"У некалькіх месцах хацелася падглядзець, як правільна пісаць". Як прайшла "Агульная дыктоўка"
2 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў другі раз прайшла «Агульная дыктоўка». Праверыць сваю пісьменнасць у беларускай мове змаглі ўсе ахвочыя. Ідэйным арганізатарам мерапрыемства зноў, як і летась, выступіла ААТ «Лідскае піва».
Малая зала Нацыянальнай бібліятэкі, дзе праходзіла мерапрыемства, была амаль запоўнена. Па падліках TUT.BY, з 500 месцаў было занята каля чатырох соцен. Многія сачылі за трансляцыяй ў інтэрнэце.
Сярод удзельнікаў пераважала моладзь, некаторыя прыйшлі на мерапрыемства з малымі дзецьмі. Хоць хапала і людзей сталага веку.
У якасці настаўніцы выступіла вядомая спявачка Руся, якая чытала тэкст паводле сучасных тэндэнцый дыктовак. Напрыклад, на экране мелася візуальнае суправаджэнне, якое тлумачыла складанасці тэксту.
— Для мяне вялікі кайф гэты тэкст прадыктаваць. Смакую кожнае слова, якое нібыта песня, — кажа Руся, — гэта не экзамен, гэта агульнае свята.
Дарэчы, у адрозненне ад сапраўднай школы да «навучэнцаў» падыходзілі максімальна лаяльна. Калі ў адным з эпізодаў настаўніца крыху заблыталася і ўзнікла непаразуменне, арганізатары паабяцалі гасцям, што «ўсе памылкі будуць лічыцца ў ваш бок».
Падчас «Агульнай дыктоўкі» прагучаў урывак з неапублікаванага раману «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара» пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. Гэта ўжо пятая кніга з серыі прыгодніцкіх раманаў, прысвечаных шляхцічам Працішу Вырвічу і Баўтрамею Лёдніку. Дзеянне твораў адбываецца ў XVIII стагоддзі.
Чатыры кнігі цыклу, якія выходзілі раней, набылі вялікую папулярнасць. У 2015-м трэцяя кніга, «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча», стала адным з пераможцаў першай прэміі «Кнігі года».
Паводле слоў Рублеўскай, «Агульная дыктоўка» стала своеасаблівым камінг-аўтам — раней пра існаванне пятай кнігі было невядома. «Калі распавядаць пра сюжэт, то там ужо ў дзеянне пачынае ўступаць сын Лёдніка», — кажа пісьменніца.
Цікава, што ў дыктоўцы прыняў удзел і муж аўтаркі, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура», паэт Віктар Шніп. Хоць ён сам не ўпэўнены, што напісаў усё правільна.
— Вядома, я чытаў гэты ўрывак і раней, ведаў, што Людміла яго выбірала, але запомніць знакі прыпынку і як іх правільна расставіць, канечне, цяжкавата. Баюся, што і сам не вельмі добра напісаў. Але ўражанні самыя пазітыўныя, не думаў, што тут будзе столькі людзей.
Пазней Шніп прызнаўся ў фэйсбуку, што "у некалькіх месцах тэксту хацелася падглядзець, як правільна пісаць, у дзяўчыны, якая сядзела побач. Падглядзець не атрымалася. Без акуляраў нічога не ўбачыў», — напісаў паэт і дадаў, што «не спадзяецца на дзясятку і дзявятку, бо не ўпэўнены ў правільнасці некаторых знакаў прыпынку, якія ставіў. Сямёрка павінна быць».
А вось пісьменніца Ксенія Шталянкова глядзела інтэрнет-трансляцыю, пісала тэкст дыстанцыйна і ўжо адправіла яго на праверку.
— Я была вельмі ўсхваляваная тым, што чытаўся ўрывак з новай кнігі Людмілы Іванаўны і гэта дазволіла хаця б крышачку ўявіць, што ж будзе з героямі далей. Слова «банда» ў назве вельмі інтрыгуе!
Як прызналася Наталля Яфімкіна, мэнэджар па карпаратыўных камунікацыях кампаніі «Лідскае піва», яе калегі ведалі пра існаванне «Тотального диктанта» (штогадовая імпрэза, якая ладзіцца з 2004 года ў Расіі і розных краінах свету, каб папулярызаваць рускую мову і пісьменнасць. — Заўвага TUT.BY), але ніколі не чулі пра аналагічны праект, звязаны з беларускай мовай. Так і нарадзілася ідэя «Агульнай дыктоўкі».
Паводле слоў Яфімавай, арганізатары плануюць і ў наступным годзе запрасіць на імпрэзу беларускага літаратара, каб дыктаваць навучэнцам яго тэкст. Дарэчы, вынікі «Агульнай дыктоўкі» і атрыманыя адзнакі можна будзе неўзабаве даведацца на сайце «Лідскага». Там жа змешчаны і фрагмент з рамана Людмілы Рублеўскай. Магчыма, хтосьці з чытачоў TUT.BY прадыктуе гэты фрагмент сваім сваякам ці блізкім людзям.