Аматарскае аб’яднанне «Палескі шлях» у Пiнску адраджае традыцыі беларускага Палесся
Зусім нядаўна ў Пінску, пры гарадскім Доме культуры, пачало працаваць аматарскае аб’яднанне «Палескі шлях». Вельмі сімвалічна, што суполка ўзнікла менавіта ў Год малой радзімы.
Сярод удзельнікаў аб’яднання – вядомыя ў горадзе майстры-рамеснікі: кавалі і разьбяры па дрэве, ганчары і сталяры, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і выкладчыкі, а таксама ўсе тыя, каму неабыякавы лёс беларускага Палесся. Асноўныя мэты, якія яны ставяць перад сабой, – адраджэнне традыцыйных палескіх рамёстваў, народных абрадаў і свят, арганізацыя майстар-класаў з удзелам вядомых на Палессі рамеснікаў, навучанне моладзі і раскрыццё яе творчага патэнцыялу.
«Мы будзем адраджаць і прывіваць любоў да нашага ўнікальнага краю, дзе перапляліся розныя культуры славянскіх народаў», – падкрэслівае ўдзельнік суполкі, каваль Аляксей Наздрын.
У сваю першую сустрэчу прадстаўнікі аб’яднання вырашылі правесці свята «Чырвоная горка», якое азначае абуджэнне і зараджэнне новага жыцця, перамогу вясны над доўгай зімой. Яго сутнасць – сустрэча і прывітанне вясны ў яе поўнай сіле і прыгажосці.
У даўнія часы лічылі, што прырода да гэтага дня ўжо цалкам знаходзіцца ва ўладзе яркай квітнеючай вясны, а наперадзе чакаюць працоўная гарачая пара і збор ураджаю.
У сцэнарыі прысутнічалі элементы старадаўніх вясновых абрадаў. Удзельнікі мерапрыемства апрацоўвалі раллю, хадзілі за плугам і сеялі збожжа будучага ўраджаю. Потым сустрэлі маладога Ярылу на белым кані і пасваталі яго з прыгажуняй – вясной Лёляй. Вяселле, зразумела, было сімвалічным і больш нагадвала тэатралізаванае прадстаўленне, а вось карагоды і вясёлыя гульні былі самыя сапраўдныя.
На свяце прысутнічала шмат сямейных пар, большасць прыйшлі з дзеткамі. Для хлопчыкаў і дзяўчынак арганізавалі катанне на конях, рухомыя гульні. Мужчын жа чакалі сапраўдныя забавы, годныя волатаў, напрыклад, спаборніцтвы на моц, кіданне бервяна, молата, а таксама конкурсы, у якіх можна праявіць свой спрыт і кемлівасць.
Усіх стомленых у спаборніцтвах чакалі смачныя стравы. Сярод пачастункаў – у асноўным, натуральныя і традыцыйныя прадукты: кулічы, пірагі, гародніна і садавіна. Своеасаблівым завяршэннем свята стала прыгатаванне агульнай яечні. Кожны ўдзельнік свята выбіў прынесенае з сабой яйка на вялікую бляху, пасля чаго ўсімі любімую страву падсмажылі на агні і з вялікім задавальненнем паспыталі.
Прадстаўнікі суполкі плануюць шэраг цікавых мерапрыемстваў.
Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота прадастаўлены ўдзельнікамі аб’яднання.