Раённае свята мастацтва “Фальварак мінулага” адбылося ў Мерчыцах. Фотарэпартаж
Гасцінная палеская зямля, шчодрая і багатая на таленты, зноў сабрала музыкаў і майстроў, захавальнікаў народных традыцый спадчыны.
Цэлы дзень на адкрытай пляцоўцы Цэнтра традыцыйнай культуры і побыту “Спадчына Палесся” выступалі вядомыя калектывы і выканаўцы Піншчыны. Яны аддавалі павагу матчынай песні, роднаму слову, а таксама знаёмілі з гледачоў з унікальнымі традыцыямі і звычаямі сваіх мясцін.
З нагоды свята адбылося шмат цікавых конкурсаў. Так, лепшыя скарбы музычнага мастацтва былі прадстаўлены на конкурсе “Роднай зямлі шматгалоссе”. Гучалі прыпеўкі, беларускія найгрышы, пазаабрадавыя песні, кружылі ў карагодзе народныя танцы.
З захапленнем гледачы сачылі за конкурсам па рэканструкцыі нацыянальнага касцюма і рушніка “Гісторыя ў палатне”. На сцэну выходзілі дзяўчаты ў старадаўніх касцюмах, многія з якіх былі перададзены ім у спадчыну ад прабабуль і бабуль.
Адной з самых відовішчных падзей стаў конкурс абрадаў і традыцый “Спадчына”, на якім этнаграфічныя і фальклорныя калектывы раёна паказалі вясновыя і летнія абрады.
Шмат вырабаў на конкурс “Палескі сувенір” прывезлі рамеснікі і майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Вясельныя і сямейныя здымкі былі сабраныя на выставе “Старая фатаграфія”. Можна было таксама паспытаць смачныя традыцыйныя стравы беларускай кухні, якія прыгатавалі руплівыя гаспадыні.
Падрабязнасці чытайце ў выпуску «Палескай праўды» за 18 ліпеня.
Фотарэпартаж Наталлі Мілеўскай.