Чым нас сустрэне “Берагіня”?

Источник материала:  

 

Чым нас сустрэне “Берагіня”?
Некалькі дзён засталося да адкрыцця дзясятага па ліку рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Дваццаць год ідзе па Акцябрскай зямлі гэты самабытны фэст. Чым будзе здзіўляць гледачоў і прыхільнікаў фальклору юбілейны фестываль? Аб гэтым і не толькі наша размова з начальнікам адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святланай Беразоўскай.

– Святлана Анатольеўна, “Берагіні” 20 гадоў. Ці маглі вы прадставіць у 1998 годзе, што мясцовы фестываль стане нават не абласным, а рэспубліканскім. Што на яго будуць прыязджаць замежныя калектывы. Што яго пад ахову возьме ЮНЭСКА. Што фестываль не загіне, а будзе набіраць моц і збіраць сяброў.

– Канечне, мы аб гэтым не думалі і не марылі. Хаця работа па збіранню фальклорнага матэрыялу і прадстаўленне яго на публіку пачалася ў 80-х гадах мінулага стагоддзя. Яшчэ Валерый Болбас, калі быў начальнікам адзела культуры, арганізаваў мясцовы фестываль фальклорнай і народнай песні. Матэрыялу было шмат, паколькі жылі сапраўдныя носьбіты, які помнілі песні,  што заўсёды ішлі побач з чалавекам працы. Праходзіў фестываль ва ўрочышчы Брачын. Калі я ўзначаліла адзел, то фальклорныя набыткі не былі закінуты. Наадварот. У перастроечныя гады было неабходна напаўняць установы культуры новым сэнсам. Ўжо не было партыі, лозунгаў і іншых камуністычных праяў таго часу. Людзі хацелі слухаць песні не пра Леніна, а пра блізкія,  мясцовыя паняцці.   Існаваў фальклор,  такі знаёмы і родны людзям. Мы сталі паступова адраджаць народныя святы. Разам з песеннай творчасцю адкрыўся вялікі пласт танцаў. Аказалася, што нашы продкі не толькі пелі, але і танцавалі. Прычым,  у кожнай мясцовасці былі свае асаблівасці. Адных полек мы налічылі больш за 100. Беларускія танцы адрозніваюцца тым, што іх можна зваць танцамі-гульнямі. Мы сталі прыцягваць да іх дзяцей. У 90-я гады ў нас танцавалі ўсе школы, існавала 200 танцавальных пар. Адначасова мы зацікавіліся строем нашай мясцовасці. Таксама адкрылі, што ў адной вёсцы вышывалі ўзоры інакш, чым у другой. Бабулі сталі даставаць з полак даўнія рушнікі, спадніцы і іншыя віды аддзення.

– А ідэя стварыць фалькорны фестываль як прыйшла?

– У 90-я гады мы рыхтавалі ансамбль танца “Весніца” да прысваення звання “народны”. І за метадычнай дапамогай звярнуліся да Мікалая  Козенкі. Ён убачыў нашу даследчую фальклорную працу. Да нас у раён сталі прыязджаць спецылісты па фальлору рэспубліканскага ўзроўню, каб запісваць мясцовыя песні і танцы. І ў 1998 годзе прыйшлі да высновы, што той назапашаны матэрыял неабходна трасліраваць  людзям. Летам быў праведзены першы фестываль “Берагіня”, праходзіў ён на мясцовым, Акцябрскім, узроўні. І ўжо потым яго падтрымала вобласць, рэспубліка. Міністэрства культуры ўключыла “Берагіню” у план рэспубліканскіх мерапрыемстваў, ідэя фестывалю легла ў канцэпцыю нацыянальнай бяспекі на той момант. У гэтым годзе “Берагіня” пройдзе пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Гомельскага аблвыканкама, Акцябрскага райвыканкама, грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд культуры”, пад патранатам Нацыянальная камісіі Беларусі па справах ЮНЭСКА.

 – Гэта вельмі прыемна і ганарова, што фестываль “Берагіня”, які жыхары Акцябрскага раёна называюць  “наш”, мае такую  падтрымку. Але напэўна асноўная нагрузка па арганіцазыі ляжыць усё ж на раёне?

– Безумоўна, і фінансавы бок, і арганізацыя за намі. Прадстаўце, у Акцябрскі прыедуць каля 800 чалавек. Хочацца, каб у гасцей засталіся прыемныя  ўражанні аб тых днях, якія яны тут правядуць. Я звяртаюся да нашых жыхароў, каб яны былі ветлівымі і гасціннымі. Каб прыходзілі на мерапрыемствы ў рамках “Берагіні”.  Каб нашы прадпрыемствы і арганізацыі таксама падтрымалі фестываль. Мы ўсе разам павінны ім ганарыцца. “Берагіня” мае вялікі выхаваўчы сэнс. Падумайце, колькі дзяцей у час падрыхтоўкі да фестывалю і ў дні правядзення заняты карыснай справай. Яны не сядзяць у гаджэтах і не ходзяць па вуліцах без мэты. Дзеці ведаюць, што такое культура. Яны напаўняюцца фальклорнай  творчасцю, яны размаўляюць на роднай мове, яны спяваюць і размауляюць па-беларуску. Яны з годнасцю апранаюцца ў нацыянальнае адзенне і на саромеюцца ў ім хадзіць. Ці гэта не цудоўна?

 – Спадзяюся, што нашы жыхары гэта разумеюць. Святлана Анатольеўна, чым зацікавіць фестываль у гэтым годзе?

– Як і заўсёды ў  рамках “Берагіні” пройдзе шмат розных мерапрыемстваў. Юбілейны фестываль будзе доўжыцца пяць дзён. У сераду, 20 чэрвеня, адбудцецца святочная імпрэза да 20-годдзя  ўзорнага  ансамбля «Рудабельскія зорачкі». Гэта наш вядучы фальклорны калектыў, які з’явіўся разам с “Берагіняй”, і да гэтага часу паспяхова існуе, гастраліруе і захапляе не адно пакаленне дзяцей фальклорным мастацтвам. Прыходзьце ўсе на канцэрт “Зорачак” 20 чэрвеня ў 19 гадзін у цэнтр вольнага часу. У гэты ж дзень адкрыецца рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання». Да ўдзелу ў мерапрыемстве падтрыхтавана вялікая колькасць дакладаў. Адкрыццё фестывалю адбудзецца у чацвер, 21 чэрвеня, ў гарадскім скверы ў 15 гадзін. Навінкай юбілейнага фестывалю стане “Рэспубліканскі баль. Гэта свята народнай харэаграфіі, музыкі і песні. Яно пройдзе ў пятніцу на Цэнтральнай плошчы і пачнецца ў 22 гадзіны 30 хвілін. Канечне, нас чакае відовішчнае і любімае многімі свята “Рудабельскае Купалле”. Як звычайна ўсе жадаючыя змогуць прыняць удзел у пляценні вянкоў і купальскім шэсце, карагодзе і забаўляльнай праграме, захапіцца містэрыяй купальскага агню, паслухаць купальскія песні. Таксама на возеры запланаваны фейерверк. У нядзелю пройдзе відовішча-шэсце ўдзельнікаў, канцэрт беларускіх дзіцячых і моладзевых мастацкіх калектываў-гасцей фестывалю, рэспубліканскае свята народнай творчасці «Рудабельскі кірмаш», урачыстая цырымонія ўзнагароджання і канцэрт лаўрэатаў фестывалю. І пасля закрыцці фестывалю адбудзецца канцэрт беларускага дзяржаўнага  ансамбля народнай музыкі «Свята». Калі ласка, прыходзьце с дзецьмі, сем’ямі. Упэўнена, вы прыемна правядзеце час. Сюрпрызаў будзе шмат!

– Дзякуй, Святлана Анатольеўна.

Ірына ЛЯШКОВА.

 

 

←13 червеня у Шаркаўшчыне прайшоў агляд-конкурс калектываў мастацкай творчасці і аматарскіх аб’яднанняў з найменнем «народны», «узорны» — «Званне пацвярджаю»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика