У пошуках нязведанага

Источник материала:  

У пошуках нязведанагаПісьменнік, журналіст, публіцыст, рэжысёр, сцэнарыст, Рыгор Мікалаевіч Андрэявец нарадзіўся 7 мая 1948 года ў вёсцы Пустая Града Лоеўскага раёна.
Пачатковую адукацыю атрымаў у роднай вёсцы. Далей вучыўся ў Міхалёўскай васьмігадовай школе. У старэйшыя класы дабіраўся ў Суткова.
З дзяцінства зачаравала, узяла ў палон Рыгора Андрэяўца кніга. Цалкам перачытаў невялічкую бібліятэчку ў Пустаградскай школе. У Міхалёўскай сельскай бібліятэцы кніжак было болей. Там бібліятэкарам працаваў франтавік дзядзька Васіль. Сярод чытачоў ён адразу вызначыў Рыгора Андрэяўца і заўжды для яго прыхоўваў новыя паступленні.
Кніжныя страсці гналі Рыгора і ў суседнія вёскі. Яму здавалася, што там ён абавязкова знойдзе яшчэ нікім не прачытанае.
Калі вучыўся ў васьмігодцы, напісаў першую заметку ў Рэчыцкую раённую газету “Дняпровец” (Лоеўшчына тады ўваходзіла ў склад Рэчыцкага раёна). Заметку надрукавалі, і за яе яшчэ прыслалі грошы. Яны былі зусім не лішнімі ў сямейным бюджэце: маці будучага пісьменніка за месяц працы ў калгасе атрымлівала нават менш, чым ён за невялічкі артыкул.
З таго часу ўсе падзеі, якія адбываліся ў родным калгасе “Дружба” і суседнім саўгасе “Дняпроўскі”, Рыгор апісваў у сваіх лістах у рэдакцыю раёнкі.
Напрыканцы дзясятага класа галоўны рэдактар “Дняпроўца” Барыс Міхайлавіч Карпенка прапанаваў маладому селькору пайсці працаваць да іх у газету. Той з радасцю пагадзіўся.
Днямі ён ездзіў па раёне, здабываючы для газеты інфармацыю, а вечарамі вучыўся ў Рэчыцкай вячэрняй школе.
Потым была вучоба ў Гомельскім універсітэце. У інтэрнаце па вуліцы Савецкай гняздзіўся ў той час Гомельскі літаратурны Рэнесанс. Там жылі паэтэсы Ніна Шклярава, Таіса Мельчанка, паэты Віктар Ярац і Мікола Хамянкоў, журналіст і пачынаючы празаік Рыгор Андрэявец. Да іх часта заходзілі ўжо вядомыя паэты Міхась Башлакоў і Юрый Фатнеў.
Рыгор Мікалаевіч Андрэявец і цяпер добра памятае тую сустрэчу са знакамітым Іванам Пятровічам Шамякіным. Яе арганізавала зямлячка пісьменніка Ніна Шклярава. Перад сустрэчай яна ўзяла ў Рыгора Андрэяўца апавяданне “Яснавочка” і сказала, што пакажа яго славутаму празаіку.
Іван Шамякін у размове з Рыгорам быў спагадлівы, але даў зразумець, што пісьменніцкая справа — адказны занятак:
— У тваім апавяданні атрымаўся не жывы герой, а выдуманы. Кніжны. А трэба быць бліжэй да жыцця. Хіба ў тваёй вёсцы няма сапраўдных герояў? Ёсць. Толькі іх трэба ўбачыць. Вось і шукай! А пісаць табе трэба. Стыль амаль ужо выпрацаваны ды і мова добрая.
І зазначыў на развітанне:
— Больш пішы і шукай сваіх герояў. Сваю тэму.
Але да сваіх герояў і да сваёй тэмы Рыгору Мікалаевічу доўга яшчэ давялося ісці.
Некаторы час ён працаваў настаўнікам роднай мовы і літаратуры ў Шапчыцкай васьмігодцы, куды яго запрасіў паэт Васіль Клімянкоў, які быў там дырэктарам.
Пасля Рыгор Андрэявец працаваў дырэктарам роднай Міхалёўскай школы. Змяніць геаграфічнае месца прымусілі абставіны. Жонка Таццяна вучылася на стацыянары ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце. Давялося даглядаць сына Славу самому. Адначасова кіраваў школай і быў нянькай.
Потым была служба ў радах Савецкай арміі. Пасля яе жыццё прысвяціў журналістыцы. Працаваў у газеце “Звязда” на меліярацыі Палесся”. Яна была створана сталічнай “Звяздой” для асвятлення пытанняў меліярацыі і асваення зямель беларускага Палесся. Быў уласным карэспандэнтам па Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Пэўны час Р. Андрэявец працаваў старшым карэспандэнтам “Гомельскай праўды”. Потым на конкурснай аснове быў абраны галоўным рэдактарам газеты “Гомельскія ведамасці”. Новае выданне адразу заявіла пра сябе навізной тэматыкі, аналітычнымі матэрыяламі і смеласцю адстойваць сваю думку з апанентамі.
Штуршком для занятку літаратурай стала праца Рыгора Андрэяўца ў літаратурна-гістарычным часопісе “Палессе”, які ён арганізаваў у Гомелі і адначасова стаў яго галоўным рэдактарам. Вакол часопіса пачалі гуртавацца літаратурныя і творчыя сілы не толькі Беларусі, але і рэгіёнаў Расіі, Украіны.
Часопіс “Палессе” друкаваў у асноўным тых аўтараў, да якіх не было спраў сталіцам. Часам надрукаванае ўпершыню ў рэгіянальным СМІ перадрукоўвалі сталічныя выданні.
За дзесяць гадоў працы ў часопісе “Палессе” былі надрукаваны раманы і аповесці новых аўтараў, пераклад на рускую мову “Сказа пра Лысую гару”, добрая публіцыстыка і шмат вершаў на ўкраінскай, беларускай і рускай мовах. За рэдактарскую дзейнасць — выданне часопіса “Палессе” — Рыгор Мікалаевіч Андрэявец быў удастоены міжнароднай прэміі Баяна.
З-за фінансавых праблем выданне часопіса было спынена. Рыгор Андрэявец стаў працаваць старшым рэдактарам на Гомельскім тэлебачанні.
Таленавіты чалавек таленавіты ў многім. Талент Рыгора Мікалаевіча адкрыўся і ў тэлежурналістыцы, дзе ён стаў рэжысёрам і сцэнарыстам каля двух дзясяткаў дакументальных фільмаў. Самымі значнымі сярод іх лічацца “Князь-возера”, “Тураў — сталіца дрыгавічоў”, “Казацкія Балсуны” і іншыя. За фільм “Паляванне на ваўкоў” Р.М. Андрэявец адзначаны міжнародным дыпломам сярод аўтараў дакументальнага кіно.
Яму ўжо было 54 гады, калі ў Маскве ён выдаў сваю першую кніжку “Беларусы ў Расіі”, дзе даў поўны малюнак па рассяленні беларусаў на вялізных прасторах Расіі, іх колькасці ў рэспубліках, краях, акругах, абласцях. Былі ў кнізе надрукаваны і 28 нарысаў пра знакамітых землякоў, сярод якіх можна бачыць міністраў і генералаў, дырэктараў заводаў і прадпрымальнікаў, банкіраў і пісьменнікаў, навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў.
Кніга стала падзеяй. Р.М. Андрэявец стаў лаўрэатам прэміі “Лепшыя пёры Расіі”, якую тады ўручаў Прэзідэнт Расіі У.У. Пуцін. За шаснаццаць гадоў творчай дзейнасці напісаў 17 кніжак, 12 з якіх надрукаваны ў Маскве і Гомелі.
Наступныя яго кніжкі “Дзве Радзімы” і “Разведчык Генеральнага штаба” былі працягам тэмы беларусаў у Расіі. “Дзве Радзімы”— гэта адкрыццё беларусаў у тоўшчы стагоддзяў. Па падліках Р. Андрэяўца, на працягу тысячы гадоў у Расію перабралася звыш дзесяці мільёнаў беларусаў!
У кнізе “Разведчык Генеральнага штаба” Рыгор Андрэявец вяртае добрае імя земляка Івана Коласа, чалавека, які стаяў ля вытокаў партызанскага руху на роднай Гомельшчыне, а потым выконваў адказныя заданні пад грыфам “совершенно секретно” у многіх краінах Еўропы. Яго партрэт вісіць у галоўным упраўленні разведкі Расіі поруч з партрэтамі Рыхарда Зорге, Льва Маневіча і іншых.
Але, на жаль, пра яго мала хто ведае ў роднай Беларусі.
Дарэчы, усе гэтыя кнігі знаходзяцца ў фондах Расійскай акадэміі навук. Яны палічаны за навуковыя манаграфіі, якія раскрываюць невядомыя старонкі беларускай і рускай гісторыі.
Проза Р.М. Андрэяўца знаходзіцца на мяжы раскаванага апавядання і навуковага адкрыцця. Жанр гэты ён вызначыў як гістарычнае эсэ. І верны яму ў апошніх двух сваіх кнігах “Дзве бітвы Старажытнай Русі” і “Код Скарыны”, якія выйшлі ў мінулым годзе і сталі падзеяй не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Дзве знакамітыя летапісныя бітвы 984 і 1016 гг. аўтар лакалізуе на тэрыторыі Лоеўскага раёна. У гэтай жа кнізе ён адкрывае першую казацкую рэспубліку на тэрыторыі пяці раёнаў сучаснай Беларусі.
Кніга-гіпотэза “Код Скарыны” запаўняе “белыя плямы” біяграфіі Францыска Скарыны. У ёй упершыню падрабязна расказваецца пра занятак Скарыны алхіміяй, пра тое, што, карыстаючыся паперамі Францыска Скарыны, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Рудольф II Габсбург атрымаў чыстае герметычнае золата.
Адкрываць дагэтуль раней невядомае — гэта дэвіз пісьменніка Рыгора Андрэяўца. І ў яго ненадрукаваных кнігах “Атаман Галака”, “Палескія разбойнікі”, “Казакі Падняпроўя”, “Рэзідэнт ГРУ” расказваецца не толькі пра малавядомыя старонкі беларускай гісторыі, але і гісторыі Еўропы. Думаецца, што з цягам часу яны дойдуць да чытачоў.
Рыгор Мікалаевіч Андрэявец і цяпер у творчым пошуку. На яго рабочым стале новая кніга “Мой Санкт-Пецярбург”. Выданне яе чакаецца ў будучым годзе.
Пажадаем жа яму добрага здароўя і новых творчых поспехаў!
Саюз пісьменнікаў.

←Приз - 5 тысяч долларов. 16-летний минчанин победил на престижном конкурсе пианистов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика