Новы зборнік вершаў Марыі Кобец нядаўна выйшаў у свет

Источник материала:  
>

Новы зборнік вершаў Марыі Кобец нядаўна выйшаў у свет
Нядаўна пабачыла свет новая кніга «У белым ветразі завей» нашай зямлячкі, паэтэсы і перакладчыцы Марыі Кобец . Зборнік вершаў выйшаў у выдавецтве «Народная асвета» пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі.


Новы зборнік вершаў Марыі Кобец нядаўна выйшаў у свет
Творчасць Марыі Кобец, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, высока ацэньваюць аўтарытэтныя крытыкі. Паэтка часта друкуецца ў рэспубліканскіх і замежных літаратурных часопісах і газетах, удзельнічае ў міжнародных фестывалях, шмат часу надзяляе перакладчыцкай дзейнасці. У творчым набытку Марыі Уладзіміраўны ўжо ёсць паэтычныя зборнікі «Кроплі» (2011 год) і «Палыновая квецень» (2016 год), шэраг калектыўных кніг паэзіі і альманахаў. У перакладах асобныя творы змяшчаліся ў перыядычным друку ў Азербайджане, Польшчы, Расіі, Сербіі, Чарнагорыі, Чачні, Чувашыі, Туркменістане.

У новым зборніку паэтка з Піншчыны, з вёскі Валішча, доўжыць традыцыі беларускіх паэтаў-класікаў, спалучыўшы ў сваіх творах і чысціню паэтычнай светлай лірыкі, і глыбіню філасофскай думкі. Яе вершы – гэта багатая на мастацкія вобразы паэтычная вандроўка на Палессе, у «бусліны край», а таксама спроба аўтара падштурхнуць чытача да разваг аб сэнсе быцця, сэнсе існасці.

У кнізе чатыры раздзелы – «Ранішні сон», «Размова з ветрам», «У белым ветразі завей», «Голас маёй сутнасці». У вершаваных радках чытач знойдзе не толькі прызнанне ў любові да малой радзімы, роднай прыроды, беларускай мовы. Шмат твораў адлюстроўваюць развагі над такімі спрадвечнымі тэмамі, як дабро і зло, каханне і здрада, надзея і адчай, шчасце і гора. Апошні раздзел – своеасаблівы зварот да філасофскай і духоўнай лірыкі, пошук адказаў на пытанні аб прызначэнні чалавека на зямлі. У ім глыбока выяўляюцца патаемныя ўнутраныя перажыванні, узнёсласць і шчырасць аўтара.

Кніга выйшла накладам больш за тысячу асобнікаў і разлічана на шырокае кола чытачоў. Хутка навінка з’явіцца ў бібліятэках Беларусі.

Наталля МІЛЕЎСКАЯ.

 Прапануем чытачам вершы з новай кнігі і іншыя з творчага архіву паэткі.

Да паэзіі…

Пагібель…
Надзея?..
Збавенне?..
Нязграбная ноша?..
Ці крыж?
Ратуеш ці дорыш сцаленне?
Знішчаеш, уздымаючы ўвысь?
Вясны гаманкой захапленне!
Бурлівы, няўрымслівы плёс!
Любоў… да шаленства…ўтрапення!
Нянавісць… да ўедлівых слёз!
Самоты, журбы паланенне!
І радасць… з ударам пад дых!
І Веры Святой наталенне!
І споведзь,
І каянне ўслых!
Трохперсце… Пацір…
Ачышчэнне…
Пачатак… і ўрэшце… канец.
Пагібель…
і дзеля збавення
цаглянага жвіру свінец!.. 

* * *

Людзі адвеку не мелі крылы –
Збівалі ногі, гублялі сілы.
Блукалі ўпрыцем, не галасілі –
Глядзелі ў неба, не меўшы крылы.

Людзі адвеку не мелі крылы,
Збіралі камні, гарнулі спіны,
І… раскідалі, аж да знясілля…
Глядзелі ў неба – шукалі крылля.

Людзі адвеку не мелі крылаў.
Ды мелі ў сэрцы Ісуса, Шыву,
Ды мелі Веру, і з Верай – Сілу!
І з Верай –  Неба, не меўшы крылаў!..

* * *

Пад крылaмі аблокаў
Сінявокі мой край.
Азірніся навокал —
Гэты кут, нібы рай!

Рэкі тут і азёры,
Пушчы тут і лясы.
Ты паслухай, гавораць
Продкаў скрозь галасы!

Дыванамі — палеткі
Паміж стужак-дарог.
Колькі ж фарбаў у кветак —
Неабсяжны разлог!

Запытайся і ў ветру,
І ў аблокаў спытай,
Дзе ёсць край больш прыветны,
Чым палескі мой край?!

 Размова з ветрам

Вятрыска-вецер!
Стой! Куды ляціш?
Куды кіруеш крыламі аблокаў?!
Твая жалейка парушае ціш,
Музыка-вецер – майстар найвысокі!..

Навошта хмары скручваешу клубок?
Падолы рвеш бязлітасна на дрэвах?
Ну што ж ты, вецер?
Ці ж у гэтым прок?
Ды годзе ўжо!
Ці ў тым твая патрэба?..

Пастой жа, вецер,
Дружа мой, пастой!
Не рві мне косы!
Я даўно не тая!
Дазволь сагрэцца ў бездані пустой
І не счарсцвець у сіверным адчаі.

І не растраціць тое, што здаўна
Падараваў-узнагародзіў Творца.
Пастой жа, вецер!
Хопіць жа спаўна
Шугаць-пужаць у цемені бясконцай!

Ты лепей злёгку голле палюляй –
Няхай паснуць збянтэжаныя птушкі.
А потым ціха-ціха мне найграй
Сваёй жалейкай песню Папялушкі.

←Состоялся отчетный концерт студии эстрадной гитары «Виртуоз»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика