Выкладчык музыкі Сольскай дзіцячай школы мастацтваў стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу
Днямі прыйшла радасная навіна: выкладчык музыкі Сольскай дзіцячай школы мастацтваў Андрэй Шунько стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Лепшы па прафесіі сярод моладзі, якая працуе ў аграгарадках”, што ладзіцца Беларускім прафсаюзам работнікаў культуры. Андрэй Вячаслававіч прызнаны лепшым у намінацыі “Настаўнік дзіцячай школы мастацтваў”. Без асаблівых прэтэнзій, вельмі сціплы і неамбіцыйны, ён лічыць, што проста добрасумленна выконвае свае прафесійныя абавязкі, прывівае любоў да музыкі сваім вучням.
Андрэй Шунько - ураджэнец Смаргоні. Вучыўся ў СШ №5 з музычным ухілам. Першай настаўніцай музыкі, якая паказала азы ігры на даволі складаным інструменце, была Таццяна Страх. Авалодваў ігрой хлопчык з вялікім натхненнем. А калі надышоў час абіраць прафесію, паступіў у Лідскі музычны каледж. Па размеркаванні маладым спецыялістам вярнуўся на сваю малую радзіму і нейкі час працаваў у Жодзішкаўскай школе мастацтваў. З 2015 года ён выкладае музыку ў Сольскай дзіцячай школе мастацтваў. Гэты перыяд стаў самым насычаным на паспяховыя выступленні яго вучняў на розных фэстах і конкурсах.
У мінулым навучальным годзе ў класе Андрэя Шунько навучаліся ігры на баяне і акардэоне 13 юных музыкантаў. Да кожнага з іх у выкладчыка індывідуальны падыход у залежнасці ад узросту, здольнасцей і псіхалагічных асаблівасцей навучэнцаў. У выніку ўсе паказваюць высокія вынікі на экзаменах і акадэмічных канцэртах. А юная зорачка – Валодзя Рэшкевіч – станавіўся неаднаразовым дыпламантам абласных, рэгіянальных конкурсаў выканальніцкага майстэрства пачаткоўцаў. Летась ён атрымаў дыплом І ступені на ІІІ Міжнародным фестывалі-конкурсе “Новыя вяршыні” (Мінск), а таксама стаў дыпламантам міжнароднага конкурсу акардэаністаў “Вільнюс-2017” і міжнароднага конкурсу “Музыкі свет” (г. Мінск).
Добры ўзровень адукаванасці і высокае выканальніцкае майстэрства дазваляюць Андрэю Шунько рэалізоўваць сябе як саліста-выканаўцы і кіраўніка ансамбля настаўнікаў “Ярмарка”, канцэртмайстара ансамбля навучэнцаў “Здравица”.
Дзякуючы такім энтузіястам і добрасумленным выкладчыкам, як Андрэй Вячаслававіч, маюць магчымасць далучацца да чароўнага свету музыкі і мастацтва дзеткі з аграгарадкоў і сельскай мясцовасці. У многіх з іх з’яўляецца шанс абраць прафесію, якая будзе па душы і, магчыма, стане прыцягальнай і запатрабаванай новымі пакаленнямі жыхароў аграгарадкоў.
Ала КЛЕМЯНОК.
Фота аўтара.