У Беларусі ёсць гістарычныя мясціны, якія дагэтуль захоўваюць шмат таямніц. І ў гэтым спісе несумненнымі лідарамі з’яўляюцца Нясвіжскі і Мірскі замкі, якія можна смела назваць візітнай карткай краіны. Да таго ж абодва замкі ўваходзяць у Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, што робіць іх прывабным месцам для турыстаў з усяго свету.
Дарэчы, упэўніцца ў гэтым давялося падчас паездкі, арганізаванай галіновымі райкамамі раённага аб’яднання прафсаюзаў праз Столінскі РФСК. Нашу групу складалі работнікі Столінскай ЖКГ, райспажыўтаварыства, торфапрадпрыемства “Глінка”, Бел-аграпрамбанка, ДБПМК-32, хлебазавода, Столінскай цэнтральнай аптэкі, аддзела культуры і рэдакцыі газеты “Навіны Палесся”, прафсаюзныя арганізацыі якіх паклапаціліся пра культурнае развіцццё членаў калектываў. У сваёй большасці многія з нас упершыню пабывалі ў гэтых гарадах, таму з цікаўнасцю лавілі кожнае слова экскурсавода.
Пачалося знаёмства з Нясвіжам з наведвання Касцёла Божага Цела, які з’яўляецца архітэктурным помнікам ранняга барока на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Касцёл узведзены ў 1587-1593 гг. па праекце італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні па фундацыі Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі.
Касцёл таксама з’яўляецца фамільнай крыпта-пахавальняй князёў Радзівілаў.
Нясвіжскі замак быў наступным пунктам нашай экскурсіі. Закладзены ён быў князем М. К. Радзівілам Сіроткам у XVI-XX стагоддзях, з’яўляўся рэзідэнцыяй князёў Радзівілаў. Што толькі не перажыў замак за столькі гадоў! У яго сценах праходзілі пампезныя балі, на якія збіраліся высокія госці з розных краін свету. Напаткалі і войны, шматлікія рабаванні, разбурэнні, пажары. Да 2001 года ў замку знаходзіўся санаторый «Белміжкалгасздраўніца», пасля чаго палац быў перададзены пад апеку Міністэрства культуры Беларусі для правядзення рэстаўрацыі. Маштабная рэканструкцыя была завершана ў ліпені 2012 года, а ўжо да 1 кастрычніка музей зарабіў першы мільён долараў на музейна-экскурсійнай дзейнасці. Яго наведала 431 тысяча чалавек, такім чынам, комплекс заняў першы радок па наведваннях сярод музеяў краіны.
Мірскі замак таксама з’яўляецца турыстычнай мекай пасля рэстаўрацыі, якая распачалася 25 ліпеня 1983 года.
Замак з 1568 года належаў князям Радзівілам, у XIX стагоддзі Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Ён з’яўляецца самым буйным і адзіным не культавым аб’ектам з захаваных нешматлікіх узораў самабытнай беларускай готыкі.
Да таго ж Мірскі замак мае многа легендаў і паданняў. Самая вядомая расказвае, што ў эпоху князёў Радзівілаў паміж Мірскім і Нясвіжскім замкамі быў пракапаны падземны ход, па якім свабодна магла праехаць карэта, запрэжаная тройкай коней. Калі руская армія ў 1812 годзе захапіла Нясвіж, то адданыя радзівілаўскія слугі паспелі схаваць нясвіжскі скарб у падземны лаз і падарваць уваход. Гэтыя скарбы дагэтуль не знойдзены, а сярод іх, як лічыцца, знаходзяцца залатыя постаці дванаццаці апосталаў. Яшчэ ў Міры існуе легенда пра прывід «Белай панны» – Соф’і Святаполк-Мірскай, якую мясцовыя жыхары ласкава называюць Сонечкай.
Кожны з наведвальнікаў бачыць замак па-свойму, спрабуючы перанесціся на стагоддзі ў мінулае.
Можа і вам, паважаныя чытачы, зрабіць сваю вандроўку ў часе?
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара