎ і Пётр ЮЖЫК на гастролях у Польшчы. 1966 год.


А ў 1967 годзе Ваню Гарбузава прызвалі ў армію. Падфарбаваць шэрыя будні салдата паспрабаваў баян, які стаяў у капцёрцы. У вольны час, калі іншыя саслужыўцы былі занятыя сваімі справамі, Іван браў у рукі інструмент і граў на ім. Музычныя здольнасці салдата заўважыла вышэйшае кіраўніцтва. Неўзабаве радавога Гарбузава зрабілі акампаніятарам. Пад яго баян спявалі салдаты і жонкі афіцэраў-ракетчыкаў ваенна-патрыятычныя песні.

Пасля службы ў арміі і вучобы ў ВНУ музыка па-ранейшаму жыла ў сэрцы маладога чалавека. На працягу чатырох гадоў Іван разам з братам Мішам і сябрамі (усяго іх было пяць чалавек) гралі на вяселлях. І на сямейных урачыстасцях Гарбузавых прадаўжала гучаць жывая музыка.

Іван Гарбузаў ішоў па сваіх жыццёвых сцяжынах, але з поля зроку Дзяругі ніколі не выпадаў. Як і іншыя ўдзельнікі цымбальнага аркестра. Настаўнік пастаянна цікавіўся справамі свайго падапечнага. У 1975 годзе хлопец ажаніўся на маладой прыгожай доктарцы. Якім жа нечаканым сюрпрызам для маладых аказаўся стос цікавых, не пастановачных, вясельных фотаздымкаў, якія неяк непрыкметна для пары зрабіў 74-гадовы Аляксандр Анісімавіч. А на другі дзень вяселля гэтак жа незаўважна падкінуў іх праз акно ў дом, дзе начавалі маладыя. Дзяруга быў вялікім імправізатарам і майстрам рабіць сюрпрызы.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Івана ГАРБУЗАВА.

←В Калифорнии появился огненный водопад. Его можно увидеть раз в году - и не более 10 минут

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика