У Смаргонскай сярэдняй школе №7 свята мовы распачалося з акцыі “Гавары са мной па-беларуску!”
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
П. Панчанка
Якія дрыготкія пачуцці напаўняюць душу пры адным толькі ўспаміне аб іх! Гэта тое невычэрпнае багацце, якое перадаецца нам ад прадзедаў. Пра мову беларусы шаноўна і ласкава гавораць “родная мова”, “матчына мова”, “мова бацькоў і дзядоў”. Так, беларуская мова вельмі прыгожая, звонкая, мілагучная, яскравая. Але зараз яна пакрыху забываецца, губляюцца адметныя словы, усё радзей яна чуецца…
21 лютага ў сярэдняй школе №7 г. Смаргоні свята мовы распачалося з акцыі “Гавары са мной па-беларуску!” Адгукнуліся ўсе: і вучні, і настаўнікі, і работнікі школы. На першым уроку ў кожным класе настаўнікі-прадметнікі правялі тэматычную хвілінку “21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. З гісторыі свята”.
У школьнай бібліятэцы і кабінетах беларускай мовы і літаратуры аформлены кніжныя выставы і стэнды “З любоўю да роднай мовы”. Падчас выставы можна было адчуць “смак беларускай мовы”, а таксама “апрануцца па-беларуску”. Аб гісторыі мовы, аб асаблівасцях узаемадзеяння беларускай і рускай моў, аб веданні моў і ведах аб мовах можна было прачытаць у часопісах і кніжных выданнях, якія прадстаўлены на палічках.
Вучні 5-6-х класаў удзельнічалі ў моўным турніры “Знаўцы беларускай мовы”. Гульня праходзіла ў вострай і напружанай барацьбе. Пытанні былі дастаткова складаныя, але каманды працавалі дружна і рашуча. Нягледзячы на тое, што ў спаборніцтве былі і пераможцы, і пераможаныя, усе засталіся задаволеныя.
У цікавай форме прайшла інтэлектуальна-пазнавальная гульня для вучняў 7-х класаў “Слова жывое, роднае, гаваркое”. Школьнікі пазнаёміліся з каларытнай беларускай мовай, даведаліся пра паходжанне фразеалагізмаў, паглыбіліі свае веды па лексіцы беларускай мовы, а таксама прадэманстравалі добрае валоданне беларускім словам.
У бібліятэку для ўдзелу ў інтэрактыўнай гульні “Цікавыя старонкі з моўнай скарбонкі” былі запрошаны вучні 8-9 класаў. Супрацоўнікі бібліятэкі далі магчымасць вучням паказаць, наколькі добра яны ведаюць творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, традыцыі і звычаі нашых продкаў. Падлеткі ўзбагацілі свае навыкі зносін на роднай мове, пашырылі веды пра славутых і таленавітых людзей беларускай зямлі.
Каманды вучняў 10-11 класаў уключыліся ў сваю гульню “Шляхамі Максіма Багдановіча”. Быў падабраны цікавы і змястоўны матэрыял пра жыццёвы і творчы шлях паэта, а дзякуючы сучаснай форме правядзення мерапрыемства, у старшакласнікаў сфарміраваліся трывалыя веды пра вядомага класіка беларускай літаратуры.
“Роднае слова – святы ізумруд”, – так пісаў пра мову Уладзімір Караткевіч. Хіба можна прыдумаць лепшае параўнанне, каб перадаць каштоўнасць гэтага скарба? Давайце будзем берагчы, шанаваць і любіць беларускае слова - самае цудоўнае, што ў нас ёсць!
Святлана ЛЯХ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №7 г.Смаргоні.
Фото автора.