Шаркаўшчынскія майстры на Славянскім базары
Творчая атмасфера, папулярныя артысты, сотня мерапрыемстваў і тысяча падстаў для добрага настрою. Усё гэта — “Славянскі базар у Віцебску-2018”.
Кожны дзень шматлікіх гасцей Віцебшчыны чакалі сюрпрызы і прыемныя нечаканасці. Свята тут панавала ў кожным куточку, паўсюль лілася музыка і чуліся вясёлыя спевы. Літаральна на кожным кроку можна было сустрэць нешта незвычайнае. Весяліўся народ ды дзівіўся: якое свята разгулялася!
З усіх абласцей, раёнаў і гарадоў Беларусі прыехалі творчыя калектывы, самадзейныя артысты, майстры-рамеснікі, каб пазнаёміць са сваім родным краем фестывальную сталіцу.
У дні правядзення міжнароднага фестывалю на вуліцах Віцебска было асабліва шматлюдна, бо арганізатары, акрамя канцэртаў на галоўнай сцэне, праводзяць шмат цікавых мерапрыемстваў. Каторы год запар удзел у іх прымаюць і шаркаўчане.
У нядзелю нашы артысты абаранялі ў конкурсе брэндаў гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці сваё падвор’е (больш падрабязна пра гэта мы напішам пазней). А цяпер даведаемся пра поспехі майстроў з раённага цэнтра рамёстваў.
Запрашае “ Горад майстроў”
“Славянскі базар” — фестываль не толькі музычны. Падзей і ўражанняў тут хапае на ўсіх: папулярныя артысты, модныя тэатральныя пастаноўкі, мастацкія выставы і, безумоўна, “Горад майстроў”, па вуліцах якога можна блукаць бясконца, не перастаючы здзіўляцца фантазіі беларускіх умельцаў. Пакуль фестывальная сцэна залівалася святлом сафітаў і танцавала ў рытме дыска, цэнтральныя пляцоўкі Віцебска таксама не спалі і ўсімі магчымымі спосабамі прываблівалі гасцей. Нараўне з Летнім амфітэатрам кірмаш-продаж вырабаў народных умельцаў у гістарычным раёне Задзвіння — гэта, без перабольшання, цэнтр прыцягнення для тысяч гараджан і гасцей фестывалю. Тут заўсёды пануе атмасфера творчасці. У фестывальным “Горадзе майстроў” зусім не цяжка знайсці рукатворныя рэчы, зробленыя ўмельцамі з усёй душой: лапікавыя коўдры, кошыкі, мэблю з лазы, карціны фларыстаў з пялёсткаў і многае іншае.
Цяперашні кірмаш пашырыў творчыя рамкі і зноў вярнуў сабе статус міжнароднага: у ім прынялі ўдзел народныя ўмельцы з усіх куткоў Беларусі, а таксама з Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы.
Горад у горадзе – так можна назваць гандлёвыя рады, дзе прадставілі свае вырабы майстры народнай творчасці. Госці і жыхары Віцебска маглі набыць сувеніры і ад нашага раённага цэнтра раместваў. Яго калектыў штогод прымае ўдзел у выстаўцы. Сёлета ў Віцебску выстаўляліся работы Вікторыі Дубоўскай, Святланы Заікі, Вольгі Беласлудцавай, Яўгенія Ананіча, Аляксея Краўчанкі, Ірыны Грунінай, Ганны і Сяргея Рымдзёнкаў, Алы Леднік, Святланы Шымуковіч. Іх прыгожыя аўтарскія работы выклікалі ў наведвальнікаў выстаўкі толькі самыя станоўчыя ўражанні.
Асаблівым попытам карысталіся драўляныя цацкі Яўгена Ананіча, які прадаў амаль ўсе свае вырабы з дрэва.
Конкурс “Сцяжкі майстэрства-2018”
А яшчэ нашы землякі ўдала бліснулі талентамі на некалькіх конкурсах. Так, Ірына Груніна і Ганна Рымдзенак прынялі ўдзел у Нацыянальным свяце традыцыйнага народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства – 2018”, прысвечанага 80-годдзю Віцебскай вобласці. Свята мае статус адкрытага абласнога конкурсу і праводзіцца з мэтай вывучэння, адраджэння і дэманстрацыі жыхарам горада і гасцям разнастайнасці і багацця традыцыйных вясковых, мяшчанскіх і шляхецкіх строяў беларускага адзення ў сямі намінацыях. Праходзіла яно 2 дні. Святочная дзея пачалося з дэфіле касцюмаў прадстаўнікоў раёнаў усей Віцебскай вобласці, на якім, канешне, быў прадстаўлены і наш раён.
Для ўдзелу ў гэтым конкурсе Ірына Груніна падрыхтавала рэгіянальны касцюм, узор для якога быў узяты з кнігі “Традыцыі адзення Віцебшчыны”. Акрамя гэтага трэба было прадставіць творчую прэзентацыю касцюма. Тут фальклорны гурт “Калядзіца” выступіў з бытавым танцам “Зялёная рошча”.
Пасля падвядзення вынікаў конкурсу наш раён адзначылі дыпломам за ўдзел. Завяршылася свята фінальным дэфіле майстроў-выканаўцаў і дэманстратараў касцюма. Дарэчы, дэманстратарам ад нашага раёна стала метадыст па фальклоры цэнтра раместваў Алёна Сухаверская.
На другі дзень Ірына Груніна прадэманстравала майстар-клас па аздабленні ў тэхніцы вышаўкі (мярэшкай) фартушкоў.
“Гліна спявае” ў руках Сяргея Рымдзёнка
З 13 па 15 ліпеня прайшоў Міжнародны конкурс майстроў па кераміцы і ганчарстве “Гліна спявае”. Удзел ў ім штогод прымае майстар Германавіцкага Дома ганчара Сяргей Рымдзёнак.
Падчас творчага спаборніцтва адбылося маляўнічае відовішча з удзелам каля 50 вядучых майстроў ганчарства, народнай цацкі і керамічнага мастацтва Віцебскай вобласці, рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і інш. У першы дзень прайшло адкрыццё конкурсу. Вырабленыя ганчарныя формы майстроў былі ўрачыста загружаныя ў печ для абпалу. А 14 ліпеня ва ўнутраным дворыку абласнога краязнаўчага музея майстры працавалі ў некалькіх намінацыях конкурсу. Сярод іх традыцыйная ганчарная форма, аўтарская дробная пластыка, керамічны сувенір, а таксама тэхналогія дэкарыравання ганчарнай формы, хатняя калекцыя і творчы дэбют. Тут таксама праводзіліся выставы-продажу і майстар-класы ўмельцаў. Увечары 14 ліпеня частку керамічных вырабаў вынялі з ганчарнай печы. У апошні дзень творчага спаборніцтва (15 ліпеня) майстры працягвалі працаваць за ганчарным кругам, адкрылі печ з чорназадымленай керамікай. Пасля заканчэння абпалу адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Гліна спявае». Прыемнай навінай стала перамога Сяргея Рымдзёнка ў намінацыі “Хатняя калекцыя”. З чым яго і віншуем!
Алена АНАНІЧ.