Канцэрт полацкіх пагранічнікаў – падарунак да Дня Перамогі
Напярэдадні Дня Перамогі прыемным падарункам для шаркаўчан стаў канцэрт ваеннага духавога аркестра Полацкага пагранічнага атрада, які адбыўся 8 мая ў раённым цэнтры культуры.
Ужо не першы раз полацкія пагранічнікі прыязджаюць у наш гарадскі пасёлак са сваёй святочнай праграмай, вось і на гэты раз у глядзельнай зале раённага цэнтра культуры было вельмі шматлюдна.
А ў рэпертуары духавога аркестра – музыка на любы густ: класіка, маршы, танцавальная музыка, эстрадныя і лірычныя кампазіцыі і, вядома ж, патрыятычныя песні. Прафесіяналізм, бездакорнае выкананне музыкантаў, цудоўны вакал салістаў аркестра дарылі радасць кожнаму гледачу ў зале.
З самага пачатку абаяльныя вядучыя настроілі гледачоў на пазітыўны лад. Канцэрт праходзіў дынамічна, гледачы з захапленнем назіралі за выступленнямі і дарылі пагранічнікам свае гучныя апладысменты. На сцэне і ў зале панавала па-сапраўднаму святочная і цёплая атмасфера. Ярка і відовішчна музыканты і салісты аркестра прадэманстравалі шаркаўчанам свае лепшыя музычныя нумары, спявалі і ігралі на сцэне, аддаючы ў зал сваю станоўчую энергетыку. Са сцэны гучалі новыя і ўсім вядомыя кампазіцыі, і гледачы з задавальненнем падпявалі артыстам.