Цёплыя, шчырыя матчыны словы
Сёння ў свеце больш за шэсць тысяч моў, на жаль, палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання рашэннем ЮНЕСКА ў 1999 годзе быў абвешчаны Дзень роднай мовы, з таго часу ён штогод адзначаецца 21 лютага. Думаецца, гэты дзень асаблівы для кожнай нацыі і кожнага народа: як няма народа без мовы, так няма мовы без яе носьбіта.
Мы, беларусы, маем багатае пісьменства. 3 усіх славянскіх народаў толькі чэхі раней за нас займелі надрукаваную Біблію на сваёй мове. Яна з’явілася ў 1488 годзе. А ў 1517-м у Празе доктар лекарскіх навук Францыск Скарына з Полацка выдаў Біблію па-беларуску — першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу. Даўней беларуская была адной з самых культурных усходнеславянскіх моў: у Вялікім Княстве Літоўскім на ёй пісаліся ўсе законы, вяліся ўсе суды, адбываліся соймы і іншае.
У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Але 21 лютага галоўным аб’ектам увагі становіцца мова тытульнай нацыі — беларуская. Трэба сказаць, што сёння яна актыўна пранікае ў новыя сферы ўжытку, напрыклад, у інтэрнэт-прастору, і гэта сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне людзей ёю карыстацца. Аднак жа нельга не заўважыць, што існуе відавочная праблема з шырокім выкарыстаннем беларускай мовы ў паўсядзённасці. Для большасці грамадзян нашай краіны яна не з’яўляецца пастаянным сродкам зносін. Гэта пацвярджаюць і даныя перапісу насельніцтва: беларускую назвалі роднай мовай 53,2 працэнта жыхароў краіны, гэта 5 мільёнаў 58 тысяч чалавек, дома на ёй размаўляе 23 працэнты насельніцтва. Асноўнай мовай зносін 70 працэнтаў назвалі рускую. Дзень роднай мовы — нагода яшчэ раз задумацца пра лёс і будучыню той, якую мы завём нацыянальнай і матчынай мовай.
У Глускім раёне да 21 лютага ўстановы культуры падрыхтавалі і правядуць шмат розных мерапрыемстваў. Так, у школе мастацтваў у гэты дзень у фае будзе гучаць наша народная і музыка беларускіх кампазітараў, а потым пройдзе тэматычная віктарына. У раённым краязнаўчым музеі адбудзецца музейны занятак “Падарожжа ў сялянскую хату”, а экскурсіі будуць праводзіцца па-беларуску.
Каб Дзень роднай мовы прайшоў цікава і быў запамінальным, клубныя ўстановы запланавалі забаўляльныя і пазнавальныя праграмы, літаратурна-музычныя кампазіцыі, конкурсы. Выставы літаратуры, літаратурныя і інфармацыйныя гадзіны, тэматычныя гутаркі пройдуць у бібліятэках раёна. Вось назвы толькі некаторых мерапрыемстваў, падрыхтаваных мясцовымі ўстановамі культуры: “Мову пазнаём з маленства”, “Не пакідайце ж мовы роднай”, “Квітней, мая родная мова!”, “Край мой — кропелька Беларусі”, “Багата, родная ты мова”.
Актыўна ўключацца ў правядзенне Дня роднай мовы ўстановы адукацыі, як школы, так і дзіцячыя садкі. Малым будуць чытаць творы па-беларуску, разам з імі створаць наглядны тэматычны слоўнік “Як сказаць па-беларуску?”, правядуць канцэрты, дзе прагучаць вершы і песні на роднай мове, запланавана яшчэ шмат чаго іншага цікавага і пазнавальнага для малых, іх бацькоў і выхавальнікаў. У першай школе сярод іншых мерапрыемстваў будуць пісаць ўсяшкольную дыктоўку, а ў школе № 2 пройдзе тыдзень беларускай мовы і літаратуры, адразу некалькі ўстаноў (гімназія, Заеліцкі і Клятнянскі НПК) уключацца ў акцыю “Размаўляем па-беларуску”, у Катцы рыхтуюцца да конкурсу “Я ведаю”, а ва Усцярхах — да тэматычнай віктарыны.
Калі ж вы, паважаныя нашы чытачы, ужо не ходзіце ў садок, скончылі школку і вас няма каму ўцягнуць у якое-небудзь мерапрыемства з нагоды Дня роднай мовы, а вам хацелася б яго якімсьці чынам адзначыць — калі ласка! Прачытайце і завучыце на памяць вось гэты невялікі, але такі добры верш паэткі Таццяны Мушынскай. Ён называецца “Якія бываюць словы”.
Цёплыя словы — сонца і хата,
Лепшыя словы — мама і тата.
Смачныя словы — хлеб і суніцы,
Росныя словы — кветкі, крыніца.
Чулыя словы — сын, калыханка,
Ясныя словы — лета і ранак.
Мудрыя словы — жыта і поле,
Светлыя словы — вецер і воля.
Даўнія словы — водгулле, род,
Гордыя словы — звон і народ.
Мне ж у кантэксце размовы хочацца прывесці словы Францішка Багушэвіча, сказаныя ім даўней, але і сёння яны не тое што не страцілі сваёй актуальнасці, а набылі, як мне здаецца, найбольш вострае гучанне: “Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так як той чалавек перад скананнем, катораму мову займае, пасля і зусім замерлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ