Высокая нота поспеху
Штогод Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь праводзіць фестываль мастацкай творчасці сярод органаў, падраздзяленняў і арганізацый гэтай галіны. Сёлета мерапрыемства прайшло ў дваццаты раз.
У конкурсе прынялі ўдзел творчыя калектывы Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, Дзяржкамчарнобыля, Дзяржатамнагляду і спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. У іх ліку былі не толькі работнікі сістэмы МНС Беларусі, але і іх дзеці, блізкія родзічы.
Пастаяннымі ўдзельнікамі гэтага творчага конкурсу з’яўляюцца работнікі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Як заўсёды, яны прадстаўлялі Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Хайнічане пастаянна прысвячаюць свой вольны час падтрымцы вакальных і артыстычных здольнасцей. Дапамагае ўдасканальваць вакал і рабіць складаныя шматгалосыя партыі спевакам-аматарам акампаніятар Цэнтра культуры Дзяніс Шарапаў.
У ХХ фестывалі салісты вакальнага ансамбля запаведніка: Марына Краўчанка, Наталля Шарапава, Андрэй Лобан, Генадзій Прышчэп, Міхаіл Краўчанка, Алег Казыра і Юрый Гушчанка ўдастоены высокіх узнагарод за бліскучае выкананне кампазіцый. У прыватнасці, Дыпломы І ступені хайнічане атрымалі ў намінацыях «Лепшы вакальны ансамбль фестывалю» і «Эстрадная песня» за песню «Печкі-лавачкі». Іх уручыў міністр МНС Рэспублікі Беларусь У.А. Вашчанка. Трыа ў складзе Міхаіла Краўчанкі, Андрэя Лобана і Дзяніса Шарапава атрымала Дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Патрыятычная песня», выканаўшы песню «Героі». Віншуем!
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.