Залатым лаўрэатам у намінацыі «Мастацкая літаратура» Еўразійскай міжнароднай прэміі стала наша зямлячка Марыя Кобец
Вынікі Еўразійскай міжнароднай прэміі, якая штогод прысуджаецца за дасягненні ў галіне літаратуры, мастацтва, навукі і асветы, былі падведзены ў Маскве. Цырымонія ўручэння іміджавай узнагароды прайшла ў Доме-музеі імя М. Ярмолавай/Тэатральным салоне на Цвярскім бульвары.
Амаль тры дзясяткі творцаў з розных краін Еўразійскай прасторы былі ўзнагароджаны сертыфікатамі, а таксама сімвалічнымі статуэткамі і нагруднымі медалямі за асаблівыя дасягненні ў дваццаці разнастайных намінацыях.
Залатым лаўрэатам у намінацыі «Мастацкая літаратура» была адзначана наша зямлячка, паэтка і перакладчыца Марыя Кобец.
У ліку трох дзясяткаў узнагароджаных таксама прадстаўнікі беларускай творчай інтэлігенцыі – літаратары, мастакі, акцёры, кнігавыдаўцы. Гэта Алена Стэльмах, Анатоль Матвіенка, Анастасія Кузьмічова, Рыгор Сітніца, Глеб Отчык, Яўген Крыжаноўскі, Дзмітрый Макараў.
Еўразійская прэмія была заснавана ў 2013 годзе Еўразійскім творчым саюзам. Пачынаючы з 2015 года, узнагарода прысуджаецца не толькі літаратарам, публіцыстам і даследчыкам этнакультурнага працэсу, але і мастакам, музыкам, скульптарам, архітэктарам, дызайнерам, рэжысёрам, кінадраматургам, акцёрам, навукоўцам – гэта значыць, сапраўдным стваральнікам новых форм агульначалавечых каштоўнасцяў, адлюстраваных у свядомасці асобных народаў і самых яркіх іх прадстаўнікоў.
Наталля МІЛЕЎСКАЯ.