У Войстаме жыве “прасунуты” дзядуля, які не толькі піша, але яшчэ і сам выдае свае кнігі

Источник материала:  
Калі знаёмы апавядаў, што ў аграгарадку Войстам жыве цікавы “прасунуты” дзядуля, які не толькі піша, але яшчэ і сам выдае свае кнігі, я толькі скептычна ўсміхалася. Уяўленне малявала самвыдатаўскія, неахайна сшытыя стэплерам аркушы з прымітыўнымі тэкстамі. Апынуўшыся ў тым баку Смаргонскага раёна, дзе ён мяжуе з Вілейшчынай, зазірнула да мясцовага “выдаўца”. На добрыя паўгадзіны ў мяне проста адняло мову, калі гаспадар паказаў уласнаручна напісаныя, звярстаныя, акуратна прашытыя і “апранутыя” ў цвёрдую вокладку кнігі.

У Войстаме жыве “прасунуты” дзядуля, які не толькі піша, але яшчэ і сам выдае свае кнігі

Ізноў згадалася ўстойлівае выслоўе, што ў Беларусі на кожнай печы вясковай хаты сядзіць або паэт, або празаік. Мар’ян Дзевяцень не прэтэндуе на званне літаратара, кажа, што ніколі раней ні вершаў, ні апавяданняў не пісаў, нават у гады рамантычнага юнацтва. Праўда, некаторыя яго землякі згадваюць, што гадоў 30 таму час ад часу мясцовыя жыхары знаходзілі ў сваіх падворках вершаваныя ўлёткі, у якіх жартаўліва і неабразліва выкрываліся асобныя недахопы ці нетыповыя паводзіны войстамскіх дзецюкоў і паненак. Хто на такое здольны, большасці было зразумела, але, як кажуць, за руку не злавілі… А трапіўшыя на вострае пяро мясцовага сатырыка, мусілі выпраўляцца, каб не быць асмеянымі яшчэ раз.

Не сакрэт, што, каб добра сачыняць, неабходна шмат чытаць. А наш герой вельмі любіў гэту справу. І хоць сялянскае жыццё, насычанае спрадвечнымі клопатамі па гаспадарцы, пакідала мала вольнага часу, ён выкройваў хвіліны ў напружаным графіку калгаснага вадзіцеля і ўладальніка вялікай прысядзібнай гаспадаркі, каб атрымаць асалоду ад чытання. А недзе на дне душы выспявала сапраўдная сутнасць яго асобы – лірычная, эмацыянальная, уражлівая.

Ён – прадстаўнік таго пакалення, чые мірныя жыццёвыя планы скарэктыравала вайна, адсунуўшы на гады магчымасць атрымаць адукацыю, авалодаць абранай прафесіяй. У 19 гадоў закончыў войстамскую дзесяцігодку, вучыўся ў Жыровіцкім тэхнікуме, быў прызваны на вайсковую службу. Быў камандзірам так званага хімічнага аддзялення пры аэрадроме, асвоіў прафесію вадзіцеля, што пасля дэмабілізацыі памагло атрымаць добрую работу ў калгасе. З’язджаць некуды з родных мясцін Мар’ян Дзевяцень жадання не меў, бо тая яго сутнасць, якая выспявала ў падсвядомасці, не магла развітацца з маляўнічымі краявідамі, што атулялі родную вёсачку Навасады, утульна размешчаную на зліцці рэчак Зусты і Сляглянкі.

Любоў да кнігі не перамаглі аніякія жыццёвыя цяжкасці і трагедыі. Кніга яго ратавала, вучыла, была дарадцам і глытком свежага паветра. Калі трагічна загінула каханая жонка, пакінуўшы яго з двума дочкамі (меншая толькі пайшла ў першы клас) і ўсе жаночыя клопаты ляглі на яго спіну, пераадолець выпрабаванні дапамагалі яго працавітасць, пачуццё адказнасці і яшчэ кніга. Там, дзе слабакі збягаюць ад рашэння праблем у алкагольны тлум, ён мужна і вартасна выконваў свай бацькоўскі абавязак, не цураўся аніякай работы. Дарэчы, Мар’ян Антонавіч з тых людзей, якія не любяць павярхоўнасці, абыякавасці – калі бярэцца за справу, то робіць добрасумленна, дбайна, якасна, акуратна.

Пабудаваны яшчэ ў 1965 годзе дом і сёння выглядае дыхтоўна, утульна; падворак і гаспадарчыя пабудовы дагледжаныя; на пчальніку вуллі з меданоснымі пчолкамі, спеўнае гудзенне якіх так любіць слухаць гаспадар. У пуні захоўваюцца рарытэты, зробленыя некалі яго майстэрскімі рукамі: такарны і свідравальны станкі, шматлікія прыстасаванні, што часцяком запатрабаваны ў гаспадарцы. Да яго часцяком наведваліся суседзі з просьбай нешта адрамантаваць, выпіліць, выстругаць. Яшчэ леташняй восенню зрабіў Мар’ян Дзевяцень пад заказ тумбачку. Рукі просяць работы, а жывы зацікаўлены розум па сёння шукае сабе занятак. Аднак, як пісаў паэт-сатырык, гады бяруць сваё, а нам пакідаюць наша. Сілы ў руках і нагах усё менш, затое светлы і прагны да новага розум здольны асвойваць сучасныя тэхналогіі, якія для сталага чалавека даўно не ноу-хау.

Мар’ян Антонавіч у свае 83 гады асвоіў паліграфічную справу, праграмы набору і вёрсткі, аперацыі складанай фальцоўкі і сшывання асобных сшыткаў у кніжны блок. Ён не мае паліграфічнага абсталявання, але, дазнаўшыся пра асновы друкарскай справы, стварае кніжкі кустарным спосабам. Праўда, так акуратна, што не адразу здагадаешся пра нефабрычны варыянт выдання. Напісаныя доўгімі зімовымі вечарамі вершы і мастацкія творы ён не прапаноўваў выдавецтвам ці альманахам. Толькі аднойчы паслаў на радыё сваё эсэ, якое неўзабаве прагучала ў эфіры. А наогул піша, як сам прызнаецца, каб мець занятак і пакінуць штосьці каштоўнае сваім нашчадкам: дзецям і ўнукам.

Ва ўзросце мудрасці адкрываюцца іншыя жыццёвыя каштоўнасці, і яны, адлюстраваныя ад уласнага вопыту, занатоўваюцца на аркушах, што абагульнены пад вокладкамі дзвюх кніжак: “Памяць сэрца” і паэтычным зборніку “Роднымі сцежкамі”. Пра ўсё, што яго хвалюе, чым занепакоена яго сэрца, піша аўтар. Гэтыя самадрукі – не толькі своеасаблівы летапіс войстамскай зямлі, у якім занатаваны імёны, прозвішчы, мянушкі мясцовых жыхароў, працаўнікоў колішняга калгаса, цікавыя моманты ранейшага жыцця, штодзённыя заняткі вяскоўцаў, гульні дзетвары і моладзі. У іх душэўны стан, лірічны настрой, праявы менталітэту сапраўднага беларуса, сына сваёй зямлі, прыстойнага чалавека Мар’яна Дзевятня.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.

 

←В Ирландии медсестра ослепла из-за ношения линз в жару

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика