Мы беражом памяць. Памяць беражэ будучыню...
19.07.2018
—
Новости Культуры
14 ліпеня ў в. Выганашчы адбыўся ўжо традыцыйны ваенна-гістарычны фестываль-рэканструкцыя падзей сівой даўніны – часоў Першай сусветнай вайны – "Выганашчанская фартэцыя"
Удзел у рэканструкцыі на пляцоўцы ля дота прынялі некалькі каманд рэканструктараў, і вось што цікава адзначыць – сярод іх была каманда рэканструктараў-жанчын з Расіі, з Санкт-Пецярбурга, пад кіраўніцтвам Марыі Бачкаровай. Такім чынам, фестываль паспрабаваў сябе ў ролі міжнароднага…
Дзея пачалася з пралога, на якім перад гледачамі паўставалі гістарычныя асобы таго часу, сярод якіх і цар Мікалай ІІ, і імператрыца, і паэты Сяргей Ясенін, Ганна Ахматава, Зінаіда Гіпіус, Леў Гумілёў, і дзеці-героі – іх артыстычна і пераканаўча ўвасобілі Міхаіл Гардзейка, Вікторыя Наліўка, Максім Мялік, Людміла Барысюк, Людміла Азарка, Андрэй Куцко, Віктар Клютко. І хоць напачатку з вуснаў імператара гучалі словы патрыятычныя ды ўзвышаныя пра гераізм і подзвігі, ды ўварваліся і ўжо дамініравалі пазней трывога, адчай, страх перад тым, што сапраўды прынесла тая вайна: тысячы і тысячы раненых і забітых на самым пачатку, нечалавечыя ўмовы на франтах у брудзе, голадзе і холадзе, хваробы і калецтвы. Цяжка паверыць, але на той час інжынерная думка некалькіх краін свету працавала ў адным напрамку: стварыць такую зброю, якая прынясе як мага больш смерцяў праціўніку. І зброя стваралася, і мір з жахам назіраў за тым, як вайна пераўтварылася ў нябачаную раней бойню…
Урачыста адкрыў фестываль намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец. Ён адзначыў, што герояў і ўдзельнікаў часоў першай сусветнай вайны мы, на жаль, зараз згадваем мала. А гэта – наша гісторыя, наша мінулае, без ведання і асэнсавання якога нельга нам крочыць у заўтра. І таму намаганні групы ініцыятараў і ўсіх тых, хто працуе над кожным фестывалем, трэба шчыра вітаць – яны не даюць нам забываць.
Аляксандр Велікаселец уручыў падзякі ад ўлады шэрагу ўдзельнікаў фестывалю і яго арганізатарам, у тым ліку Віктару Дзямянчыку, які стаяў ля вытокаў фестывалю, Андрэю Вераб’ю, кіраўніку групы ваенных рэканструктараў “Рубеж”…
А пасля пачалася дзея на пляцоўцы, якую з усіх бакоў атачылі гледачы.
На гэты раз рэканструктары паспрабавалі аднавіць падзеі канца вайны, калі крывавыя атакі бакоў змяняліся лянівымі перастрэлкамі, калі наступала стыхійнае перамір’е падчас рэлігійных святаў, калі на асобных участках франтоў уступалі варагуючыя бакі ў перамовы, абменьваліся палоннымі і раненымі…
Вялікі акцэнт быў зроблены на тое, што адбывалася ў расійскім войску. Цар на гэты час выракся прастолу, салдатам абрыдла вайна. У акопах з’яўляюцца пракламацыі, вядуць сваю работу бальшавікі… Падае дысцыпліна – самае страшнае, што можа быць у дзеючай арміі. З’яўляюцца так званыя салдацкія камітэты, якія бяруць на сябе ўладу кіравання, адбываюцца так званыя палявыя суды, расстрэльваюцца афіцэры…
У гэты час на франтах утвараюцца жаночыя батальёны, якія закліканы адрадзіць сярод салдат пачуццё патрыятызму. І гэта часам удаецца…
Каментуючы амаль што тэатральную дзею на “полі бою”, Віктар Дзямянчык падкрэсліў, што такое становішча было надзвычай выбуховым, несла рэальную пагрозу як самім салдатам, так і насельніцтву. Момант гвалту салдат, якія выйшлі з-пад улады камандзіраў, над мясцовымі жанчынамі знайшоў увасабленне ў рэканструкцыі.
Не меней небяспекі было і ў сканчэнні вайны: адыходы войскаў, перадачы ўлады мясцовым камітэтам. Тады над усімі законамі стаяў чалавек са стрэльбай…
Хапіла відовішча, дзе было і стрэлаў, і дыму, і крыкаў наступаючых, і стогнаў раненых.
Пасля завяршэння рэканструкцыі і фатаграфавання – таксама стала традыцыяй – гледачам быў прапанаваны тэматычны канцэрт, дзе спявалі песні Алена Тарасава, Юрый Лайша, Наталля Лойка, Сяргей Азарка, Дзмітрый Свірыд, Андрэй Куцко і вакальны калектыў “Крынічанька”.
Як неабходны дадатак для любога мерапрыемства такога маштабу на вольным паветры, працавалі гандлёвыя аб’екты райста і індывідуальных прадпрымальнікаў, можна было набыць сувеніры, паглядзець невялікую выстаўку тагачасных убораў, хапіла атракцыёнаў для дзяцей. Можна было і на жывым коніку верхам у сапраўдным сядле пакатацца. А яшчэ была сапраўдная салдацкая каша і смачны, духмяны чай на травах. Карацей, занятак і задавальненне для душы можна было знайсці кожнаму і розных узростаў.
…Чарговы фестываль стаў старонкай гісторыі, зараз ён будзе запісаны на старонках у сацыяльных сетках, бо ж палова сярод нас не проста гледачы, але і аператары здымкі сваіх мабільных сродках. Няхай так і будзе. Нам галоўнае – каб жыла ў нас сапраўдная памяць пра вайну, як пра самае страшнае для чалавечага жыцця. Каб помніць, ведаць і не даць паўтарыцца.
Валерый ГАПЕЕЎ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.