У гарадскім пасёлку Акцябрскі пройдзе фестываль фальклорнага мастацтва
ЗАПРАШАЕМ НА «БЕРАГІНЮ»!
У гарадскім пасёлку Акцябрскі з 20 па 24 чэрвеня 2018 года пройдзе Х Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня».
Прайшло 20 гадоў з часу зараджэння вытокаў фальклорнага фестывальнага руху «Берагіня». Раз у два гады адбываецца заключны маштабны форум. Гарадскі пасёлак Акцябрскі ў чарговы раз гасцінна адчыніць дзверы для правядзення захапляльных конкурсных імпрэзаў фестывалю.
Юбілейная «Берагіня» сімвалічна супадае з Годам малой радзімы. Фестываль – цудоўная магчымасць для беларусаў выявіць сваё, паказаць адно аднаму, чым багаты іх край. У заключных імпрэзах прымуць ўдзел амаль 50 фальклорных калектываў з Беларусі і калектывы з замежжа. Сярод гасцей – ансамбль «Красная горка» (г. Бранск), народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Вячоркі» (г. Цюмень), маладзёжна-фальклорная студыя «Banga» (г. Рыга, Латвія), народны майстра з Даніі і іншыя.
Звыш 800 удзельнікаў і гасцей фестывалю з’едуцца да нас, каб прадэманстраваць сваё майстэрства па захаванні і развіцці народнай спадчыны.У чарговы раз гарадскі пасёлак ператворыцца ў адну вялікую святочную пляцоўку.
Акцябрскі раён будуць прадстаўляць аўтэнтычныя гурты – «Перазвоны» (Гацкі ЦКДД), «Купалінка» (Пратасаўскі СДНТ), «Шчадрухі» (Забалацкі СК) і дзіцячыя ўзорныя фальклорныя ансамблі – «Рудабельскія зорачкі» (ДУК «Акцябрскі цэнтр вольнага часу»), «Праменьчыкі» (ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў»), «Некрашынка» (Валосавіцкі СДНТ), «Цярэшкавы шчодрыкі» (Рассветаўскі КСК).
Праграма фестывалю прадугледжвае паказ абавязковага выступлення фальклорных калектываў у адпаведных інструментальных і танцавальна-спеўных намінацыях, удзелу ў конкурсах і турнірах. Гледачам свае канцэртныя праграмы прадставяць замежныя калектывы-госці і калектывы-пераможцы фестывалю мінулых гадоў. Падчас свята будуць праводзіцца майстар-класы народнага танца, традыцыйных спеваў, інструментальнага выканальніцтва, традыцыйных рамёстваў, пляценне купальскіх вянкоў, гледачоў чакаюць выступленні народных апавядальнікаў, гульнёва-забаўляльныя праграммы, выставы-продажы вырабаў народных майстроў. Праграма фестывальнага жыцця мае быць насычанай, з абавязковым удзелам апантаных даследчыкаў, экспертаў, педагогаў, дзяцей.
Сардэчна запрашаем да нас на «Берагіню»!
З павагай, Алена Старыновіч, галоўны рэдактар дзяржаўнай установы «Рэдакцыя газеты «Чырвоны Кастрычнік».