Пяты форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі быў вельмі багаты як на дзелавыя кантакты, так і на культурныя зносіны.
У дні форуму працавалі выстаўкі-кірмашы рамёстваў, дзе сваю прадукцыю прадстаўлялі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і фальклорныя аматарскія калектывы Беларусі і Расіі.
Удзел у культурнай праграме форуму прыняў і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай музыкі “Выцінанка” Столінскага ГДК. За два дні калектыў паказаў восем канцэртаў. Ён выступаў на цэнтральнай пляцоўцы і на беларускай пляцоўцы падчас нацыянальных святочных экспазіцый, а таксама ў канцэртнай праграме «Мы вместе – мы разам”.
– Для нас вельмі прэстыжна выступіць на такім аўтарытэтным форуме, – дзеліцца мастацкі кіраўнік ансамбля Пётр Астапчук. – Цікава і павучальна было пазнаёміцца з фальклорнымі спевамі 33 расійскіх рэгіёнаў. Уразіла прыгажосць і размах Горада майстроў, дзе свае рамёствы дэманстравалі розныя народнасці і нацыянальнасці, іх традыцыйныя касцюмы, песенная і харэаграфічная творчасць.
“Выцінанка” прэзентавала сваю творчасць інструментальнай музыкай, дзе гучаў гармонік, скрыпка, труба, флейта, цымбалы, кантрабас, барабан, ражок, акарына, сурма, эстрадны бубен – усе інструменты, якія выкарыстоўвае ансамбль. Прагучалі вакальныя нумары, сольнымі спевамі радавалі Алена Дубойская, якую назвалі беларускай Зыкінай, Валянціна Сень і Наталля Пашкевіч.
Галіна ГАШЧУК
Фота Наталлі ПАШКЕВІЧ