Шчадруе Глушчына

Источник материала:  

Шчадруе Глушчына

Адно з самых любімых калядных святаў беларусаў — Шчадруха. Яно дайшло да нас праз усе выпрабаванні, не змаглі яго выкараніць нават у савецкія часы. Асабліва папулярным свята было і застаецца ў наш час у вёсках ды такіх малых гарадках, як наш Глуск. І вось у нядзелю, 13 студзеня, роўна апоўдні на бульвары Грахоўскага загучалі калядныя песні, зайграла вясёлая беларуская музыка, ад якой ногі не маглі ўстояць на месцы, самі ішлі ў скокі. Так каля кінатэатра “Арыён” праходзіла арганізаванае супрацоўнікамі ўстаноў культуры Глускага раёна масавае гулянне “Шчадруе Глушчына”.

Местачкоўцам прапанавалі не толькі паслухаць калядныя песні, а і паспрабаваць спецыяльна прыгатаваныя да свята адмысловыя беларускія стравы, якіх на сталах было шмат: калядную куццю, грыбны квас, бліны, дранікі, паляндвіцу, пірагі, бутэрброды з салам і салёным агурком у выглядзе ветразя (вось ніколі б не падумала, што звычайны гурок можна ператварыць у ветразь). Дарэчы, дранікі і бліны можна было пакаштаваць, як кажуць, з пылу, з жару — іх гатавалі тут жа каля сталоў на невялікай печцы. То й не дзіва, што столькі разнасолаў на сталах было — шчодрая куцця ўсё ж такі. Дарэчы, акрамя прысмакаў, можна было набыць і карысныя для гаспадаркі рэчы — кошыкі, бочачкі, вырабленыя з саломы карціны, іх прапаноўваў глушчанам Заеліцкі Дом рамёстваў.

Ну а якая Шчадруха без гульняў ды забаў, без “цыган” ды “казы”? Доўгае ды багатае жыццё глушчанам прарочылі апранутыя ў прыгожыя яркія спадніцы ды хусткі “цыганкі”. Яны гадалі на картах, па руцэ, а за добрыя прадказанні прасілі і сабе ручку пазалаціць. Канешне ж, прыйшлі на свята і “цыган” з “мядзведзем”. Жывёлінка нават за сабой калоду з мёдам насіла ды глушчан у карагод зазывала. А карагоды вадзілі і дарослыя, і дзеці, пры тым малодшае пакаленне глушчан стварала святочны настрой і дапамагала музыкам — дзеці гралі на бубнах, розных трашчотках і ляскотках.

Ну а музыкі таксама стараліся: на баяне, гармоніку ды іншых народных інструментах ігралі, песні ды прыпеўкі спявалі, “казу” вадзілі, беларускія загадкі глушчанам загадвалі. Канешне, без вясёлых зімовых гульняў для дзяцей і дарослых таксама не абышлося. Так што ўсім, хто прыйшоў на глускую Шчадруху, было чым заняцца, сумаваць не давялося. На тое яно і свята, так і патрэбна яго адзначаць: весела, з песнямі, танцамі ды гульнямі.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара

Больш фота глядзіце тут

←Дуров сдает квартиру через Airbnb, Путин учит летать журавлей. Известные люди и их странные поступки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика