Цмок, які цалуе дзевак. Пад Віцебскам ёсць музей з нячысцікамі

Источник материала:  
28.01.2018 10:45 — Новости Культуры

Хочаце, каб ваша сэрца забілася часцей? Тады вам у вёску Заронава Віцебскага раёна. Менавіта тут, у падвале народнага гісторыка-краязнаўчага музея, прапісаліся навакольныя нячысцікі. Да іх у госці схадзіла карэспандэнт «СБ Беларусь Сегодня».


Музею «Гісторыя Заронаўскага краю» больш за тры дзесяцігоддзі. А ў 2014-м тут адкрылі ўнікальную міфалагічную залу, дзе жывуць беларускія нячысцікі ды іншыя незвычайныя істоты. Аналагаў у Беларусі няма. Нешта падобнае можна сустрэць хіба што ў расійскім Углічы — у музеі рускай міфалогіі. А калі ў Заронава пабывала дэлегацыя з краін Балтыі, паўстала паралель з Музеем чарцей у Каўнасе. Літоўскі будынак у некалькі паверхаў вядомы тым, што яго «насяляюць» каля 3000 рагата-хвастатых з усяго свету. Пад Віцебскам колькасць міфічных экспанатаў больш сціплая. Зрэшты, цікаўнасць ў наведвальнікаў ад гэтага не змяншаецца.

Дырэктар музея Людміла Нікіціна запрашае ўсіх жадаючых акунуцца ў дзівосны свет міфалогіі:

— Зала складаецца з дзвюх частак. На ўваходзе ў падвал гасцей сустракаюць водныя і балотныя нячысцікі: аржавень, багнік, лазнік, русалкі, вечны халасцяк вадзянік… Ёсць і ціхоня, якога ніхто ніколі не бачыў, бо на балоце паводзіць сябе ціхенька — толькі бурбалкамі выдае сябе. А гэта наш цмок, які летам і восенню жыве ў заронаўскім возеры, а на зіму перасяляецца да нас. Чаму ён цмок? Таму што любіць цмокаць — цалавацца з дзеўкамі. (Смяецца.) Але лялі-валі з цмокам да дабра не давядуць.

Мясцовы аўтэнтычны фальклор далёкі ад хорару. Персанажы, хаця і здольныя паказаць зубкі, ціхмяныя. Акрамя таго, за імі ўважліва сочыць Гаспадар, які падтрымлівае парадак у гэтым «цёмным царстве». У яго руках вялізная булава, якая — раз! — і можа пайсці ў ход.

Далей, за цяжкімі дзвярыма, наземныя і падземныя міфічныя насельнікі. Ідучы за Людмілай Канстанцінаўнай, здавалася б, гатовая да ўсяго. Але… бадзёра падскокваю, пачуўшы з цемры эпічнае «бу». Харызматычная 395-гадовая Ягодка (Аляксандра Гваздзёва) — проста супер. Галоўная кіношная Баба-яга Савецкага Саюза — Георгій Міляр, цалкам ухваліў бы такую «калегу».

Даўно ўжыліся ў ролю і іншыя ўдзельнікі «Юных экскурсаводаў» — аб’яднання па інтарэсах, якім кіруе Людміла Нікіціна. Вучні Суйкаўскай школы Мікіта Шыбека і Ліза Семенчукова — сапраўдныя памочнікі сваёй настаўніцы: вядуць экскурсіі з агеньчыкам, усё ад зубоў адскоквае.

Фішка міфалагічнай залы ў тым, што ўсе персанажы не з галавы. Іх стварылі, узяўшы за арыенцір кнігу Мікалая Нікіфароўскага «Нячысцікі…».

Мікалай Нікіфароўскі - ураджэнец тутэйшых мясцін, вядомы беларускі этнограф і фалькларыст, жыў на мяжы XIX-XX стагоддзяў. Цікавіўся гісторыяй суіснавання міфалагічных істот і людзей. Ён сцвярджаў, што ў паўночным беларускім краі «нячысцікаў» хапае. І нават стварыў для іх своеасаблівы пашпарт — звод простанародных паданняў пра нячыстую сілу.

Менавіта на аснове даследаванняў Нікіфароўскага і з’явілася найцікавейшая экспазіцыя ў Заронава.

Ягодка радасна знаёміць мяне з мясцовай прыгажуняй, сваёй роднай сястрой Ягіней, якой усяго… 400 гадочкаў:

— Ох і любіць яна гасцей — маладзенькіх, смачненькіх… Зірніце, хто гэта ў яе на печы? Змей — вялікі, чорны, толькі вочкі блішчаць. Беларусы лічылі змея ўвасабленнем дамавіка. Калі ён на печы, то ў хаце лад.


Са сцяны на наведвальнікаў пазірае Зюзя — беларускі прататып Дзеда Мароза. Шэшкі (маленькія смешныя чарцяняты), Палявік, Падпечнік, Паветрык, ахі і охі… Якіх толькі міфалагічных істот тут няма! Не абыходзіцца без жукоў, павукоў ды змей. Зразумела, не натуральных, але ў момант глыбокага пагружэння ў казку пра гэта разважаць няма калі. Рэагуеш хутчэй, чым усведамляеш, запэўнівае Людміла Нікіціна:

— Пакладзеш маленькую змейку на плячо, і пачынаецца сапраўдны экстрым. Стрымаць эмоцыі няпроста.

Ягодка яшчэ можа пачаставаць гасцей смачным варывам з катла: чарвячкі, павучкі, курыныя лапкі і іншыя «далікатэсы». Калі "кулінарная бомба" гатовая, мясцовая Бабка Ёжка бярэ лыжку і з задавальненнем дэгустуе — слабанервовым не глядзець. Твары сведкаў дзейства выцягваюцца, а вусны складваюцца ў літару «о». І дарма. Самыя смелыя могуць пераканацца: усё не толькі ядомае, а нават вельмі смачнае. У гаспадыні музея загадзя прызапашаны іншы кацялок замест бутафорскага. А там сапраўды апетытныя прысмакі.

Суразмоўніца ўспамінае, як стваралі міфалагічную залу:

— Ідэю ўдалося ўвасобіць дзякуючы фінансавай падтрымцы Віцебскага райвыканкама, творчай дапамозе настаўніцы Суйкаўскай школы Наталлі Шыкаровай і вучняў. Наташа — выдатная мастачка, яна на пэўны час, лічы, перасялілася ў падвал музея, каб удыхнуць у яго новае жыццё. Але падмурак для залы з нячысцікамі заклалалі яшчэ раней. Калісьці я выкладала дзецям беларускую мову і літаратуру ў мясцовай школе. Тэма беларускай міфалогіі была адной з самых займальных. Хатняе заданне — прадставіць і сваімі рукамі вырабіць герояў нашага фальклору. Спробы дзетак потым дадавалі каларыту «Беларускай хатцы».

Унікальны для Беларусі музей — зусім не заляцанні да нячыстай сілы. Перш за ўсё гэта папулярызацыя беларускага фальклору. А ўсё незвычайнае цікава і дарослым, і дзецям, нават калі адкінуць убок веру ў звышнатуральнае і невытлумачальнае. На пытанне, ці ёсць жаданне пашырыць кампанію нячысцікаў, гаспадыня адказвае станоўча. Так, чаму б не прапісаць тут самую папулярную ў Беларусі міфічную істоту — ваўкалака?

Музей у Заронава — ужо брэнд Віцебскага раёна. Дзецішча Людмілы Нікіцінай папулярна і ў будні, і ў святы. Нярэдка сюды прывозяць гасцей «Славянскага базару ў Віцебску», і яны ў захапленні ад беларускай «экзотыкі».

У некалькіх залах — больш за 20 тысяч экспанатаў, падораных ці сабраных падчас фальклорных экспедыцый. Тут прылады працы нашых продкаў, прадметы савецкага побыту, фотаапараты, рарытэтныя навагоднія цацкі, вышыванкі, гадзіннікі, самавары — як у Грэцыі, усё ёсць. І пра кожную рэч Людміла Канстанцінаўна і яе юныя экскурсаводы могуць распавесці цэлую гісторыю.

Прыязджайце, не пашкадуеце!

←Курсы по истории Витебска покажут на местном телеканале

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика