Верш нашай зямлячкi Марыі Кобец «Сонца» пераведзены больш чым на трыццаць моў свету

Источник материала:  
>

У рамках асноўнай праграмы 26-й Міжнароднай кніжнай выставы на пляцоўцы «Пісьменнік і час» адбылася прэзентацыя перакладчыцкага праекта паэтэсы, перакладчыцы, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыі Кобец. У творчай імпрэзе паэткі бралі ўдзел госці выставы – літаратары розных краін свету.

Верш нашай зямлячкi Марыі Кобец «Сонца» пераведзены больш чым на трыццаць моў свету
Падчас мерапрыемства адбыўся кароткі экскурс у творчасць нашай зямлячкі, знаёмства з рэалізацыяй яе літаратурнага праекта «Пад адным сонцам», выступленні гасцей.

– У выніку маіх шматлікіх перакладчыцкіх стасункаў адзін твор пад назвай «Сонца» быў пераствораны перакладчыкамі розных краін часцей, чым іншыя. Таму цалкам заканамерна, што цікавую справу па перастварэнні верша на розныя мовы пасля гэтага я і распачала ўвасабляць. Сабраць усе перакладзеныя версіі пад вокладкай кнігі, якая зможа паказаць моўнае багацце краін і народнасцей тых паэтаў-перакладчыкаў, якія адгукнуліся на ўдзел у праекце, – такая мэта эксперымента, – гаворыць Марыя Кобец.

СОНЦА

Так,  толькі Сонца
Ведае сцяжыну да вялікага Гняздоўя Жар-птушкі…

Старанна і надзейна хавае яно гэты маршрут
І ад бяздзейных мінакаў,
І ад апантаных шукальнікаў.
Змораныя нялёгкай дарогай,
Толькі адзінкі з сотняў тысяч адшукваюць Яго
Праміж  мільёнаў падманных прыстанішчаў,
Знаходзяць і застаюцца ў Святасці Яго
Назаўсёды прасветленымі.

Мажліва, мне не ставала моцы ў нагах,
Мне не хапала зроку,  слыху, ці разумення,
Каб адолець гэты шлях,
Таму сёння
Я агідна глытаю атрутлівы пах чужых валасоў,
Прызвычайваюся да крывадушнага атачэння,
Ды ледзь-ледзь вытрымоўваю відавочнае –
Я – ў ліку астатніх сотняў тысяч. 

Сёння ў шматгалоссі аднаго твора – больш за тры дзясяткі моўных варыянтаў. Геаграфія краін, куды ў творчай вандроўцы зазірнула «Сонца», – Азербайджан і Албанія, Італія і Турцыя, Мексіка і Саудаўская Аравія, Пакістан і Сербія, Тайвань і Кітай, Малайзія і Кенія, Індыя і Бангладэш, краіны постсавецкай прасторы, а таксама шэраг іншых. Некаторыя перакладныя версіі яшчэ і падмацоўваюцца відэапрывітаннямі перакладчыкаў з аўтарскім дэкламаваннем твора на розных мовах.

Праект паэтэсы, па сутнасці, гэта спроба аб’яднаць увесь свет і адлюстраваць тое, што адчувае сама творца, што аб’ядноўвае кожную жывую істоту ў гэтым свеце. Пошук агульначалавечага шчасця – гэтая філасофія жыцця заўсёды была самамэтай існавання чалавека на зямлі. Менавіта такі сэнс закладзены ў падмурак лірычнага верлібра Марыі Кобец «Сонца», які быў перакла-дзены на дзясяткі моў краін і народнасцяў. Бенгалі і хіндзі, пенджабі і арабская, кітайская і малайская мовы… Дзясяткі паэтаў-перакладчыкаў свету сышліся разам у перакладной эстафеце аўтаркі з пінскага Палесся.

Верш Марыі Кобец «Сонца» у перакладзе на ўкраінскую мову Юліі Судус


Верш Марыі КОБЕЦ «Сонца» у перакладзе на сербскую мову Даяны Лазаравіч

Прыемна адзначыць, што ў рамках Міжнароднай кніжнай выставы Марыя Кобец таксама прыняла ўдзел у Асамблеі славянскай паэзіі, дзе прадстаўляла Беларусь разам з іншымі творцамі. А ў Доме літаратараў ёй уручылі Пісьмо падзякі ад Саюза пісьменнікаў Башкартастана – за значны ўклад у развіццё сучаснай перакладчыцкай літаратуры, высокі прафесіяналізм у перакладзе башкірскай паэзіі.

Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота з архіва Марыі Кобец.

Больш відэа глядзіце на youtube-канале Марыі Кобец.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика