Спачатку была мара...
Спачатку была мара…
Такімі словамі можна распачаць гісторыю стварэння вакальнай групы выкладчыкаў ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” “Муза-Арт”, якая напярэдадні прафесійнага свята, Дня работнікаў культуры, адзначана Пісьмом падзякі раённага выканаўчага камітэта.
Сёння “Муза-Арт” – гэта сямёра маладых, таленавітых людзей, якія не ўяўляюць сваё жыццё без творчасці: настаўнік па класе фартэпіяна Дзмітрый Штаненка, настаўнік па класе баяна Віктар Скрабец, настаўнік аддзялення харэаграфіі Яфім Юрын, настаўнік па класе баяна Вольга Гарчакова, настаўнік па класе фартэпіяна Алена Васілевіч, настаўнік па класе фартэпіяна Вера Муртазіна і настаўнік па класе фартэпіяна Вольга Ятчэня. У ролі справядлівага, чулага і празорлівага кіраўніка групы выступае дырэктар ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” Ала Аляксандраўна Груздзева. Група “Муза-Арт” маладая, ёй усяго два гады, але маладыя артысты сталі жаданымі гасцямі на розных канцэртных пляцоўках па ўсім раёне. Гледачы палюбілі прыгожыя, чулыя, падрыхтаваныя з мастацкім густам нумары, таму кожнае выступленне адорваюць артыстаў працяглымі апладысментамі і шчырымі ўсмешкамі. Можна з упэўненасцю сказаць, што “Муза-Арт” стала своеасаблівай візітнай картачкай Дзіцячай школы мастацтваў.
– Сапраўды спачатку была мара стварыць на базе нашай школы такі калектыў. Нейкай асаблівай канцэпцыі, як павінна выглядаць група, не было, кастынгаў мы не праводзілі. Я проста прапанавала маладым выкладчыкам паспрабаваць сябе на сцэне і здзівілася, наколькі хутка яны пагадзіліся. Усё ж такі ў нас няма вакалістаў, толькі інструменталісты, але ўсё атрымалася. Моладзь, як кажуць, спелася, – жартуе Ала Аляксандраўна. – Спачатку яшчэ была спроба стварыць дзве розныя групы, асобна мужчынскую, асобна жаночую, але ў выніку яны аб’ядналіся. Трэба адзначыць, што мне, як кіраўніку, працаваць з імі вельмі лёгка, бо моладзь вельмі ініцыятыўная, натхнёная, над імі не трэба стаяць з “палкай”, яны ўсё робяць самі.
Удзельнікі групы з усмешкамі распавядаюць гісторыю ўзнікнення наз-
вы свайго калектыву, бо ўзнікла яна вельмі нечакана. На адным з першых канцэртаў, каб пазбегнуць вялікай і дрэнна запамінальнай назвы, яны вырашылі называцца менавіта “Муза-Арт”, бо “родам” яны з “Дома муз”, дзе выкладаюць не што іншае, як мастацтва ў розных яго праяўленнях.
За кожным нумарам у выкананні групы стаіць вялікая праца каманды людзей. Аранжыроўшчык Алена Кныш распісвае партытуры для выступленняў, харэограф Галіна Чухрай займаецца харэаграфічнай пастаноўкай нумароў. Задача ж артыстаў “удыхнуць” жыццё ў канцэртны нумар, “апрануць” яго ў мастацкую абалонку. “Муза-Арт” запісвае і ўласныя якасныя фанаграмы ў Слоніме. Асобны пункт пры стварэнні нумароў – гэта падбор касцюмаў. Ала Аляксандраўна ўпэўненая, што кожны твор – гэта маленькае жыццё, таму вобразы да кожнага падбіраюцца асобна.
– Выступленняў у групы шмат, іх запрашаюць выступаць як на раённыя святы рознага кшталту, так і на прадпрыемствы. Рэпертуар у групы шырокі – гэта і лірычныя, і танцавальныя кампазіцыі. У пачатку кожнага года мы абіраем некалькі твораў, якія нам падабаюцца, і развучваем іх для сябе, да кожнага свята, на якім мы выступаем, таксама рыхтуюцца асобныя нумары. Я жартую, што на ўласны дыск удзельнікі “Муза-Арт” ужо наспявалі, – расказала Ала Аляксандраўна.
Артысты адзначаюць, што заў-
сёды гатовы для цікавых творчых прапаноў. Так, нядаўна “Муза-Арт” выканала і запісала песню, якая будзе змагацца за права стаць гімнам Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Прапанавалі Івацэвіцкім артыстам паўдзельнічаць у конкурсе супрацоўнікі ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Івацэвіцкага раёна”. Гісторыя стварэння гэтай кампазіцыі ўвогуле цікавая – музыку для яе напісаў бацька салісткі “муза-Арт” Веры Муртазінай, а словы – яе маці. А Вера разам з калегамі яе выканала.
Маладыя педагогі адзначаюць, што выступленне на вялікай сцэне – гэта не толькі выхад іх творчай энергіі, але і добрая прафарыентацыя. Калі вучні бачаць іх выступленні, загараюцца, хочуць выступаць таксама. Таму кожнае іх выступленне – гэта творчы штуршок для маленькіх артыстаў.
Артысты “Муза-Арт” гавораць, што публіка на ўсіх выступленнях розная. Некаторыя горача іх падтрымліваюць, некаторыя не вельмі ахвотна дэманструюць пачуцці.
– Вельмі цяжка “разварушыць” публіку, мы нават прыдумалі фішку – выходзіць у зал і запрашаць на танец каго-небудзь з гасцей. Бо выступленне, гэта перш за ўсё абмен энергіяй з гледачамі, але гэта цяжка зрабіць, калі яны закрытыя і напружаныя. Хаця часта былі такія выпадкі, калі прахожыя сустракаюць цябе на вуліцы, у магазіне ці ў бальніцы і дзякуюць за выступленне. Гэта, канешне, прыемна, але хочацца, каб на кожным канцэрце публіка атрымлівала станоўчыя эмоцыі і не баялася іх паказаць, – адзначаюць артысты.
– Калі чалавек робіць штосьці ад чыстага сэрца, з натхненнем, то гэта не можа пакінуць абыякавым – гэта зачароўвае. Менавіта такі прынцып ляжыць у аснове працы нашай групы “Муза-Арт” – з поўнай самааддачай служыць культуры, – лічыць Ала Аляксандраўна. – Напярэдадні прафесійнага свята, Дня работнікаў культуры, хочацца павіншаваць сваіх калег. Бо іх паўся-
дзённая праца заслугоўвае глыбокай павагі. Яна дапамагае захоўваць маральныя каштоўнасці, вучыць разумець і цаніць прыгожае, садзейнічае развіццю чалавечай асобы. Вы дапамагаеце раскрыцца талентам, рэалізавацца здольнасцям многіх жыхароў нашага краю, дорыце радасць зносін са светам прыгажосці, без чаго наша жыццё было б не такім яркім і насычаным. Культура нашага раёна трымаецца на вас – энтузіястах, творчых, крэатыўных людзях, якія любяць сваю справу. Упэўненая, што і надалей ваша шчырасць, душэўная шчодрасць, талент і майстэрства будуць знаходзіць самы гарачы водгук у сэр-
цах жыхароў і гасцей Івацэвіччыны.
Ад усёй душы жадаю вам натхнення, невычэрпнай энергіі, новых дасягненняў, перамог і зорак на творчым небасхіле!
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.