Народны фальклорны калектыў “Каліна” Талмачаўскага сельскага дома фальклору добра ведаюць у раёне.
Бярэ свой пачатак “Каліна” з 1985 года. Узнік калектыў на аснове сямейнага калектыву Дарошкаў: бацькі – Дарошка Аляксея Іванавіча, які працаваў загадчыкам мясцовага сельскага клуба, яго жонкі — Праскоўі Навумаўны і іх дзвюх дачок — Веры і Алены. Праз нейкі час да іх далучыліся самыя “пявучыя” галасы вёскі Талмачава. Яны і зараз складаюць аснову гурта. Людзі ў калектыве розных прафесій і ўзростаў, але ўсіх іх аб’ядноўвае любоў да песні, да мясцовых звычаяў і абрадаў.
Са сваімі яркімі і вобразнымі танцамі, гульнямі і песнямі народны гурт удзельнічаў у фестывалі фальклору “Палескі карагод” у горадзе Пінску, прымаў удзел у аглядзе-конкурсе фальклорных сямейных калектываў “Пад дахам дома майго” ў горадзе Брэсце, у праграме Беларускага тэлебачання “Мой лёс, мая надзея”.
У 1995 годзе пайшоў з жыцця заснавальнік калектыву – Аляксей Іванавіч Дарошка. Але гурт не распаўся, людзі прадоўжылі пачатую ім справу. У яго гонар гурт пачаў насіць назву любімай песні “Каліна”.
Адноўлены і паказаны на раённай сцэне абрады “Гуканне вясны”, “Вяселле”, “Шчадрэц”. Фальклорны калектыў і зараз папаўняе свой рэпертуар старадаўнімі песнямі і гульнямі. Найбольшая колькасць з іх запісана ад Гананайка Алены Яфімаўны. У рэпертуары калектыву налічваюцца больш за 150 мясцовых песень, абрадаў, танцаў, гульняў.
У 1998 годзе калектыў атрымаў званне “Народны самадзейны калектыў”, дастойна носіць гэтае званне па жыцці, а нядаўна пацвердзіў. Справаздачная праграма адбылася ў вёсцы Гарадная падчас VI Міжнароднага пленэру ганчароў.
Гурт “Каліна” — удзельнік абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2017” і рэгіянальнага свята традыцыйных зімовых абрадаў “Конікі” ў г. Давыд-Гарадку, раённага свята журавін у в. Альманы. Творчы калектыў зладжана працуе з аўтаклубам, вядзе работу па адраджэнні, захаванні і прапагандзе мясцовага фальклору.
Нядаўна гурт “Каліна” Талмачаўскага сельскага дома фальклору пацвердзіў ганаровае званне “Народны”.
Галіна ГАШЧУК
Фота аўтара