Таямніцы смаргонскай зямлі. Што ўбачыў малады казак, каб у яго не вытрымала сэрца?
Казакі Мінскай казачай акругі прынялі гэтую навіну з вялікай удзячнасцю. Трэці раз яны знаходзяць на Беларусі падобныя магілы. У належны стан прыведзены месцы пахаванняў у вёсках Ручыца і Харкі Вілейскага раёна. Цяпер казакі адправіліся на смаргонскія могілкі. Устанавілі, што тут пахаваны ў 1902 годзе казак Першай сотні Трэцяга данскога казачага палка Цярэнцій Яжоў.
Сапраўды, у тыя часы гэты казачы полк стаяў у Вільні, ахоўваючы заходнюю мяжу Расійскай імперыі. Але чаму маладога 24-гадовага хлопца не пахавалі ў той жа Вільні? Чаму не ў роднай Краснакуцкай станіцы на Кубані? Чаму Смаргонь? І яшчэ многа таямніц захоўвае ў сабе магіла Цярэнція Яжова. Напрыклад, каму ў тыя часы ставілі каменныя помнікі? Гэта ж столькі працы! Толькі высечы літары заняло не менш месяца. Што паспеў зрабіць малады мужчына за свой нядоўгі век, што так ушанавалі яго памяць? Загадкай з’яўляецца і прычына смерці. У архівах знайшліся звесткі, што памёр ён ад разрыву сэрца. У дваццаць чатыры гады? Што павінен быў убачыць вайсковец, каб не вытрымала сэрца? А можа, усё намнога прасцей – інфаркт, напрыклад? Невядома.
Гэтыя пытанні задавалі сабе казакі, стоячы ля адноўленай магілы. Зусім не па-асенняму грэла сонца, айцец Анатоль Рэзановіч чытаў малітву, роўна і хораша гарэла свечка. Сярод іншых слоў, выбітых на помніку, выдзялялася ёмкае “таварыш”.
“Слова “таварыш” пайшло з Запарожскай сечы, - расказвае атаман Генадзь Жумянок. - Так казалі пра тых, хто цаною свайго жыцця ратаваў людзей. Гэта не проста слова для казакоў. І мне здаецца, што на помніку яно з’явілася невыпадкова”.
Нечаканы сюрпрыз прысутным падрыхтаваў есавул Арцём Яфімаў. Ён знайшоў фота казакоў Трэцяга данскога казачага палка. Самае цікавае, што фота зроблена ў перыяд з 1910 па 1914 гады ў Смаргоні. А адправіў яго са службы на памяць сыну зямляк Цярэнція Яжова Мікалай Каршуноў. На фота – маладыя хлопцы. Ідэальная салдацкая выпраўка, заліхвацкія казацкія чубы. Маленькая картка - невялічкі кавалачак нашай з вамі гісторыі. А колькі яшчэ таямніц хавае смаргонская зямля?
Віялета ВОЙТКА.
Фота аўтара і з архіва.