Паверыць у цуды могуць і дзеці, і дарослыя. І у гэтым можна было ўпэўніцца, завітаўшы ў Старабарысаўскі СДК, дзе 13 студзеня 2019 года прайшло тэатралізаванае прадстаўленне “Святло каляднай зоркі”. У праграму свята ўвайшлі калядныя песні, традыцыйныя беларускія калядныя гульні, а таксама сцэнкі з вясковага жыцця. Галоўнымі героямі былі ўдзельнікі фальклорнага калектыву “Папараць-кветка” і дзіцячага фальклорнага гуртка “Беларусачка”, кіраўнік А.М. Загорская. Гледачы мелі магчымасць адчуць сапраўдны калядны дух. Песні, танцы, абрадавыя гульні - усё захоплівала так, быццам трапіў ў нейкі вір. Кожны ўдзельнік каляднага гурта быў запамінальны і сваім каларытным адзеннем, і выкананнем сваіх роляў. Сімпатычную «козачку» іграла жвавая дзяўчынка - Анастасія Лалаева, якая вельмі арганічна ўпісалася ў сваю ролю. Мядзведзь, якога іграў дырэктар Старабарысаўскага СДК А.Н.Шашкоў сваімі падскокамі, гульнямі ды танцамі павесяліў усіх прысутных. Гаспадыня, у выкананні А.М. Загорскай, ахвотна танчыла з мядзведзем “Польку” і іншыя абрадавыя танцы. Напрыканцы гасцінная гаспадыня пачаставала ўсіх удзельнікаў і прысутных каляднымі дэлікатэсамі: хатняй каўбасой, духмяным мядком, блінамі, аладкамі і салодкімі прысмакамі.
Калядная гульня “Пячы ката” змагла разварушыць нават самых сціплых гасцей.
Увечары фальклорны гурт працягнуў калядаваць па сялянскіх хатах. Абыходзілі кожны дом, праслаўлялі гаспадароў, жадал ім добрага і доўгага жыцця. У адказ гаспадары адорвалі іх цукеркамі і іншымі прысмакамі.
Добразычлівая атмасфера і добры настрой надоўга захаваліся ва ўсіх удзельнікаў прадстаўлення. Такія святы - неад’емная частка нашай культуры. Яны дапамагаюць чалавеку дакрануцца да сапраўднага побыту беларусаў, не забываць нашы нацыянальныя звычаі і традыцыі.
Районный центр народного творчества