Відовішчным адбылося свята шчодрых народных гулянняў у Пiнску

Источник материала:  
>

Відовішчным адбылося свята шчодрых народных гулянняў у Пiнску
13 студзеня ў Пінску прайшлі народныя гулянні «Як на Шчодрую куццю».  Жыхары горада мелі магчымасць пазнаёміцца з даўнімі традыцыямі святкавання Шчодрыка, які адзначаецца напярэдадні старога Новага года, пачуць старажытныя песні калядоўшчыкаў і пабачыць цікавыя абрады.

Удзельнікі свята, а гэта калектывы з Пінска і Пінскага раёна, падаравалі жыхарам сталіцы Палесся радасны настрой. Асабліва відовішчным было “Каляднае шэсце” па пешаходнай частцы вуліцы Першамайскай да плошчы Леніна. Удзельнікі калектываў спявалі песні, віншавалі ўсіх з Новым Годам і Раством Хрыстовым.

На галоўнай сцэне адбыўся “Калядны батл” – выступленне фальклорных калектываў. Аднак, трэба адзначыць, што тут не было пераможцаў і тых, хто прайграў, бо ўсе выступілі проста цудоўна!

Так, даспадобы гледачам прыйшліся тэатралізаваныя пастаноўкі, што прадставілі народны ансамбль народнай песні “Верас” Малоткавіцкага ЦСДК (кіраўнік Т.В. Гетман), а таксама ўдзельнікі драматычнага гуртка і аматарскага аб’яднання “Сонейка” Кашавіцкага СДК (кіраўнік А.І. Яхнавец), фальклорнага калектыва “Ахавяначкі” Ахоўскага ЦСДК (кіраўнік С.С. Ладыга).

Удзельнікі гэтых калектываў не толькі хораша выконвалі народныя песні, але і яскрава паказалі абрад шчадравання, дзе былі такія каларытныя персанажы зімовых абрадаў як Каза, Мядведзь, Цыганка, Дзед. Ад артыстаў гучалі пажаданні шчасця, здароўя, дабрабыту ў новым 2019 годзе.

Свае віншаванні пінчукам адрасавалі народны хор “Журавушка” Пінскага гарадскога Цэнтра культуры і творчасці, фальклорны калектыў “Бацькаўшчына” Пінскага гарадскога Дома культуры  і заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца “Палескія Зоры”.

Усе ўдзельнікі праграмы атрымалі дыпломы і падарункі, а таксама шчырыя апладысменты гледачоў. Завяршылася свята гульнёвай праграмай “Калядныя забаўлянкі”.

Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика