Пiнскi раён прадставіў адну з цікавейшых экспазіцый на V Міжнародным фестывалi этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» (вiдэа + фотарэпартаж)

Источник материала:  
>

Юбілейны, V Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» вітаў тысячы артыстаў і гасцей у аграгарадку Ляскавічы, што ў Петрыкаўскім раёне Гомельшчыны. Цікавую экспазіцыю на форум прывезлі з нашага раёну.

Пiнскi раён прадставіў адну з цікавейшых экспазіцый на V Міжнародным фестывалi этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» (вiдэа + фотарэпартаж)
Фестываль праходзіць адзін раз у два гады і за час існавання стаў сапраўдным брэндам Палесся. У ім прымаюць удзел восем раёнаў Гомельшчыны і тры – Берасцейшчыны, у тым ліку і Пінскі. Сёлета ў Ляскавічы прыехалі каля 1 700 артыстаў і 20 тысяч гасцей. Сярод іх – калектывы з Украіны, Расіі, Польшчы, Індыі і Кітая. Прывітанне арганізатарам і ўдзельнікам фестывалю накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Шмат цікавага было прадстаўлена на фестывальных пляцоўках: раёны дэманстравалі брэндавыя з’явы, дзейнічала выстава кнігі і прэсы, турыстычных магчымасцей рэгіёна (дарэчы, свае візітоўкі тут прадставілі рэспубліканскі санаторый  «Ясельда» і дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Світанак»), мясцовы музей прапанаваў цікавыя экскурсіі, танцоры запрашалі паўдзельнічаць у свяце бытавога танца, здзіўлялі прэзентацыі клубаў гістарычнай рэканструкцыі, заклікалі гасцей майстар-класы, у тым ліку па вырабу батлеечнага рэквізіту, і самі батлеечныя спектаклі…

Нагадаем, што асноўнай мэтай фестывалю з’яўляецца захаванне самабытных культурных з’яў Палесся, і гэтыя з’явы можна было ўбачыць на стылізаваных падворках беларускіх вёсак. Падворкі размясціліся на двухкіламетровай вуліцы пад агульнай назвай «У сваім краі як у раі». Гаспадары гасцінна віталі хлебам і песнямі сваіх мясцовасцяў, частавалі ўнікальнымі стравамі, дэманстравалі абрады і звычаі… Наш раён прадставіў адну з цікавейшых экспазіцый. Яна запрашала ў вёску Хлябы Пінскага раёна.

Супрацоўнікі раённага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, спецыялісты сферы культуры і носьбіты фальклору падрыхтавалі некалькі каларытных павільёнаў. У адным майстрыха працавала за ткацкім станком, у другім дзейнічала выстава караваяў, прыгатаваных палескімі гаспадынямі, у трэцім, што зваўся «Палескі пачастунак», можна было пакаштаваць стравы Пінскага Палесся. Кожны з іх наведалі высокія госці – міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, кіраўнікі Брэсцкай і Гомельскай абласцей Анатоль Ліс і Уладзімір Дворнік. Яны нават пагойдаліся з гаспадынькай Хлябоў Святланай на арэлях жаданняў.

Непаўторны каларыт на падворку стваралі артысты народнага фальклорнага калектыву «Грымата» Дабраслаўскага СДК, народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Чабатухі» Сташанскага СДФ, выставы падрыхтавалі майстры раённага Дома рамёстваў, сакрэтамі стварэння старых беларускіх музычных інструментаў дзяліўся майстар-самародак Андрэй Шклёда. Падсілкавацца можна было і ў гасцінным павільёне Пінскага раённага спажывецкага таварыства. Здымкі і відэа з нашымі артыстамі разляцеліся па ўсіх цэнтральных СМІ краіны! Упрыгожаннем канцэрту-адкрыцця на галоўнай пляцоўцы фэсту стала выступленне народнага вакальнага ансамбля «Явар ды Каліна», а вечарам тут жа праходзіў конкурс прыгажосці «Палеская прыгажуня», на якім наш раён прадставіла педагог Юлія Кахновіч.

Падтрымаць артыстаў Піншчыны на фестываль прыехала дэлегацыя ў складзе старшыні раённага Савета дэпутатаў Іосіфа Гузіча, намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Палхоўскага, начальніка раённага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людмілы Галавач, загадчыка сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі аддзела Сяргея Падшывалава, начальніка раённага аддзела па адукацыі Алы Прылоўскай і старшыні Пінкавіцкага сельвыканкама Анжалікі Гудковай.

Людміла РЭБКАВЕЦ.
Фота аўтара.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика