Пераможцамі праекта “Радзіма”, ініціятарам якога выступіў Маладзёжны савет ФПБ, сталі 10 прадстаўнікоў розных прафесій. Усяго ў конкурсе, прысвечаным Году малой радзімы, узялі ўдзел больш за 800 чалавек. Прафесійнае журы ацэньвала здымкі ў трох намінацыях па арыгінальнасці сюж’ту і мастацкай якасці. Лепшую пейзажную замалёўку – «Бусел на захадзе сонца» – даслаў Сяргей Святлоў. Другое месца ў гэтай жа намінацыі прысуджана Кацярыне Сяйновай («Звілістая стужка ракі»), трэцяе – Дзіяне Лысянок («Ноч у старым горадзе»). У намінацыі «Традыцыі і побыт» большасць галасоў была аддадзена Людміле Высоцкай і яе здымку «Бабуля, навучы!». Наступнай стала Яўгенія Малевіч («Шчаслівая маці»), трэцяе месца ў Алены Жукоўскай («Беларусь тое, што нас аб ‘ядноўвае»). У намінацыі «Чалавек працы» сімпатыі конкурснай камісіі размеркаваліся наступным чынам: «золата» – у здымка з сімвалічнай назвай «Ніці поспеху» Андрэя Марцінкевіча, «срэбра» атрымала Надзея Хацкевіч і яе фота «На ўроку роднай мовы», «бронзу» – Дзіна Хутарная («Каваль нашага часу»). Выбраць яшчэ адзін лепшы здымак мог кожны з нас пры дапамозе інтэрнэт-галасавання. Карыстальнікі Сеткі аддалі перавагу фотаздымку Віктара Мялешкі «Копысь. Дняпро. Александрыя». Убачыць работы фіналістаў можна на інфармацыйным партале 1prof.by, а таксама ў спецыяльным альбоме, які чакае выдання. Пераможцы атрымаюць падарункі ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і партнёраў мерапрыемства.
Юлія КУЛІК