І Вядзьмак свой у дошку

Источник материала:  

Калі я яшчэ быў маленькім, зрэдку даводзілася чуць гісторыі пра розных нячысцікаў, што быццам жывуць зусім побач з намі: лясун гаспадарыў у лесе, вадзянік – у вадаёмах. Шэраг такіх фантастычных істот – напрыклад, дамавік ці лазнік – прыжываліся яшчэ бліжэй і сталі літаральнымі суседзямі і “сугаспадарамі” людзей. Сюжэты з гэтымі персанажамі часцяком трапляліся ў казках, пра іх распавядалі настаўнікі. Але найцікавейшымі здаваліся паданні, пачутыя ад простых людзей.

Гэта зараз я разумею, што засцярога ад роднай бабулі не лезці ў калодзеж, бо там часам з’яўляецца вадзянік, была часткай настаўлення да бяспечных паводзінаў. Вось толькі калодзеж пасля такіх гісторый вабіў яшчэ больш – хацелася дзіцяці пабачыць казачную істоту!

У той час у мяне не было падстаў сумнявацца ў рацыі людзей, што адчынялі мне дзверы ў таямнічы свет. Тады мне і не прыходзіла ў галаву, што гэта адзін са шляхоў, праз які становяцца беларусамі, палешукамі, спазнаючы родную культуру і традыцыі. Думаў, што так будзе заўсёды: старыя будуць расказваць дзятве міфы і паданні, тыя потым, дадаўшы штосьці ад сябе, будуць апавядаць гэтыя гісторыі сваім нашчадкам. Лічыў нават, што з развіццём інтэрнэту ўсё стане прасцей і даступней, маўляў, вось вам, даражэнькія, сапраўдная скарбніца нашай культуры – вывучайце, узбагачайце духоўную культуру народа.

І Вядзьмак свой у дошку
Але на справе назіраецца страта сувязі пакаленняў: хто будзе слухаць бабулю, калі ў кішэні ёсць тэлефон? Але вось дзіва: увагу дзятвы ў гаджэце прыцягваюць такія ж міфічныя істоты, толькі штучна створаныя за мяжой. Пакемоны і друіды ўжо лепш вядомыя шкалярам, чым кікімары ці багнікі. Пра сітуацыю і перспектывы яе змянення мы пагутарылі з каардынатарам праекта, прысвечанага беларускай міфалогіі, Паўлам Арловым, што завітаў днямі ў Петрыкаўскі музей, каб прэзентаваць выставу “Героі беларускіх казак, міфаў і легенд”.

Трапілым на інсталяцыю выхаванцам Цэнтра турызму і краязнаўства было на што паглядзець. Дзеці пазнаёміліся з графічнымі выявамі істот беларускага звышнатуральнага свету, якія па-майстэрску выканаў вядомы беларускі мастак Валерый Славук. Дарэчы, малюнкі нячысцікаў маглі бачыць і вы: вобразамі істот былі аздобленыя такія выданні, як “Беларускі фальклор”, “Чароўны свет” і іншыя.

На аснове малюнкаў сваю працу распачаў яшчэ адзін выдатны беларускі майстар – Антон Шыпіца, што стварыў скульптуры, пераважна ў натуральную велічыню. Зразумела, такая візуалізацыя не пакінула абыякавымі гледачоў: спачатку дзятва захаплялася знешнім выглядам саміх постацей, потым публіка пільна разглядала дэталі. Калі ўражанні ад убачанага сціхалі, шкаляры краналіся скульптур у імкненні зразумець, з чаго яны зробленыя, а сканчвалася знаёмства з кожнай фігурай традыцыйнай фотасесіяй.

У гэты час Павел Арлоў  распавядаў пра герояў выставы. Дзеці пыталіся пра тое, чым шкодная можа быць тая ці іншая істота, а я ўздыхаў, пазіраючы на выяву Дзядка з чырвонымі вачыма, бо згодна з даўнімі міфалагічнымі ўяўленнямі беларусаў, бедны, што сустрэне гэтага персанажа, адразу засне, а прачнецца з грашыма ў кішэні, а няшчасны прачнецца шчаслівым. Уласна мне б не пашкодзіла і тое, і другое.


І Вядзьмак свой у дошку

Але самае цікавае дзетак толькі чакала. Павел Арлоў, праграміст па спецыяльнасці, распрацаваў камп’ютарную гульню, лепш адчуць якую дапамагаюць акуляры віртуальнай рэальнасці. Як вы ўжо зразумелі, у гульні трэба дапамагаць добрым нячысцікам і пазбягаць шкодных істот.

Экскурсія скончылася, і мы з Паўлам распачалі размову.

Сябе Павел Арлоў з усмешкай называе масавіком-забаўнікам. Некалькі гадоў таму, набыўшы кнігу з ілюстрацыямі Валерыя Славука, хлопец літаральна захапіўся беларускай міфалогіяй. Потым пазнаёміўся з самім мастаком, гэта вылілася ў праект. Было створана некалькі скульптур, потым зрабілі анімацыю і вырашылі стварыць віртуальную гульню, каб героі лепш запаміналіся. Так стала зразумела, што для скульптур патрэбна пастаяннае месца экспазіцыі.


І Вядзьмак свой у дошку

– Мая жонка родам з Нясвіжчыны, і вось у час чарговага візіту туды, па дарозе паміж Нясвіжам і Мірам мы знайшлі занядбалую шляхецкую сядзібу ў вёсцы Вялікая Ліпа. Вырашылі аднавіць будынкі і лічым, што нашы персанажы будуць там выглядаць вельмі арганічна: нацыянальныя фантастычныя істоты ў гістарычнай шляхецкай сядзібе.

Існуюць усім добра вядомыя пакемоны, бонсцікі, дыснэеўскія персанажы, што паходзяць з Японіі, Амерыкі, Англіі ці Францыі. Мы набываем гэты прадукт і аддаём свае грошы за мяжу, а пры гэтым маем сваіх персанажаў.

І Вядзьмак свой у дошку

Даход ад пакемонаў склаў каля 7 мільярдаў долараў, чаму б нам не зарабляць на сваіх традыцыях? Грэкі ўжо больш за 100 гадоў прадаюць свету сваіх міфічных персанажаў, мільёны людзей гуляюць у польскага “Ведзьмака”. І ў нас ёсць усё для гэтага: і матэрыял, і спецыялісты. Самае галоўнае – умець падаць гэта.

Вось глядзіце: усе ведаюць галандцаў, хоць Галандыя ў 5 разоў меншая за Беларусь. Але калі ўзгадваеш гэтую краіну, у людзей абавязкова ўзнікае асацыяцыя з футболам, прыродай, млынамі і сырамі. А вось беларусаў ведаюць далёка не ўсе, а чаму? Мы прыйшлі да высновы, што трэба правільна прапагандаваць сваю культуру. А Беларусь, між іншым, адыгрывала істотную ролю ў сусветный гісторыі, дастаткова згадаць эпоху ВКЛ ці часы Вялікай Айчыннай вайны.

– Вы вернік?

– Так, я хрысціянін. Не трэба думаць, што калі мы вывучаем і ствараем праект з нячысцікамі, то абавязкова верым у іх існаванне. Мы звычайна захапляемся імі як элементам нашай старажытнай культуры. Мелі месца і забабоны. Першапачаткова былі праблемы са злыднем, аднойчы мы прывезлі яго на выставу і ён трапіў на адзіны нетрывалы стол, што выпадкова перасоўвалі. Скульптура разбілася. З ёй заўсёды ўзнікалі якія-небудзь праблемы, але мы ведалі, што гэта супадзенне, і калі перасталі засяроджваць увагу на цяжкасцях, яны самі сабой зніклі.

Так незаўважна прайшо паўтары гадзіны, музей зачыняўся, а Паўла чакала яшчэ  дарога да Мінска. Застаецца толькі пажадаць поспехаў гэтым творчым людзям, што не толькі захапляюцца роднай культурай, але і робяць з гэтага брэнд, прапагандуючы сярод беларусаў. Спадзяюся, што праз некалькі гадоў Вялікая Ліпа будзе абавязковым пунктам прыпынку для турыстаў, а беларускія нячысцікі ўжо не пакінуць гледачоў абыякавымі.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

←Как выглядят заброшенные места по всему миру (спойлер - побеждают растения)

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика