З думкамі пра Бога і пра народ. Францішка Жылка - абаронца сваёй сямейнай спадчыны на Смаргоншчыне
Яскравым прыкладам паслядоўнай абароны сваёй сямейнай спадчыны на Смаргоншчыне з’яўляецца дзейнасць Францішка Жылкі, мінскага прадпрымальніка, ураджэнца вёскі Стаўбуцева, што ў Жодзішкаўскім сельсавеце. Гісторыя гэтага маляўнічага рэгіёна надзвычай багатая, а Жодзішкам нават было нададзена ў 1774 годзе Магдэбургскае права.
Продкі Францішка Баляслававіча спакон вякоў былі звязаны з гэтым куточкам завілейскай зямлі, бо пра гэта сведчаць шматлікія дакументы, здабытыя ў архівах. Яны тут жылі, працавалі, як правіла, на сваёй зямлі, удзельнічалі ў тагачасным грамадскім і дзяржаўным жыцці, адсюль выязджалі на заробкі нават у Амерыку. Імкнуліся да духоўнасці і адукацыі. Сярод далёкіх сваякоў Ф. Жылкі – віленскі каталіцкі пралат Ян Курчэўскі, адзін з заснавальнікаў Віленскага навуковага таварыства ў пачатку ХХ ст., паплечнік гісторыка Чэслава Янкоўскага і аўтар манаграфіі “Гісторыя Віленскай дыяцэзіі”. Брат яго дзядулі Фелікс Жылка ў 1930-я гады ўзначальваў Жодзішкаўскую гміну.
Гэтыя ці, можа, і іншыя факты падштурхнулі Францішка Жылку да вельмі шырокай культурна-аднаўленчай дзейнасці ў родных мясцінах. Спачатку, у 2007 г., ён пабудаваў новую каменную капліцу спецыяльна для жыхароў вёскі Стаўбуцева. У 2012 годзе ім была адрэстаўравана старажытная капліца на жодзішкаўскіх могілках, дзе пахаваны яго бацькі. Летась у сувязі з 450-годдзем жодзішкаўскай парафіі перад касцёлам Святой Тройцы ў Жодзішках на сродкі Ф. Жылкі паўстала белая мармуровая фігура Маці Божай, якая як быццам вітае вернікаў перад гэтым старажытным сакральным будынкам ХVІІ ст. Вакол кожнага адноўленага аб’екта было праведзена добраўпарадкаванне і пасаджаны дэкаратыўныя расліны.
Намаганнямі і на ўласныя сродкі Францішка Жылкі ў вёсцы Жодзішкі быў адчынены адзіны ў рэспубліцы этнаграфічны музей мукамольнай справы. Экспазіцыя створана на базе дзеючага вадзянога млына, пабудаванага яшчэ манахамі-іезуітамі ў канцы ХVІІІ ст., а пад яго дахам сабраныя прылады з розных эпох для перапрацоўкі збожжа. Наведвальнікі могуць убачыць мукамольны працэс і адчуць увесь маштаб працы і вынаходлівасці нашых дзядоў і прадзедаў, зразумець асновы ткацкага, ганчарнага і іншых рамёстваў. Набыць гэты млын у сваю ўласнасць ад мясцовага калгаса было важнай справай для Францішка Жылкі, таму што ў пачатку ХХ ст. млын належаў яго дзядулю. Давялося правесці велізарную аднаўленчую працу, і цяпер млын не толькі меле муку, але і здзіўляе сваіх наведвальнікаў унікальнай экспазіцыяй. Гэта сапраўдная краязнаўчая пярлінка.
Здавалася б, адноўлена шмат, і ў бліжэйшы час нельга чакаць нейкай буйной падзеі. Аднак вельмі багатую ніву закрануў сваёй дзейнасцю Францішак Жылка, і ўжо 24 чэрвеня гэтага года падчас парафіяльнага свята ў Вішнеўскім касцёле Св. Юды Тадэвуша, што непадалёк ад Жодзішак, у прысутнасці гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча адбылася прэзентацыя выдадзенай ім кнігі аб гісторыі гэтых мясцін. Падзея нетыповая, бо не так ужо часта сустракаюцца кнігі, якія прэзентуюцца ў храмах і заслугоўваюць адабрэння святароў. Кніга выдадзена тыражом 200 асобнікаў і складаецца з двух твораў: успамінаў Фелікса Жылкі, былога войта Жодзішкаўскай гміны, аб мясцовых падзеях 1914-1951 гг., і дакументальна-мастацкай аповесці “Святыняў маўклівыя цені” аўтарства Анатоля Шчучкі пра гісторыю вішнеўскага касцёла і парафіі. Кніга багата аздоблена ілюстрацыямі, у тым ліку фатаграфіямі часоў Першай сусветнай вайны і з сямейнага архіва Францішка Жылкі.
Войт Фелікс Жылка быў сведкам многіх важных падзей і ў канцы жыцця напісаў падрабязныя ўспаміны пра мясцовыя падзеі. У гэтых запісах адлюстраваны галоўныя здарэнні ў сям’і, узаемаадносіны паміж суседзямі, вернікамі розных канфесій, прыстасаванне да новых улад, побыт гарадоў і мястэчак, у якіх па волі лёсу давялося апынуцца аўтару мемуараў. Ён вельмі дакладна скампанаваў інфармацыю, гістарычныя факты, задакументаваў прозвішчы і імёны людзей – жыхароў Жодзішак і ваколіц. А гэта якраз і ёсць самае цікавае, бо запаўняе інфармацыяй белыя плямы гісторыі рэгіёна. Фелікс Жылка на першае месца ставіў праўду сваёй зямлі. Ён распавёў пра касцёл у Жодзішках, капліцу ў Дубку, прадставіў шмат звестак пра ксяндза-пробашча Рамуальда Дроніча, не абмінуў увагай ксяндзоў Вінцэнта Гадлеўскага і Стэфана Запасніка.
Другі аўтар кнігі, Анатоль Шчучка, прадметам сваёй мастацка-дакументальнай працы абраў гісторыю вішнеўскага касцёла і парафіі. Ён падае дакладныя звесткі не толькі пра дзейнасць ксяндзоў Юльяна Цімашкевіча, Пятра Война-Аранскага, Юзафа Кісяля, але і пра асоб з вядомай арыстакратычна-музычнай сям’і Сулістроўскіх і Карловічаў, уладальнікаў Вішнева на працягу ХІХ ст. Таму першая і другая часткі кнігі супадаюць паміж сабой па тэме і часе. Анатоль Шчучка – таксама мясцовы ўраджэнец, і вось як ён тлумачыць прычыну сваёй цікавасці да гістарычна-рэлігійнай тэмы:
“Мясцовыя парафіяне не ведалі пра тых людзей, якія на самай справе ўкладалі свае грашовыя сродкі, ахвяравалі здароўе і час, рызыкавалі жыццём дзеля пабудовы касцёла. Мне стала неяк крыўдна за тых, хто зрабіў годную справу, а зараз ляжыць у крыпце храма, але ніхто не ўзгадвае іх імёнаў. Таму вырашыў сабраць у адно цэлае даты, прозвішчы асоб, якія пакінулі след на гэтай зямлі, і распавесці пра гісторыю парафіі. Мне не хацелася падаваць звесткі ў сухой энцыклапедычнай форме, таму вырашыў крыху расфарбаваць іх мастацкай фантазіяй. У выніку атрымалася мастацка-дакументальная аповесць “Святыняў маўклівыя цені”.
Мой артыкул дае не поўны пералік дабрачыннай аднаўленчай дзейнасці добрага чалавека і верніка Францішка Жылкі. Ведаю, што ў яго бліжэйшых планах – увекавечыць наўскраіне Мінска, у пасёлку Пярэсіка, месца, дзе да вайны стаяла сядзіба вядомага фатографа першай паловы ХХ ст. Яна Булгака, а таксама іншыя справы. Але пра іх будзем расказваць асобна.
Таццяна КЛЯШЧОНАК.
Фота аўтара.
А пра тое, што аднаўленчая дзейнасць Францішка Жылкі ўжо ўзрушыла і працягвае ўзрушваць людскія сэрцы, сведчыць вялікі попыт на кнігу і гэты верш жыхаркі Жодзішак Зінаіды Дудзінскай, прысвечаны вобразу Маці Божай перад жодзішкаўскім касцёлам:
Схіліла галоўку з белага камня
Святая жанчына ў нас каля Храма.
І ўзімку, і ўлетку стаіць, запрашае -
Браты і сястрыцы, ідзіце да Храма!
Ідзіце да Бога, прасіце здароўя
Сабе, сваім дзеткам і для ўсяго роду!
Шчасця прасіце, каб сэрца кахала,
І дзетак здаровых вам неба паслала.
Стаіць адзінока жанчына Святая,
Глядзіць на людзей,
ісці ў Храм запрашае.
А людзі сваю мітусню вырашаюць,
У крамы бягуць,
а Храм Божы мінаюць…