У Белаазёрскай гарадской бібліятэцы імя Ніны Мацяш адбылася прэзентацыя першай кнігі вершаў белаазёрскага творцы Ігара Шарая “Разумець маўчанне”
З гонарам зазначаем: адна з адметных з’яў нашага Белаазёрска ў тым, што гэта горад росквіту творчасці таленавітых паэтаў. У гарадской бібліятэцы імя Ніны Мацяш адбылася прэзентацыя першай надрукаванай кнігі вершаў белаазёрскага творцы Ігара Шарая “Разумець маўчанне”. Загадчыца ўстановы Т.А. Кузняцова распачала размову, адрасуючы шчырыя словы павагі і добразычлівасці даўняму сябру бібліятэкі – чуламу чалавеку, адоранаму паэту, аўтару гэтага цудоўнага паэтычнага зборніка. Тамара Аляксандраўна падкрэсліла, што вершы, якія ўвайшлі ў склад кнігі, творца напісаў больш за 20 гадоў таму, і толькі зараз ёсць магчымасць шырокаму колу чытачоў пазнаёміцца з імі. Наш зямляк, ураджэнец вёскі Рачыца, паэт Сяргей Амяльчук сам абраў творы Шарая і сёлета выдаў іх асобным зборнікам у Брэсцкай друкарні.
На прэзентацыі некалькі слоў аб сабе сціпла паведаміў сам твор ца (на здымку). Нарадзіўся ён у Салігорску, там і склаў у 10 класе першыя паэтычныя радкі. Спачатку пісаў па-руску на матывы знакамітых песень. Вялікі ўплыў на станаўленне яго як паэта аказала знаёмства з Нінай Мацяш. Менаві-та яна параіла паспрабаваць Ігару пісаць па-беларуску і была задаволена тым, што атрымалася.
Так у Белаазёрску з’явіўся яшчэ адзін беларускамоўны паэт, які піша аб тым, што ёсць на душы. Таму яго лірычны герой – душалюб, які “спазнаў, як вырастаюць крылы за спіной” і “лічыць, што сярод людзей больш добразычлівых, чым зласліўцаў”. Творчасць І. Шарая знайшла добры водгук у вядомых беларускіх паэтаў Ніла Гілевіча і Анатоля Сыса.
Шарай распавядаў аб тым, як складаліся тыя ці іншыя паэтычныя радкі, і натхнёна чытаў свае вершы, якія ўразілі слухачоў глыбінёй змястоўнасці і філасофскімі меркаваннямі. Менавіта гэта і ёсць тое галоўнае, што вылучае яго творчую індывідуальнасць. Так верш “Удалеч! Да яснага сонца…” пранізвае “ўзнёсласцю душы”, а твор “Дай моцы мне расправіцца з бядой” вабіць марай “узняцца, хмарай плыць у паднябессі” або “зрывацца песняй для тых, хто прагне песень і дажджу”. Выклікаў шмат пачуццяў і верш “Навучы мяне, ма…”, галоўная думка якога – вялікае жаданне “спачуваць чалавеку” і “пякучую крыўду забыць”.
У час прэзентацыі зборніка было выказана шмат удзячных слоў за цудоўныя вершы, якія станоўча ўплываюць на чытачоў, падштурхваюць задумацца аб сэнсе жыцця і чалавечай годнасці. Пранікнёна і шчыра казалі аб гэтым і чыталі надрукаваныя творы паэта, якія краналі сэрца, белаазёрская паэтка Людміла Гайчук, бібліятэкары Т.А. Кузняцова, В.В. Янкавец, жыхарка Белаазёрска Н.М. Курыловіч.
Важна адзначыць, што Ігар Шарай многа ўвагі надае паэтыч наму радку, дасканала абдумвае кожнае слова. І пры гэтым ён актыўны аўтар, бо яму, сціпламу чалавеку багатага душэўнага складу і жыццёвага вопыту, ёсць што сказаць людзям. Вось і зараз ён таксама чытаў свае сучасныя вершы, і слухалі іх з захапленнем.
Высокую адзнаку творчасці І. Шарая, якая напоўнена пачуццямі, душэўнасцю і дабрынёй, далі прыхільнікі роднай мовы і паэзіі Леанід Іванавіч і Валянціна Сцяпанаўна Сцяпуркі, аўтар некалькіх зборнікаў апавяданняў Ігар Кізнер. Менавіта яны распачалі размову аб мілагучнасці і прыгажосці нашай беларускай мовы. І гэта размова была ўсе-агульна падтрымана.
Усе прысутныя на прэзентацыі атрымалі асалоду душы ад знаёмства з асобай самабытнага белаазёрскага паэта Ігара Шарая і яго творамі, а таксама ад цудоўнага гучання яскравай роднай мовы.
Людміла ШАМЯЦІЛА, г. Белаазёрск.