Ведай нашых: «Лобезка баба Велікодна»

Источник материала:  

 

Ведай нашых: «Лобезка баба Велікодна»
Пра Галіну Вярэніч са Століна мы пісалі, калі яна пакарыла журы на музычным шоу талентаў «Х-Фактар», што праходзіў у Кіеве.

З таго часу дзяўчына, якая з’яўляецца студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, працягвае займацца любімай справай: арганізоўвае канцэрты для сваіх сяброў, прымае ўдзел у конкурсах. А не так даўно яна стала пераможцай XIV Міжнароднага фальклорнага фестывалю “Лобезка баба Велікодна” ў намінацыі “Ігра на цымбалах”, які праходзіў у польскім горадзе Лобез. Больш таго,  універсітэцкі гурт “Этнасуполка” ў складзе якога выступала Галіна Вярэніч, атрымаў Гран-пры. Гэтая падзея і стала тэмай нашай размовы.

— Аказваецца, Галіна, ты не толькі з гітарай сябруеш, але і цымбалы ў тваіх руках гучаць цудоўна!

— Цымбалы я вывучала на музычным аддзяленні ў школе, але ва ўніверсітэце яны вывучаюцца больш глыбока. Калі з’явілася магчымасць прыняць удзел у фестывалі, згадзілася без разваг! Тым больш, што навуковы кіраўнік Таццяна Аляксандраўна Пладунова не толькі падтрымала, але і дапамагла з дагаварамі. Падрыхтавала два творы — “Нарэчанька” і “Месяц” і разам з гуртом паехала ў Польшчу. На сцэне пакінула ўсе свае думкі і проста атрымлівала асалоду. І калі даведалася, што заняла першае месца – радасці не было мяжы.

— Ты ўпершыню наведала суседнюю краіну. Што цябе ўразіла найбольш?

— Уразіла атмасфера свята, якая панавала паўсюль. Аказваецца, гэты фестываль праводзіцца штогод перад каталіцкай Пасхай і збірае фальклорныя гурты і выканаўцаў з розных краін. Нас віталі як самых дарагіх гасцей. Цікава, як захоўваюць традыцыі ў іншых краінах. У гэтым і была галоўная задача фестывалю – памятаць пра свае карані і ашчадна зберагаць духоўны скарб для нашчадкаў. Не без гонару скажу, што нашаму калектыву ўдалося пакарыць журы. Мы паказалі  беларускую народную гульню “Жаніцьба Цярэшкі”, у якую спрадвеку гуляла нежанатая моладзь. У даўніну гульня мела сакральнае значэнне, бо з’яўлялася репетыцыяй вясельных абрадаў (маладыя людзі выбіралі сабе пару, жартоўна «жаніліся»). Нярэдка пары, якія складаліся ў час гульні, потым сапраўды браліся шлюбам. Выступленне прыйшлося даспадобы і гледачам, якія віталі нас гучнымі апладысментамі!

Сам горад Лобез, дзе ладзіўся фестываль, невялікі. Падобны на наш Столін, толькі адрозніваецца сваёй старажытнасцю. Калі наш райцэнтр пастаянна абнаўляецца, то тут, здаецца, нічога не мяняецца. І ў гэтым ёсць свае прычыны: у горадзе вельмі многа помнікаў архітэктуры.

Яшчэ ўразіла, як яны рыхтуюцца да Вялікадня. Мы заўважылі, што па горадзе ідуць людзі з самаробнымі букетамі-пальмамі, якія дасягалі ў вышыню некалькіх метраў. Як аказалася, мы трапілі якраз на Пальмавую нядзелю, якая святкуюцца за тыдзень перад Вялікаднем. Пальмы складаліся з галінак самшыту, вярбы і звычайных лугавых кветах. Некаторыя “пальмы” былі ўпрыгожаны стужкамі, а таксама салодкасцямі і садавіной. “Пальмавая” нядзеля вельмі падобна на праваслаўную Вербную ня-дзелю.

— Галіна, калі на “X-Фактары” ты спявала сваю песню пра “МакДональдс” пад акампанемент гітары, то тут ты іграла на цымбалах у народным касцюме! А што табе бліжэй?

— Для мяне галоўнае — гэта эмоцыі, якія я атрымліваю падчас выступлення. Гэта мой дэвіз. Я ніколі не стану займацца тым, што мне нецікава. І выступленне ў Кіеве, і ўдзел у фальклорным фестывалі ў Польшчы для мяне аднолькава важныя і дарагія.  Па-першае, гэта сур’ёзная праверка маіх здольнасцяў. А па-другое, гэта каштоўны вопыт, які нельга атрымаць ні на адной лекцыі.

— У гэтым годзе ты развітаешся з універсітэтам. Пэўна, у цябе ўжо ёсць планы на будучыню?

— Сапраўды, у гэтым годзе я заканчваю вучобу і, прызнаюся, нейкі смутак усё ж час ад часу апаноўвае мяне. Чакаю размеркавання, але ў планах застацца ў сталіцы. Горад палюбіла ўсёй душой і адчуваю сябе ў ім, як рыба ў вадзе. Што тычыцца работы, то хацела б стаць удзельніцай народнага калектыву і развівацца далей. Спадзяюся, цымбалы мне ў гэтым дапамогуць.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота з альбома

Галіны Вярэніч

←Новую праграму падрыхтавалі “Вечарынка” і “Нальшчаначка” з Жодзішкаўскага ДК

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика