Год малой радзімы: Вясеннія традыцыі Століншчыны

Источник материала:  

 

Год малой радзімы:  Вясеннія традыцыі  Століншчыны
Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі выступіў  ініцыятарам правядзення адкрытых міжрэгіянальных майстар-класаў педагогаў дадатковай адукацыі  “Абрадавая атрыбутыка і народная лялька ў святочнай культуры беларусаў” (веснавы святочна-абрадавы цыкл).

Чацвёртага красавіка на базе Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці арганізавалі сумесны творчы праект “Вывучэнне вясенніх народных традыцый Століншчыны”. У мерапрыемстве   ўдзельнічалі настаўнікі раёна, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці музычны фальклор ці дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, і педагогі  з Брэста, Лунінца, Пінска, Іванава і Жабінкі.

Педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік узорнай студыі народных промыслаў “Вышыванка” Валянціна Мікалаеўна Лёгкая настроіла гасцей на станоўчы лад. У актавай зале гучалі беларускія народныя песні. Была арганізавана выстаўка работ удзельнікаў студыі і яе кіраўніка.

Валянціна Лёгкая звярнулася да тэмы “Народная лялька ў традыцыйным рэгіянальным касцюме і яе ўдзел у абрадзе “Гуканне вясны”. Яна расказала, як з дапамогай нітак, іголкі і іншых прыстасаванняў можна навучыць дзяцей тварыць цуды, паступова прывучаючы іх да народных традыцый, абрадаў. Валянціна Мікалаеўна правяла паказ народных строяў розных населеных пунктаў раёна. Расказала, як удзельнікі студыі адшукваюць вышываную кашулю і здымаюць з яе ўзоры, а пасля рыхтуюць аўтэнтычны выраб. Выхаванцы студыі паказалі прысутным убранні, што характэрны для Церабліч, Хатомеля, Кароціч і свае аналагі. Да таго ж у “студыйцаў” ёсць аналагічная лялька, якая з‘яўляецца прататыпам убачанага народнага строю. У час правядзення майстар-класа дэтальна быў разгледжаны абрад “Гуканне вясны”, галоўнай атрыбутыкай якога з’яўляецца дрэва, упрыгожанае рознакаляровымі стужкамі, птушкамі і абрадавымі лялькамі “Марцінічкамі”.Год малой радзімы:  Вясеннія традыцыі  Століншчыны

 Захапіў прысутных сам майстар-клас, у час якога пад кіраўніцтвам Валянціны Мікалаеўны госці спрабавалі самастойна зрабіць лялькі і апрануць іх у кашулі.

Далей удзельнікаў мерапрыемства гасцінна сустрэлі ў сярэдняй школе № 2 г. Століна.  Склалася ўражанне, што прысутныя апынуліся ў мінулым, дзе нашы дзяды і прадзеды традыцыйна вадзілі карагоды, спявалі народныя песні (у дадзеным выпадку  — гэта вясенні цыкл) і весяліліся ў час масавых  гульняў і забаў, што збіралі ўсіх жадаючых на гульнёвы падворак.  Педагог сярэдняй школы № 2 г. Століна, кіраўнік узорнага ансамблю народнай песні “Весялінка” Тамара Яўгенаўна Дзенісовіч правяла майстар-клас па народных спевах “Вясеннія абрады Столінскага рэгіёна”. Навучэнцы ўстановы разам з педагогам прадэманстравалі, як раней вясну гукалі, ды так яскрава і мілагучна, што ніхто з гасцей не змог застацца абыякавым да гэтай дзеі.

 Не абышлося і без  майстар-класа па харэаграфіі «Рэгіянальныя і бытавыя танцы Століншчыны», які правёў педагог гэтай школы, кіраўнік узорнага ансамблю фальклорнага танца “Палескія плясуны”  Іван Лукашавіч Лёгкі. Спачатку Іван Лукашавіч падзяліўся вопытам, як  ён запісваў танцы ў вёсках Століншчыны, а ўдзельнікі калектыву прадэманстравалі некалькі абрадавых танцаў. Госці з задавальненнем скакалі нашу лядзецкую полечку і падыспань, удзельнічалі ў гульнях.

Метадыст Брэсцкага абласнога цэнт-ра турызму і краязнаўства  дзяцей і моладзі Таццяна Мікалаеўна Крыльчук   адзначыла, што мерапрыемства прайшло на высокім узроўні і падзякавала яго арганізатарам за такія цікавыя і змястоўныя майстар-класы.

Арганізатары творчага праекта выказваюць падзяку аддзелу адукацыі, спорту і турызму, дырэктару філіяла ААТ “Берасцейскі пекар” Давыд-Гарадоцкі хлебазавод Сяргею Васільевічу Леанаўцу за дапамогу ў  падрыхтоўцы мерапрыемства.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара і Віталія ЧЫНІКАЙЛЫ

←Тест. Какой вы рок-н-ролльщик?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика