"Казкі старога Адамкова": як чытачы дапамаглі выдаць дзіцячую кнігу пра Брэст
Маладая пісьменніца Наталка Харытанюк напісала кнігу для дзяцей «Казкі старога Адамкова». Героі гісторый жывуць не ў далёкім трыдзявятым царстве і нават не ў трыдзясятай дзяржаве, а зусім блізка — у брэсцкім мікрараёне «Рэчыца». Месца абрана невыпадкова — менавіта тут Наталка правяла сваё дзяцінства, паведамляе "Зара".
Кніга стала супольным праектам пісьменніцы з Брэста і ілюстратара з Мінска Волі Кузьміч. Выдаць яе атрымалася дзякуючы папулярнай краўдфандынгавай пляцоўцы «Talaka». Што дзіўна — патрэбная сума была сабрана ўжо на трэці дзень пасля старту праекта. У выніку атрымалася назапасіць цэлых 120% запланаваных сродкаў!
— Паколькі грошай атрымалі больш, чым планавалі, мы вырашылі зрабіць акцэнт на ілюстрацыях. Хацелася, каб тэксту на старонках было мала, а прамаляванай казкі - шмат, — расказала Наталка Харытанюк. — Бо нават добрую гісторыю можна сапсаваць дрэнным афармленнем. А для дзяцей так важны малюнкі.
У зборнік увайшлі тры пацешныя гісторыі пра дзяцінства пісьменніцы і яе старэйшага брата Кастуся — «Кастусь за шпалеркай», «Два камякі бруду» і «Кветка старога двара». Усе яны размясціліся пад цвёрдай вокладкай фармату А4 на 44 шчыльных старонках. Кожны разварот цешыць маленькіх чытачоў вялікімі яркімі ілюстрацыямі. Малюнкі можна разглядаць вельмі доўга — мастачка Воля Кузьміч дадала некалькі цікавых дэталяў, якія не адносяцца да сюжэту, але падымаюць настрой маленькім чытачам. Напрыклад, са старонкі на старонку вандруе зграйка гарадскіх галубоў, раз-пораз трапляючы ў розныя гісторыі.
— Дарагая майму сэрцу Воля Кузьміч так малюе мой родны двор і мяне ў ім, што ўсё ўнутры растае, — прызналася Наталка.
Рэдактарам кніга выступіла паэтка Марыя Мартысевіч, а карэктарам — паэтка і спявачка Галіна Сіўчанка. Аўтар выказвае ім вялікую ўдзячнасць за іх карпатлівую працу і далікатнасць у абыходжанні з тэкстам.
Галоўным натхненнем для Наталкі з’яўляецца яе сын. Як толькі хлопчык навучыўся гаварыць, адразу ж стаў прасіць бацькоў, каб тыя расказвалі яму цікавыя гісторыі. Тата Ігар накіроўваў малога ў свет, напоўнены Цмокам, русалкамі і прывідамі. А Наталка ўспамінала сваё вясёлае дзяцінства і дапаўняла яго казачнымі дэталямі. Напрыклад, у адным з апавяданняў маленькая гераіня з’ядае цыбуліну каралеўскай лілеі і, да свайго велізарнага здзіўлення, выяўляе, што пачынае пускаць карані! А ў іншай казцы Кастусь выпадкова ўрастае ў сцяну, памяняўшыся з ёй малекуламі, а Наталцы даводзіцца даведацца, што такое дыфузія.
— Мне падабаюцца добрыя казкі, у якіх персанажы знаходзяць памочнікаў і робяцца лепшымі, вучацца пераадольваць негатыўныя эмоцыі, — адзначыла пісьменніца.
Па кнізе «Казкі старога Адамкова» быў зняты буктрэйлер. Мультыплікацыйны ролік можна ўбачыць на папулярным відэахостынгу Youtube.
— Хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто падтрымаў наш праект! Асобная падзяка ўсім фундатарам (асабліва Ігару Жабароўскаму, кампаніі «Цесляры» і арганізацыі «Symbal.by»), пляцоўцы «Талака» і выдавецтву «ЛогвінаЎ», — выказала ўдзячнасць Наталка Харытанюк.