В районе возрождается «Ходцевская кадриль”

Источник материала:  

В районе возрождается «Ходцевская кадриль”

 

У раёне адраджаецца “Ходцаўская кадрыля”. Аўтэнтычны танец прэтэндуе на ўключэнне ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 Аднаўленне кадрылі даручана работніцы культуры з амаль 40-гадовым стажам Таццяне Бярговінай і створанаму ёй танцавальнаму фальклорнаму калектыву “Кросны”.

 Напэўна, далёка не кожны, пайшоўшы ўжо на заслужаны адпачынак, адважыцца заняцца такой адказнай справай. Але Таццяна Аркадзьеўна вельмі любіць сваю работу, а народны танец з’яўляецца захапленнем усяго жыцця.

 Праўда, дзіцячай марай было навучыцца іграць на баяне ці гармоніку. У вёсках, як і ў яе роднай Раманаўцы, у той час моладзь і людзі больш сталага ўзросту збіраліся на вечарынкі. Маці па суботах хадзіла таксама і брала малую дачку з сабой. “Сербиянку”, “Страдания”, “Семёновну”, “Коробочку” танчыў на вечарынках і старэйшы брат Таццяны.

 Пазней, калі вучылася ў Раманаўскай васьмігодцы, разам з іншымі вучнямі наведвала брыгадны клуб. Ставілі сцэнкі, спявалі, танчылі.

 — Малых вучылі старэйшыя дзяўчаты і хлопцы, Галіна і Зінаіда Балабешка, Мікалай Булаткін. Асабліва добрым танцорам лічыўся Уладзімір Прыстаўка. Гарманістам быў Сяргей Рабушка, — успамінае Таццяна Аркадзьеўна. – Моладзь тады ўмела і любіла танцаваць народныя танцы.

 У Канстантоўскай дзесяцігодцы дзяўчына не кінула займацца танцамі. З аднакласнікамі пад кіраўніцтвам загадчыцы бібліятэкі Ганны Валуевай удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці.

 Прыйшоў час вызначацца з прафесіяй. Бацькі Таццяны былі простымі калгаснікамі, таму маці хацела, каб дзеці набылі “чыстую” і “лёгкую” работу, вывучыліся на бухгалтараў. Аднак Таццяна, якая ўсё яшчэ марыла навучыцца іграць, вырашыла паступаць у Віцебскае культасвет вучылішча на педагагічнае аддзяленне.

 Экзамен здала на “чацвёрку” (тады была пяцібальная сістэма). Аднак пасля заканчэння іспытаў да яе і яшчэ адной дзяўчыны падышоў старшыня камісіі і сказаў, што вучыцца ім будзе цяжка, бо не маюць пачатковай музычнай падрыхтоўкі. Прапанаваў пайсці на рэжысёрскае аддзяленне. Але аказалася, што Таццяна не ведала патрэбнага верша. Дзяўчына зусім разгубілася, калі нехта падказаў, што на першым паверсе ідзе экзамен па танцу. Харэографы папрасілі паказаць некалькі танцавальных рухаў і залічылі ўжо атрыманую “чацвёрку”.

 Пасля заканчэння вучылішча размеркавалі ў Аршанскі раён, але вельмі хацелася бліжэй да дому. Памянялася накіраваннямі з аднагрупніцай.

 У Сенненскім раённым Доме культуры працавала на розных пасадах: загадчыцай аўтаклуба, метадыстам, мастацкім кіраўніком, дырэктарам. У свой час вяла ажно чатыры танцавальныя калектывы. Жадаючых займацца народнымі танцамі тады было шмат. Дзяцей на рэпетыцыі бацькі прывозілі нават з пасёлка Дружба.

 Калі быў створаны фальклорны гурт “Вечарынка”, стала яго ўдзельніцай. Разам з кіраўніком гурту Вольгай Дарожкінай вырашылі стварыць на базе Обальскага сельскага клуба дзіцячы танцавальны калектыў. Раз у тыдзень Таццяна Аркадзьеўна ездзіла туды на рэпетыцыі. Акампанаваў юным танцорам мясцовы гарманіст Раман Конанаў. Калектыў нават трапіў на абласное тэлебачанне.

 На заслужаным адпачынку Таццяна Бярговіна пабыла толькі каля чатырох гадоў. Хаця і ўвесь гэты час не парывала сувязі з культурай: працягвала выступаць у складзе “Вечарынкі”.

 Калі Сенненскі РДК атрымаў запрашэнне прыняць удзел у абласным турніры народных танцаў, Таццяну Аркадзьеўну зноў запрасілі на работу. Трэба было падрыхтаваць да турніру танцораў трох узроставых груп: ад 16 да 30 гадоў, ад 30 да 50 і старэйшых за 50 гадоў. Але такіх “добраахвотнікаў” трэба была спачатку знайсці, а потым ужо пачынаць развучваць з імі танцы.

 Таццяна Аркадзьеўна, шмат гадоў прысвяціўшая арганізацыі работы з танцавальнымі калектывамі, не баялася ісці да людзей са сваімі просьбамі і актыўна ўзялася за справу. Першымі ўдзельнікамі фальклорнага танцавальнага калектыву сталі Таццяна Пагарэльская, Ігар Жаркоў, Аляксандр Лабаноўскі, Вольга Берашэвіч, якая, дарэчы, яшчэ дзяўчынкай, калі жыла ў Обалі, прымала ўдзел у дзіцячым танцавальным калектыве, а таксама Дзмітрый Зайко, Марына Лындзіна, Стас Астроўскі. Пазней прыйшлі Данііл Ферфецкі і Лізавета Зенькіна.

 Калі турнір народных танцаў уключылі ў праграму фестывалю “Славянскі базар”, для выступлення трэба было падрыхтаваць яшчэ танец свайго рэгіёну. На фестывальнай сцэне спаборніцаць прыйшлося з калектывамі, якія мелі званне “народных”. Але сенненскія танцоры здолелі паказаць, што яны не горшыя. У турніры танцавальная пара Аляксандр Лабаноўскі і Таццяна Бярговіна заняла трэцяе месца. У конкурсе рэгіянальных танцаў калектыў за танец “Сенненскія кросны” атрымаў дыплом трэцяй ступені.

 Па выніках гэтых выступленняў сенненцаў і прадстаўнікоў яшчэ двух раёнаў запрасілі да ўдзелу ў зводнай танцавальнай кампазіцыі ў час святочнай канцэртнай праграмы, прысвечанай 80-годдзю Віцебскай вобласці.

 Прымаў фальклорны танцавальны калектыў удзел і ў іншых абласных мерапрыемствах. Напрыклад, у фестывалі вясельных абрадаў “Вялікая весельніца”, дзе з рэгіянальным танцам “Шчамель” заняў трэцяе месца. Звесткі пра яго ў в.Кадукова адшукаў супрацоўнік РДК Дзмітрый Зайко. У вёску ў бацькоўскую хату прыязджалі дзеці, якія і расказалі, як “Шчамеля” калісьці танчылі іх бацькі.

  Неўзабаве калектыў Таццяны Бярговінай атрымаў афіцыйную назву “Кросны”, і працягваў папаўняцца новымі ўдзельнікамі. З’явіліся Анатоль Любіеў і Марыя Кузьмініч, якія летась занялі другое месца ў абласным фестывалі народных танцаў, што праходзіў у рамках “Славянскага базару”. Прыйшлі танцаваць Насця Аўфяронак, Віталь Рыбчанка, Павел Руклянскі, Таццяна Марчанка.

 — Мая мара, якую пачала ўжо ажыццяўляць, — дзеліцца Таццяна Бярговіна, — прыцягнуць у калектыў дзяцей малодшага ўзросту.

 — Разам з “Кроснамі” адражэннем “Ходцаўскай кадрылі” займаецца клуб аматараў фальклору “Крывія” пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зайко, — расказала дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Малаткова. — Дакументы, якія трэба адправіць у Міністрэства культуры, знаходзяцца на стадыі падрыхтоўкі. Пачалася работа над пастаноўкай танца.

 — Да гэтай работы запрасілі менавіта Таццяну Аркадзьеўну таму, што яна ўсё жыццё на прафесійнай аснове займалася народнымі танцамі. На дадзены момант з’яўляецца, бадай, адзіным у раёне носьбітам культуры народнага танца, якая перадалася ёй у дзяцінстве непасрэдна ад продкаў. А разам з ведамі, вопытам такая спадчына дарагога каштуе, — падзялілася думкамі намеснік начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Пагарэльская.

 Жадаем Таццяне Бярговінай і яе паплечнікам поспехаў у справе адраджэння нашай культурнай спадчыны.

 Таццяна Буракова.

 

 

     

←Пинск объявлен культурной столицей Беларуси-2019

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика