Пабачыла свет новая кніга, якая прысвечана спеўнаму і музычнаму майстэрству нашых землякоў – жыхароў вёскі Чухава.

Источник материала:  
>

Літаральна на днях пабачыла свет новая кніга, якая прысвечана спеўнаму і музычнаму майстэрству нашых землякоў – жыхароў вёскі Чухава. Аўтарамі выступілі Аляксей і Ягор Ненадаўцы.

Пабачыла свет новая кніга, якая прысвечана спеўнаму і музычнаму майстэрству нашых землякоў – жыхароў вёскі Чухава.

У кнізе «Спеўная вёска Чухава» падаюцца сямейныя і каляндарныя абрады, якія найчасцей суправаджаліся шматлікім песенным выкананнем, самабытным музычным афармленнем. Тэксты песень запісаны ад вяскоўцаў згаданага населенага пункта ў розныя гады і ў самых розных абставінах. Пад адной вокладкай сабраны вясельныя песні, каляндарныя абрады і песні, дзіцячыя гульні, распавядаецца пра асаблівасці вясельнага абрада, надаецца ўвага і іншым фальклорным жанрам. Асобны раздзел прысвечаны вясковым музыкам, тром гарманістам, якім выпала весяліць чухаўцоў у 30-90-я гады мінулага стагоддзя. У кнігу ўведзены шматлікія фотаздымкі, якія лішні раз гавораць пра непаўторнасць святочнага і будзённага жыцця ў Чухава. Кніга стала працягам двух папярэдніх выданняў «Чухава. Фальклорна-этнаграфічны нарыс» і «Бацькоўская хата».

Мы сустрэліся з Аляксеем Міхайлавічам Ненадаўцом у яго роднай вёсцы Чухава, куды вядомы фалькларыст, літаратуразнаўца, краязнаўца, педагог заўсёды з задавальненнем прыязджае ў вольны час, і паразмаўлялі пра новую кнігу.

Пабачыла свет новая кніга, якая прысвечана спеўнаму і музычнаму майстэрству нашых землякоў – жыхароў вёскі Чухава.

А.М. Ненадавец

– Спеўнасць – гэта частка душы палешука, яна з’яўляецца ў яго разам з нараджэннем. Чухаўцы тут не выключэнне. Наадварот, усім сваім жыццём, ладам і ўкладам жыцця яны лішні раз пацвярджаюць усё гэта. Яны ж спявалі заўсёды. Калі толькі пачынаеш аналізаваць, то аказваецца, што і прычыны асаблівай не трэба было: «От, нішчо душа заспывала, то і потягнуло голос до пісні». На вялікі жаль, у сённяшнія часы вельмі рэдка пачуеш сапраўдную народную песню, маю на ўвазе яе аўтэнтычнае выкананне… Задумы гэтай і папярэдніх кніг пра Чухава ўзнікалі не проста так, самі па сабе. Нешта закранала пры разглядзе старых фотаздымкаў, нешта не давала заснуць пасля прачытання даўніх запісаў, нешта расказвалі землякі, а на нешта скіроўваў увагу сын. Так і пісаліся старонкі, прысвечаныя роднаму краю, людзям, іхняй светлай памяці, – расказвае Аляксей Міхайлавіч.

Неабходна адзначыць, што ў творчым набытку доктара філалагічных навук, прафесара А.М. Ненадаўца кніга «Спеўная вёска Чухава» стала пяцідзесятай па ліку! І ў многіх са сваіх работ наш зямляк звярнуў увагу менавіта на Піншчыну і сваю малую радзіму. А як інакш, калі адсюль ідуць яго карані? Вялікі ўплыў на Аляксея Міхайлавіча аказаў яго дзед Уладзімір Фёдаравіч Сыцэвіч, які ведаў некалькі моў, быў цудоўным расказчыкам, добра спяваў, і, канешне, бацькі – Міхаіл Аляксеевіч і Марыя Уладзіміраўна. «Нашы продкі-палешукі былі багатыя і душэўна, і практычна. Яны адчувалі прыроду, жылі ў згодзе з навакольным светам, без смецця ў душы», – гаворыць фалькларыст.

Матэрыялы для новай кнігі, як расказаў Аляксей Міхайлавіч, збіраліся не адзін год. Назапашваліся фотаздымкі, статыстычныя матэрыялы, успаміны вясковых жыхароў. Запісы рабіліся ў розныя гады як Аляксеем Міхайлавічам, так і яго сынам Ягорам. Менавіта ён падбіраў песенныя адзінкі, перапісваў са сшыткаў старэйшых людзей абрады і абрадавыя песні, сартыраваў вялізны фотаархіў з выявамі пэўных вясковых сцэн.

У выніку – чытачы змогуць даведацца пра песенна-музычнае мастацтва чухаўцоў, пра тое, як народныя песні і мелодыі з самага нараджэння ўваходзілі ў іх сэрцы і заставаліся з імі на працягу ўсяго жыцця. Заадно аўтары паспрабавалі прасачыць, як перадавалася ў пакаленнях такая своеасаблівая традыцыя, бо згаданыя песні і мелодыі жылі і працягваюць жыць шмат стагоддзяў.

– На вялікі жаль, час не стаіць на месцы, і многае, пра што распавядаецца ў кнізе, ужо беспаваротна растварылася за смугою стагоддзяў і дзесяцігоддзяў. Таму з кожным новым пакаленнем штосьці аднаўляць, падаваць у першастваральным выглядзе становіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Самае галоўнае заключаецца ў тым, што знікаюць першаносьбіты духоўнай і матэрыяльнай спадчыны, а тое, што моладзь можа пабачыць у музеях, не заўсёды тлумачыць ім першасную існасць з’явы, рэчы ці прадмета, песні ці мелодыі. Шкада, вельмі шкада, што нашым дзецям і ўнукам-праўнукам не давядзецца пачуць аўтэнтычнае выкананне чухаўскіх песень, не паскачуць яны пад заліхвацкія мелодыі чухаўска-ботаўскай музычнай «кумпанійі». Няма тых галасістых жанчын, якія не толькі маглі шчыра працаваць, але і хораша спяваць-выводзіць пры гэтым, няма і мужчын, якія ім зладжана падводзілі ці ігралі-вызвоньвалі, – гаворыць у прадмове да кнігі аўтар.

Аднак многае ўсё ж такі ўдалося захаваць, у тым ліку дзякуючы плённай працы Ненадаўцоў. Аўтары выказваюць шчырую падзяку ўсім інфарматарам, якія напявалі ім тэксты старадаўніх песень. Асобныя словы ўдзячнасці – Пінскаму райвыканкаму і асабіста старшыні В.В. Рэбкаўцу за падтрымку ў выданні кнігі. Яна выйшла ў Пінскай рэгіянальнай друкарні накладам 100 экзэмпляраў. Аўтары адрасуюць сваю працу ўсім тым нашым землякам, хто з замілаваннем адносіцца да сваёй малой радзімы, хто пры першай жа нагодзе вяртаецца да дзяцінства, маленства, юнацтва, праведзеных на ўтравелых вясковых вуліцах.

Не выключана, што праз нейкі час у А.М. Ненадаўца ізноў узнікне задума падаць у пісьмовым выглядзе ды данесці да чытача нешта новае пра чухаўцоў. Тым болей, упэўнены навуковец, яны гэтага вартыя. Яны гэтага заслугоўваюць.

Наталля МІЛЕЎСКАЯ.

Фота аўтара.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика