"Пасеклі край наш папалам..." Что за поэта расстрелял НКВД в 32-летнем возрасте

Источник материала:  
21.09.2018 10:05 — Новости Культуры

1937−1938 годы стали пиком сталинских репрессий. Их жертвами стали как простые люди, так и представители творческой интеллигенции. Биографии 18 из них вошли в книгу «(Не)расстраляныя». Это часть проекта портала TuzinFM.by, посвященного памяти репрессированных. Поддержать проект или заказать книгу можно на краудфандинговой площадке «Улей».


Алесь Дудар (в центре) с Язепом Пущей (слева) и Андреем Александровичем (справа). Фото 1924−1925 годов

Кроме биографий 18 белорусских писателей в книге будет опубликовано более 100 их произведений и около сотни архивных фотографий, часть из которых читатели увидят впервые. Объем издания — более 300 страниц. Также читатели «(Не)расстраляных» получат музыкальное CD-приложение с песнями на слова героев проекта.

Видео: TuzinFM

Один из разделов книги посвящен белорусскому поэту Алесю Дудару. Автор этой части, исследовательница Анна Северинец, в марте 2017 года нашла рукописи Дудара. В том числе — перевод на белорусский язык поэмы Пушкина «Евгений Онегин». С разрешения инициаторов проекта TUT.BY публикует с сокращениями фрагмент этого исследования.

Святло зялёнай зоркі: Алесь Дудар

Алесь Дудар часта і сутаргава міргаў - нервовая звычка, ахайна занатаваная сучаснікамі ў мемуарах. З гэтай звычкі ахвотна кпілі: «Шукайла так кройнуў па „Маладняку“, што Дудар ажно моргаць перастаў», — піша Паўлюку Трусу на вёску справаздачу аб літаратурным дыспуце Максім Лужанін. У «Крывічах» Міхася Зарэцкага Алесь Дудар выведзены пад іменем Ліпіна — бо «лыпае», міргае. «І вочы ў яго моргаюць, як у старога», — раздражнёна характарызуе Дудара Якуб Колас.

Алесь Дудар — гэта паэт-паліглот. Суаўтар першага беларускага падлеткавага рамана. Перакладчык пушкінскага «Яўгенія Анегіна», «Вяселля Фігаро» Бамаршэ, «Зімовай казкі» Гайнэ, «Фаўста» Гётэ. 29 кастрычніка 1937-га, пасля года допытаў і катаванняў, быў расстраляны ў 32-гадовым узросце.

Ён жыў у час, калі паэтычныя дасягненні ганараваліся не прэміямі, а арыштамі і высылкамі, і чым вышэй былі тыя дасягненні, тым больш маўкліва сустракала цябе памяць нашчадкаў.

Сын чыгуначніка — вучань лепшай гімназіі Менску

Аляксандр Аляксандравіч Дайлідовіч, будучы паэт Алесь Дудар, нарадзіўся 23 снежня 1904 года ў вёсцы Навасёлкі на Мазыршчыне (сёння — Петрыкаўскі раён). Пабыўшы арандатарам у Навасёлках, яго бацька Аляксандар Станіслававіч перавёз невялікую сваю сям’ю — жонку і сына — у вёску Таль (цяпер Любанскі раён). Адтуль падаліся ў Мар'іну Горку, дзе бацька ўладкаваўся прадаўцом віннай лаўкі (між іншым, абы каго на такую адказную пасаду не бралі, гэта трэба было мець крыштальнае сумленне і выключныя рэкамендацыі). З Пухавіч перабраліся ў Менск, дзе нарэшце Аляксандру Дайлідовічу-старэйшаму ўдалося атрымаць надзвычай добрае месца канторшчыка Маскоўска-Брэсцкай чыгункі.


Алесь Дудар. Фото: архив Левона Юревича

Чыгуначнікі, тагачасная працоўная эліта, жылі заможна. Дайлідовічы знялі добрую трохпакаёвую кватэру на вуліцы Правадной, што злучала рэйкі Лібава-Роменскай і Маскоўска-Брэсцкай чыгунак (гэтая вуліца ішла паралельна сучаснай вуліцы Фабрыцыўса і цяпер не існуе). У 1914 годзе, дзякуючы субсідыі, выдадзенай супрацоўнікам чыгункі, аддалі сына вучыцца ў самую дарагую на той час прыватную гімназію горада — гімназію Фальковіча і Зубакіна.

У адным класе з Шуркам Дайлідовічам вучыліся сыны піўнога магната Лекерта і мануфактуршчыка Годэра, нашчадкі знакамітых шляхецкіх родаў Радзевічаў, Гудовічаў і Доўнараў-Запольскіх, сын заснавальніка гімназіі Іван Зубакін — і дзеці сялян, служачых чыгункі Захарэвічаў, Юраноў і Міклашэўскіх. У гімназію, згодна з яе статутам, прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў і веравызнанняў, таму побач з сынам селяніна, праваслаўным Алесем Дайлідовічам, за партамі сядзелі мусульмане, католікі, іўдзеі. Заснавальнікі гімназіі, выпускнік гістарычна-філалагічнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Сяргей Зубакін і менскі фатограф Канстанцін Фальковіч, які скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут, імкнуліся захоўваць імідж найлепшай навучальнай установы ў Менску: асабісты будынак у цэнтры горада (цяпер у ім гістарычны факультэт БДУ), невыпадковыя настаўнікі, строгая дысцыпліна.

Але ў 1915 годзе гімназія зачыняецца — ідзе Першая сусветная вайна, да горада набліжаецца фронт. Сем'і чыгуначнікаў арганізавана эвакуіруюць углыб Расійскай імперыі, і Вольга Іванаўна разам з Шуркам і яго нованароджанай сястрычкай Жэняй распачынаюць цяжкі шлях бежанцаў. Тры гады яны пражывуць у нумары казлоўскай гасцініцы «Трансвааль», аддадзенай пад прытулак для бежанцаў. Тры гады Алесь Дайлідовіч будзе вучыцца ў Казлоўскай класічнай мужчынскай гімназіі. У сямейнай бібліятэцы Дайлідовічаў захавалася нямецкая хрэстаматыя, па якой вучыўся чацьверакласнік Шурка. На асабістым штампе, якім гімназісты адзначалі свае кніжкі, у прозвішчы Дойлидович патрэбнае ў рускім правапісе першае «о» ўпарта перапраўлена на «а». Як ні дзіўна, менавіта там, у Казлове (сёння — Мічурынск Тамбоўскай вобласці) Алесь Дайлідовіч упершыню бачыць друкаванае па-беларуску слова:

«Найбольшае ўражаньне на мяне зрабіла газета „Пятніца“, якая выпадкова папала неяк у чытальню Казлоўскага гарсавету, дзе я быў штодзённым госцем. Яна зрабіла на мяне ўражанне непаўтарымае і з боку зместу, і з боку формы (мовы) — гэта было для мяне нешта новае і адначасна даўно знаёмае і зразумелае. Гэты нумар газеты я па несвядомасці сваёй скраў з чытальні і ён у мяне захоўваўся некалькі гадоў».

Напачатку 1918 года сям’я вяртаецца ў Менск на Правадную.

Дакладна невядома, як жылі Дайлідовічы падчас польскай акупацыі. Відавочна, Аляксандр Станіслававіч працягваў працаваць на чыгунцы, маці Вольга Іванаўна займалася хатняй гаспадаркай, Шурка, здаецца, хадзіў у нейкую школу, праўда, ніякіх праўдападобных дакументаў аб гэтым не захавалася, і архіўныя росшукі ў тагачаснай школьнай дакументацыі пакуль нічога не далі.

Мо дрэнна захоўваліся архівы за польскім часам, а можа, не надта ён туды і хадзіў - пасля дзвюх класічных гімназій што магла даць цікаўнаму падлетку школа другой ступені? Здаецца, з 1918 года Алесь Дайлідовіч найперш спадзяецца на самаадукацыю — менавіта ў гэтыя гады ён пачынае збіраць хатнюю бібліятэку, памеры якой і сёння яшчэ ўражваюць: тут расійская і сусветная класіка, белетрыстыка французская і нямецкая на мовах арыгінала, кнігі па тэорыі літаратуры, слоўнікі, моўныя самавучыцелі, зборнікі архіўных дакументаў і гістарычныя альманахі - пасля вобыскаў 1930-х, маштабнай канфіскацыі ДПУ (организация, предшественник НКВД. — Прим. TUT.BY), вайны і пасляваеннай галечы бібліятэка налічвае амаль тысячу тамоў ахайна падабранай і скамплектаванай літаратуры гуманітарнага кірунку.

З Пухавіч у Мінск — пехатой


Поэты Язеп Пуща (слева) и Алесь Дудар (справа). Фото: фонды БДАМЛМ

У 1921 годзе ў газеце «Савецкая Беларусь» з’яўляюцца першыя вершы шаснаццацігадовага паэта, які бярэ сабе амбіцыйны і гучны псеўданім Дудар: улетку і ўвосень вершаў апублікавана чатыры. Але потым настае перапынак — малады паэт адпраўляецца ў вандроўку ажно на паўтары гады.

Ягоны сусед па доме на вуліцы Правадной — дзверы ў дзверы, у Дайлідовічаў кватэра нумар два, у яго пад нумарам тры — былы чыгуначнік Лібава-Роменскай, а цяпер — кіраўнік невялічкай сямейнай тэатральнай трупы, якая вандруе па вёсках і дае спектаклі. Так-так! Гэта ён, Уладзіслаў Галубок! Як толькі перад маленькай трупай паўстае пытанне пашырэння, Галубок робіць прапанову Дудару далучыцца да тэатральных вандровак — вельмі прыдасца трупе прыгожы, начытаны, вясёлы юнак, асабліва нічым не заняты, які рос побач і вядомы Галубку ўва ўсіх сваіх выгодах і хібах.

Да восені 1923 года Алесь Дудар — акцёр вандроўнага тэатра. Мы нічога не ведаем, на жаль, пра пастаноўкі, у якіх удзельнічаў Алесь Дудар, пра ролі, якія ён, магчыма, іграў. Але мы ведаем адну гісторыю, якая нарабіла шуму ў Менску, бо ўспамінае яе кожны, хто піша пра тэатар Галубка: аднойчы па справах тэатра Дудар апынуўся ў Пухавічах і, не маючы грошай на білет да Менска, вярнуўся пехатою — а гэта восемдзесят вёрст!

Менавіта з гэтай вандроўкі Алесь Дудар вяртаецца сапраўды беларускім паэтам — загартаваным у сваёй упартай і бескампраміснай любові да роднай краіны, яе мовы і культуры, яе самабытнага шляху да будучыні.

Барацьба з зрусіфікаванай полацкай прэсай і нараджэнне паэта


Алесь Дудар (смотрит в сторону) во время военных сборов студентов БГУ. 1928 год

У 1923 годзе Дудара запрашаюць у газету «Савецкая Беларусь» — спачатку пазаштатным аўтарам, потым — на пасаду літсупрацоўніка. Адначасова паэт паступае ў БДУ на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне — але, правучыўшыся першы курс і здаўшы «без хвастоў» дзве сесіі, ён папросту не з’явіцца на далейшую вучобу: «Нестае часу», — так ён патлумачыць самаўзяты акадэмічны адпачынак.

Часу яму сапраўды нестае. У лістападзе 1923 года шасцёра маладых літаратараў - Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Адам Бабарэка, Язэп Пушча, Міхась Чарот, Андрэй Александровіч — аб’яўляюць аб нараджэнні літаратурнай арганізацыі, якая з наступнага года пачне іменавацца Усебеларускім аб’яднаннем паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк».

У сакавіку 1925-га па заданні Цэнтральнага Бюро Алесь Дудар выязджае ў Віцебск і Полацк дзеля заснавання рэгіянальных філій і арганізацыі работы ў іх. Паколькі «Маладняк» — справа бясплатная, Дудара «прымацоўваюць» да рэдакцыі газеты «Полоцкий пахарь» — тут, на пасадзе тэхнічнага сакратара, малады і бескампрамісны паэт вядзе жорсткую барацьбу за беларусізацыю цалкам зрусіфікаванай полацкай прэсы. Нават па вяртанні ў Менск ён яшчэ будзе друкаваць у «Савецкай Беларусі» з’едлівыя саркастычныя артыкулы пра «недабеларушчыну» «Полоцкого пахаря».

У 1925 г. нарэшце выходзяць адзін за адным зборнікі вершаў ужо знакамітага на той час паэта, жаданага госця літаратурных вечарынаў і дыспутаў, гаспадара маладнякоўскіх чытанняў Алеся Дудара. Зборнік «Беларусь бунтарская» амаль цалкам складзены з вершаў грамадзянскай тэматыкі, якая і потым будзе адной з самых заўважных у творчасці паэта, другі ж — «Сонечнымі сцежкамі» — шчыра і шчодра адкрывае перад намі ўнутраны свет маладога, закаханага ў жыццё хлопца, усім сэрцам адданага эпохе пераменаў, якія абавязкова — да лепшага.

І як жа хутка гэтая абсалютная ўпэўненасць змяняецца не тое каб расчараваннем — але ж сумам, неразуменнем, разгубленасцю наступнага зборніка, які выходзіць у 1926 г. і адразу выклікае шквал крытыкі - якраз за гэтае, за сум і разгубленасць.

Я ня знаю, што будзе заўтра:

Мне сягоньня — апошняй мяжой;

Дні стаяць сталёваю вартай

Паміж будучынай і мной.

Рызыкоўна было прызнавацца ў гэтым пралетарскаму паэту, які абавязаны быў верыць у светлае «заўтра» і ўслаўляць ягоны прыход. «І залацісцей, і сталёвей» — зборнік, у якім маладая «бурапена», юнацкая спроба сваёй паэтычнай моцы, першапачатковая гульня ў словы і вобразы саступае месца сапраўднай паэзіі - шчырай, эмацыйнай, па-мастацку вытрыманай.

Літаратурныя баталіі і вандроўка ў Сібір

Слева направо: поэты Алесь Дудар, Владимир Дубовка, Михась Чарот. Фото: фонды БДАМЛМ

Менавіта з 1926 года ў публічнай беларускай прасторы распачынаецца жорсткая літаратурная дыскусія, якая будзе доўжыцца ажно да 1929 года, пакуль бальшавікі не спыняць увогуле ўсе магчымыя дыскусіі. Пасля раскола «Маладняка» і ўтварэння літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша» барацьба паміж двума аб’яднаннямі прымае часам недазваляльны характар: абодва бакі вінавацяць адзін аднаго ў адыходзе ад пралетарскай лініі, ва «ухілах» і «нацдэмаўшчыне», пераходзяць на асобы, кпяць з магчымага і немагчымага, а часам наўпрост абражаюць удзельнікаў літаратурнага працэса — усё гэта горача, жорстка, наводмаш, цалкам адпаведна характарам завадатараў «бойкі»: Уладзіміра Дубоўкі і Алеся Дудара.

Апошні ў гэтай дыскусіі выступае пад адмысловым псеўданімам, узятым ім дзеля працы ў крытычнай галіне, — так зяўляецца адзін з самых палымяных і вострых крытыкаў міжваеннага часу Тодар Глыбоцкі. У 1928 годзе выходзіць нават кніга — зборнік крытычных артыкулаў Глыбоцкага пад агульнай назвай «Пра літаратурныя справы», першы такі вопыт у маладой беларускай крытыцы. Сярод абуральных і нават недазваляльных з этычнага боку артыкулаў, скіраваных супраць «Узвышша», у гэтым зборніку знайшлі месца сапраўды сур’ёзныя крытычныя разборы паэзіі Паўлюка Труса, Тодара Кляшторнага, артыкулы, прысвечаныя агульнаму становішчу маладой беларускай літаратуры, — і ў іх выразна бачны індывідуальны творчы почырк таленавітага крытыка, пільнае вока ўважлівага чытача і строгая сістэма каштоўнасцяў прыроджанага філолага.

У 1927 годзе Алесь Дудар разам з Анатолем Вольным з’дзяйсняюць смелую задуму: яны едуць у Сібір у пошуках беларускіх вёсак, арганізаваных напачатку стагоддзя беларусамі-перасяленцамі. Найперш паэтаў хвалюе, ці ёсць у тамтэйшых беларусаў магчымасць чытаць і вучыць дзяцей па-беларуску. Ваколіцы Навасібірска і Іркуцка, Кругабайкальская чыгунка і аддаленыя пасёлкі вакол Байкала — усё гэта пабачана на свае вочы і строга праінспектавана па пытаннях беларусізацыі. Вынікам паездкі стануць беларускія бібліятэкі, скамплектаваныя сібірскімі беларусамі з кніг, прывезеных паэтамі, а таксама падрабязны ліст Дудара і Вольнага у ЦК КПБ са справаздачай і прапановамі. Ліст гэты меў і адміністратыўны вынік: спецыяльнай пастановай ЦК быў зацверджаны план па беларусізацыі адукацыі ў перасяленскіх вёсках.

У тым самым годзе Алесь Дудар, Анатоль Вольны і Андрэй Александровіч выдаюць першы беларускі падлеткавы прыгодніцкі раман — «Ваўчаняты». Не надта складаны па сюжэце і не вельмі апрацаваны па-мастацку, ён становіцца ўлюбёным чытаннем беларускай дзятвы: за два гады «Ваўчаняты» вытрымліваюць пяць (!) перавыданняў.

Высылка з Беларусі


Анкета Алеся Дудара, члена литобъединения «Маладняк». Аўтограф. 1925 год

Здаецца, звонку жыццё ідзе светлым шляхам: Алесь Дудар вяртаецца на другі курс БДУ, уваходзіць у склад творчай групы «Полымя», выпускае зборнік вершаў «Вежа» і кнігу апавяданняў «Марсельеза», нарэшце прыводзіць у свой пакой на вуліцы Правадной маладую, даўно каханую дзяўчыну: пасля двух гадоў палымяных заляцанняў пагаджаецца стаць ягонай жонкай прыгожая і таленавітая паэтка-«маладнякоўка» Наталля Вішнеўская.

Але ж у гэты самы час паглыбляецца ўнутраная супярэчнасць. Паэт выразна адчувае, як павольна, але неадменна згортваецца тая дзяржаўная палітыка, у якую ён верыў і дзеля якой быў гатовы трываць нязручнасці паэтычнага існавання ў савецкай краіне: Беларусь становіцца выразна небеларускай. На працягу 1927−1928 гадоў Алесь Дудар — зацяты барацьбіт за беларушчыну на Беларусі: самыя вострыя публіцыстычныя выступы канца дваццатых — і «тэатральная дыскусія», падчас якой сцвярджалася права беларускага тэатру на свой, беларускі рэпертуар, і «ліст трох», у якім пісьменнікі-студэнты пратэставалі супраць фіктыўнай беларусізацыі БДУ — маюць аўтарам найперш Алеся Дудара.

Менавіта ў 1928 годзе з’яўляюцца і тыя вершы, якія пісаліся свядома не для друку, бо відавочна не маглі быць надрукаванымі. Сучаснікі Дудара ведалі іх па рукапісных копіях, нашчадкі - па копіях, знятых гісторыкам Уладзімірам Міхнюком у часова адчыненых архівах КДБ: «Цені блудзяць па твары…», «Я радзіўся за хатай пад плотам…» і легендарны «Пасеклі край наш папалам…» — наймацнейшыя ўзоры грамадзянскай лірыкі, нечуваныя і немагчымыя ў тагачаснай беларускай літаратуры.

Пасеклі Край наш папалам,

Каб панскай вытаргаваць ласкі.

Вось гэта — вам, а гэта — нам,

Няма сумлення ў душах рабскіх. (…)

Мы не шкадуем мазалёў.

Мы за чужых праклёны роім,

Але без торгу і без слоў

Мы аддаем сваіх герояў.

Але і тое, што па недаглядзе цэнзуры друкавалася, з галавой выдавала цяжкія разважанні паэта над складанай, бязлітаснай эпохай, у якую давялося жыць: вершы «Стары лясун» і «Зварот», апавяданне «Вецер з Усходу» далі падставу крытыкам аб’явіць Дудара ці не галоўным ворагам рэвалюцыі і ўлады.

У сакавіку 1929 года Алесь Дудар быў першы раз арыштаваны, а 1 красавіка высланы на тры гады ў Смаленск. Ягоны чарговы зборнік «Чырвоная сталіца», здадзены ўжо ў друкарню, быў літаральна зняты з машыны і знішчаны. Прозвішча ягонае выкрэслівалася з вокладак часопісаў, кнігі пакрысе знікалі з бібліятэчных паліц. У 1930 годзе ў высылцы Алесь Дудар будзе арыштаваны паўторна і этапаваны ў менскую турму — разгортвалася следства па сфабрыкаванай справе так званага Саюза вызвалення Беларусі, па якой 108 беларускіх дзеячоў беларускай культуры былі арыштаваны. Алеся Дудара прымусяць напісаць пакаянны ліст і антынацдэмаўскі верш — і адправяць дабываць высылку па першым прыгаворы.

***

В 1932 году Алесь Дудар вернется в Минск. О последних годах его жизни и переводе «Евгения Онегина» Анна Северинец уже рассказывала TUT.BY.

Добавим, что если средства на книгу «(Не)расстраляныя» будут собраны, инициаторы проекта обещают осуществить театральную постановку по одному из произведений белорусской литературы 1930-х.

←«Сожскі карагод»: у коллектива народного танца «Аксаміт» диплом 3-й степени!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика