Праз тыдзень на Брэстчыне ў горадзе Іванава адбудзецца Дзень беларускага пісьменства 2 верасня тут пройдзе шэраг мерапрыемстваў, якія збяруць удзельнікаў са ўсёй краіны.
Асноўная ідэя свята застаецца нязменнай з 1994 года, калі яго ўпершыню адзначылі шырока ў Полацку – захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі, прапаганда нацыянальных культурных традыцый, доказ іх узаемасувязі са славянскімі вытокамі і сённяшнім днём, падтрымка імкнення да чытання і кнігадрукавання.
Дзе толькі не пабываў за апошнія гады дзень айчыннага пісьменства. Тройчы свята прымаў Полацк, двойчы — Тураў і Заслаўль. Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глубокае, Щчучын, Рагачоў: геаграфія вельмі шырокая. Ва Мсціслаў у 2001 годзе нават завітаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. А у 2013 годзе свята прайшло ў нашым Быхаве. Зараз на чарзе Іванава.
Даведка “МП”
Іванава знаходзіцца ў сэрцы Заходняга Палесся, каля мяжы з Украінай. Гісторыя горада пачынаецца з XV стагоддзя. Гарадок у розныя часы быў часткай Вялікага княства Літоўскага, належыў польскім каралям, а затым Шуйскім, Ажэшкам, Дмукоўскім.
Тут ваяваў Сувораў, край закранула вайна 1812 года, Першая міравая і, канечне, Вялікая Айчынная вайна.
У 1965 годзе Іванава стаў цэнтрам раёна, а праз пяць год набыў статус горада.
Вядомыя землякі іванаўцаў – мастак і кампазітар Наполеон Орда, першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, род Дастаеўскіх пайшоў з мясцовай вёскі Дастоева. У горадзе адкрыта адзіная ў краіне школа бондарства, працуе ўнікальны музей народнай медыцыны.
Апошнім часам тыя гарады, што становяцца месцам правядзення Дня беларускага пісьменства, атрымліваюць новы імпульс у сваім развіцці. Так было ў Быхаве ў 2013, працягваецца гэта традыцыя і сёння.
Напачатку свята штогод праводзіцца Міжнародны круглы стол з удзелам замежных літаратараў. Сёлета яго тэма — “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”. Таксама традыцыйным стаў Рэспубліканскі конкурс юных чытачоў “Жывая класіка”. Дарэчы, упершыню ён адбыўся менавіта ў Быхаве ў 2013 годзе.
Непасрэдна 2 верасня ў Іванава адбудзецца адкрыццё памятнага знака, на галоўнай сцэне ў цэнтральным парку пройдзе мастацкая тэатралізацыя “Малой радзіме пакланюся!”, уручэнне ”Нацыянальнай літаратурнай прэміі“. Увечары адбудзецца канцэрт “Льецца песня над Палессем”.
Адначасова на вуліцах горада будзе разгорнуты святочны гандаль, запрацуюць Фестываль кнігі і прэсы, пляцоўкі майстроў народнай творчасці, мастакоў.
А эстафета па правядзенню наступнага Дня беларускага пісьменства будзе перадана Слоніму.
Ягор ГАМАЮН.