Памерла мовазнаўца Валянціна Лемцюгова
Пра смерць мовазнаўцы Валянціны Лемцюговай паведаміла Алена Анісім, піша «Наша Ніва».
«Учора не стала Валянціны Пятроўны Лемцюговай.
З яе імем звязана шмат важных для Беларусі і нашай філалагічнай навукі даследаванняў. Але для мяне найперш яна была добразычлівым чалавекам, унікальнай жанчынай, выдатным навукоўцам, сапраўднай беларускай патрыёткай. Дастаткова прыгадаць, як яна адстойвала артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, у якім прапісана, што спачатку назва даецца на БЕЛАРУСКАЙ мове.
У мітусні штодзённых спраў мы не паспяваем аддаць належнае пры жыцці. Застаецца толькі памяць.
Светлая памяць Валянціне Пятроўне і шчырая ўдзячнасць за яе слаўныя чалавечыя якасці і зробленыя справы!» — напісала старшыня ТБМ Алена Анісім.
Валянціне Лемцюговай было 82 гады. З 1961 працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Узначальвала Рэспубліканскую тапанімічную камісію пры НАН Беларусі.
Была навуковым рэдактарам і адным з сааўтараў нарматыўнага тапанімічнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах, «Слоўніка мовы «Нашай Нівы» ў 5 тамах (першы з іх выйшаў у 2003 годзе).
Валянціне Лецюговай даводзілася не раз адстойваць прынцыпы нацыянальнай тапаніміі пры спробах маніпуляваць гэтым народным скарбам.