Беларусь турыстычная: мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», Мінская вобласць

Источник материала:  

Беларусь турыстычная: мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», Мінская вобласць
Расказвае Наталля Санько:

– Для летняга адпачынку кожны выбірае падарожжа на свой густ. Я аддаю перавагу вандроўкам па роднай Беларусі. Да гэтага імкнуся прыву- чыць і свайго сына-школьніка. Падчас сёлетняга адпачынку нам пашчасціла трапіць на Стаўбцоўшчыну, цудоўны і непаўторны Нёманскі край. Кропкай адліку нашага падарожжа сталі мясціны, якія класік беларускай літаратуры Якуб Колас праславіў у сваіх творах.
У склад мастацка-мемарыяльнага комплексу «Шлях Коласа» ўваходзяць сядзібы «Акінчыцы», «Смольня», «Ласток», «Альбуць». З кожнай з іх звязаны пэўны перыяд жыцця паэта. Комплекс арганізаваны на пачатку 1990-х і ўключаны ў філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Коласа «Мікалаеўшчына».
У Акінчыцах 3 лістапада 1882 года ў сям’і Міхала Міцкевіча і Ганны Лёсік нарадзіўся хлопчык, якому зоркамі было наканавана стаць знакамітасцю.

Беларусь турыстычная: мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», Мінская вобласць
«
Тэмы нашых экскурсій розныя. І, зразумела, асноўная – „Калыска паэта“. Таму што ў Акінчыцах месца народзін Якуба Коласа, – расказвае супрацоўнік музея. – У Акінчыцах Колас пражыў усяго чатыры з паловай месяцы. Толькі навучыўся стаяць у манежыку, як бацьку пераводзяць у роднае сяло – Мікалаеўшчыну, – распавядае далей сваячка Коласа. – Там Міцкевічы пражылі два гады. Затым зноў пераезд – бацьку накіравалі ў Ласток, дзе Колас мераў сцежкі-дарожкі пяць дзіцячых гадоў. У 1890 годзе бацьку перавялі ў Альбуць. Ні ў аднаго пісьменніка Беларусі няма музея па яго творах, а ў Якуба Коласа па паэме „Новая зямля“ – альбуцкі музей… У Альбуці бацька Коласа памёр. Сям’і жыць няма дзе. І дзядзька Антось папрасіў дазволу арандаваць княжацкую карчму ў Мікалаеўшчыне. Але яна згарэла. І зноў сям’я засталася без жылля. Тады дзядзька Антось папрасіў дазволу ў князя пабудавацца на карчомнай зямлі. Да карчмы належала зямля ў Смольні. І там пабудавалі хату…

Беларусь турыстычная: мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», Мінская вобласць
Пасля таго як у 1956 годзе Якуб Колас памёр, адразу ж была прынята пастанова Саветам Міністраў БССР аб увекавечанні яго памяці. Вырашылі, што цэнтральны музей будзе ў Мінску, а тут, на радзіме, філіял. І па гэтай пастанове вырашылі адкрыць у Мікалаеўшчыне музей Якуба Коласа. А калі пачалі месца падбіраць, хаты ж ніякай не засталося, дзе жылі б родныя паэта. Таму што Мікалаеўшчына гарэла тры разы: у 1910 і 1936, 1940 гадах. Бо тут ваенныя дзеянні ішлі. Толькі адна вуліца засталася. Яна пад Богам была – там царква стаяла. Вуліца ўсе пажары перажыла…

Беларусь турыстычная: мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», Мінская вобласць
А ў наш час засталася толькі хата ў Смольні, якую пабудаваў дзядзька Антось. Гэта першая ўласная хата Міцкевічаў, бацькоў Коласа. Дык вось, зрабілі ў Смольні першы філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Затым сталі думаць: дзе яшчэ арганізаваць? Вырашылі – у Акінчыцах. Тут месца народзін паэта, і хатка стаяла – копія той, сапраўднай. Яна ж належала лясніцтву. І вырашылі зрабіць тут музей да 100-гадовага юбілею паэта. Ну і пабудавалі, выкарыстоўвалі архівы князёў Радзівілаў, якія добра захаваліся».
У хаце-музеі «Акінчыцы» сабралі некаторыя прадметы сялянскага побыту, рэчы ад родных Якуба Коласа, іншыя экспанаты – аналагічныя тым, якімі карысталіся вяскоўцы і сям’я Міцкевічаў у канцы XIX стагоддзя. Сапраўднае багацце і рарытэт – разец дзядзькі Антося, якім ён вырабляў лыжкі з вішнёвага дрэва. Незвычайную ўласцівасць яно мае: якая б ні была гарачая страва, ніколі не апячэш ні губы, ні язык, ні нёба. Між іншым, разцу дзядзькі Антося 150 гадоў, а можа, і болей!

Беларусь турыстычная: мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», Мінская вобласць
Таксама ўнікальная рэч – ступка дзядзькі Антося, у якой таўклі спецыі. А рарытэты захаваліся дзякуючы брату Коласа – Юзіку, які жыў у Смольні і зберагаў іх. Тут і незвычайныя збаночкі дзядзькі Антося. Іх рабілі з гліны, і каб яны не рассыпаліся ад жару альбо ўдару, дзядзька Антось прыдумаў аплятаць іх дротам. Тады яны служылі даўжэйшы век.
Ну а ля дзвярэй хаты развітваецца з гасцямі драўляны «лакей» – даволі незвычайнае прыстасаванне. З яго дапамогай скідалі абутак.

Беларусь турыстычная: мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», Мінская вобласць
Ласток – месца, дзе Якуб Колас правёў свае раннія дзіцячыя гады. І тут знаходзіцца дом, дзе сапраўды жыла сям'я пісьменніка і ён сам. Гэтаму дому ўжо больш за 130 гадоў.
Побач з гістарычным домам адноўлены гаспадарчыя пабудовы. У Ластку размясцілася літаратурная экспазіцыя па матывах паэмы «Сымон-музыка». Тут копіі рукапісаў паэмы, яе выданні розных гадоў, лісты, дакументы, фатаграфіі паэта 20-х гадоў XX стагоддзя. Тут сям'я Міцкевічаў жыла з 1890 па 1904 год. У гэтым месцы прайшлі дзіцячыя гады пісьменніка, кажуць, што менавіта тут ён напісаў свой першы верш. Адсюль ён паехаў на вучобу ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, сюды вяртаўся кожнае лета ўжо маладым настаўнікам. Менавіта Альбуць апісана ў яго паэме «Новая зямля» як Парэчча. У 1990 годзе ў адноўленай сядзібе была адкрыта літаратурна-мемарыяльная экспазіцыя па матывах паэмы «Новая зямля». Выстава знаёміць з фотаздымкамі прататыпаў герояў паэмы, рукапісамі і выданнямі розных гадоў, а таксама з прадметамі сялянскага побыту.

Беларусь турыстычная: мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», Мінская вобласць
Шлях да Коласа ў кожнага свой. Як і да беларускай літаратуры. Ніхто іншы за нас яго не пройдзе. Я на свае вочы пабачыла радзіму вялікага паэта, дакранулася да вытокаў яго творчасці. Тое самае раю зрабіць і вам.

Запісала Вольга БЕЛАШ.

←"Человек со смартфоном не умнее далекого предка". Интервью с известным белорусским композитором

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика