13 студзеня адбыўся архіпастырскі візіт епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія ў Нясвіжскі раён.
Праз тыдзень пасля свята Нараджэння Хрыстова епіскап адслужыў літургію ў храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Вялікая Ліпа, якому не так даўно споўнілася 145 гадоў.
У набажэнства былі ўключаны малітоўныя просьбы аб захаванні адзінства Праваслаўя. Епіскап Антоній узнёс малітву аб захаванні міру ва Украіне. Протаіерэй Яўген Лабынько, святар храма Георгія Перамаганосца ў Нясвіжы, памочнік благачыннага Нясвіжскай царкоўнай акругі, зачытаў Пасланне на Раство кіруючага архірэя. Уладыка сардэчна павіншаваў настаяцеляў, паству і гасцей са святам Божага Нараджэння і знамянальнай датай. Настаяцель прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы Аляксандр Кавальскі падзякаваў епіскапу Антонію за віншаванні і паднёс букет руж.
Дырэктару ААТ «17 Верасня» Андрэю Коктышу быў уручаны епархіяльны медаль праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай, а старшыня Ліпскага сельвыканкама Наталля Карпач была ўдастоена архірэйскай граматы.
Пасля завяршэння набажэнства ўладыка Антоній сустрэўся з першым намеснікам старшыні Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Віктарам Худніцкім. У сустрэчы прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Аляксандр Балцянкоў, благачынны Нясвіжскай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Данчанка, кіраўніцтва ААТ “17 Верасня”, святары, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.
Дзмітрый ЯШЧАНКА.