Творчы вектар мастакоў

Источник материала:  
Творчы вектар мастакоў

У рамках ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных дню нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, у ДУК «Івацэвіцкі раённы гісторыка-краязнаўчы музей» адбылася прэзентацыя выстаўкі «Vector. Праз стагоддзі да сучаснасці», прысвечаная Году малой радзімы, якая адлюстроўвае бесперапынную сувязь мінулага і будучыні. Выстаўка падзялілася на дзве часткі і экспануецца ў Івацэвіцкім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі і мемарыяльным музеі-сядзібе Т. Касцюшкі.

 

У музеі ўдзел у прэзентацыі прынялі прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Алена Бохан, намеснік старшыні Асацыяцыі аховы інтэлектуальнай уласнасці «БелБрэнд» Валянціна Дыніч, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, а таксама куратары праекта, мастакі. А гледачамі і крытыкамі на выстаўцы выступілі вучні Івацэвіцкай дзіцячай школы мастацтваў і валанцёры пярвічкі  ГА «БРСМ» Стайкаўскай сярэдняй школы.
 
На адкрыцці выстаўкі Аляксандр Велікаселец адзначыў, што Івацэвіцкі раён зацікаўлены ў правядзенні мастацкіх праектаў рознага кшталту і падзякаваў арганізатарам за тое, што звярнулі ўвагу на наш раён і цяпер ён стаіць у адным спісе з такімі старажытнымі гарадамі, як Мір, Нясвіж, Навагрудак, дзе раней ужо экспаніравалася гэтая выстаўка. А Валянціна Дыніч падкрэсліла, што Івацэвіцкі раён са сваёй гісторыяй па праву займае месца ў гэтым спісе, і выказала думку, што ў хуткім часе ён стане яшчэ больш прывабным для турыстаў – аматараў гісторыі і мастацтва. Алена Бохан адзначыла, што выстаўка вельмі ўдала, арганічна ўпісалася ў прастору гісторыка-краязнаўчага музея і ад суседства са старажытнымі артэфактамі зайграла новымі гранямі. 
 
Куратар праекта Марыя Карпянкова расказала прысутным аб канцэпцыі выстаўкі: ключавым для ідэі праекта аказалася паняцце «вектар», як метафара выбару чалавекам шляху ад пункта адліку – гістарычнай спадчыны. Мастацтва з'яўляецца той сферай, дзе традыцыі найбольш ярка раскрываюцца і становяцца падмуркам для стварэння чагосьці новага. Крыніцай натхнення для ўдзельнікаў праекта – студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў БДАМ – сталі археалагічныя знаходкі, знаёмства з якімі дазволіла на эмацыйным узроўні адчуць сувязь часу. Сваё разуменне адзінства мінулага і будучыні, вялікага шляху, які прайшлі нашы продкі і яго ўплыў на перспектывы сучаснага творчага працэсу прадставілі больш за два дзясяткі мастакоў. У жывапісных творах незвычайнага фармату, які сімвалізуе вектар, раскрываецца жыццёвы і творчы вопыт аўтараў. Адзін з аўтараў, выкладчык акадэміі мастацтваў Глеб Герасімаў, расказаў юным аматарам мастацтва пра тое, што натхніла яго на стварэнне ўласнага твора і прапанаваў гледачам выказаць свае меркаванні наконт трактоўкі карціны. Студэнты акадэміі мастацтваў расказалі школьнікам пра свае работы і разам паразважалі над іх зместам. У дзяцей была магчымасць паўдзельнічаць у стварэнні «новай гісторыі» з дапамогай інтэрактыўнай інсталяцыі, якую падрыхтавалі студэнты акадэміі мастацтваў. 
 
Наведаць выстаўку, адчуць унікальныя каардынаты ўнутранага свету аўтараў і асэнсаваць уласны вектар паміж гісторыяй і сучаснасцю можна будзе да канца лютага.
 
Ганна ІЛЬЯШЭВІЧ, фота аўтара. 

←Девушка пролезла под стулом и снова села на него, не коснувшись пола. Посмотрите на этот трюк

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика