"Падарожжа дылетанта" прыпынілася, бо Юрый Жыгамонт перанёс інфаркт
У Полацку адбылася творчая сустрэча з адным з самых пазнавальных беларускіх вядучых Беларусі — акцёрам Юрыем Жыгамонтам, чый вобраз нястомнага вандроўніка у перадачы «Падарожжа дылетанта» знаёмы многім з дзяцінства. Ён распавёў сваім прыхільнікам, чаму перадача прыпынілася і калі чакаць новых выпускаў. На сустрэчы пабываў журналіст «Витебского курьера».
Усе выпускі праграмы «Падарожжа дылетанта», якая выходзіла на партале TUT.BY са студзеня 2017 года пры падтрымцы кампаніі velcom, — вы знойдзеце тут.
Сустрэча прайшла ў рамках кампаніі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа «Выбірай сэрцам!», прысвечанай прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў. Тэма блізкая Юрыю Жыгамонту: ён сам нядаўна перажыў інфаркт. Акцёр здолеў перамагчы хваробу, не страціў прагі да жыцця, але стаў больш клапаціцца пра здароў'е і працаваць над сабой.
— Мая праграма крышачку спынілася таму, што здарыўся інфаркт. Калісьці для меня гэтае слова было далёкае. Здавалася, што гэта нешта такое страшэннае, пасля чаго ўжо людзі не жывуць. А тут гэта здарылася са мною. Мала таго, яшчэ зрабілі шунціраванне. Я стаў жыць далей, але крышачку не так, як жыў да гэтага. Прыйшлося ад чагосьці адмовіцца, — пачаў сваю размову са слухачамі ў Полацку Юрый Жыгамонт.
У вядучага спыталі, чаму у ягонай перадачы так мала сюжэтаў менавіта пра Віцебшчыну.
— Справа ў тым, што нашы храмы былі разбураны пасля вайны. І Віцебшчына была на першым месцы па зруйнаванні культавых будынкаў. Таму, калі едзеш здымаць праграму, глядзіш, каб там было нешта паказаць, а на Віцебшчыне гэтага вельмі мала. Мне Віцебшчына падабаецца сваімі азёрамі.
Пра новую праграму
— Зараз праграма будзе называцца «Падарожжа Жыгамонта». Таму што часта кажуць: «Вось прыедзе Жыгамонт». — «А хто гэта такі?». — «А гэта той, хто ходзіць у паліто такім, з сумкай, у капелюшы». — «Аа-а-а! Знаем!». Дык вось з гэтага тыдня (маецца на ўвазе тыдзень з 9 па 15 кастрычніка. — Заўвага TUT.BY) пачнуцца праграмы, яны будуць выходзіць два разы на месяц.
Пра першае падарожжа
— Я вучыўся на першым курсе тэатральна-мастацкага інстытута, быў крышку закаханы, і пачуў гісторыю, што ў Нясвіжы па парку ходзіць прывід Барбары Радзівіл і з’яўляецца закаханым. Падумаў: паеду! Сядаю ў аўтобус увечары, і да мяне падсаджваецца на прыпынку дзяўчына.
Пачалася размова: я гавару, што еду ў Нясвіж, распавядаю пра парк, замак, Барбару Радзівіл. І ўжо пад’язжаем, ёй выходзіць, і тут яна гаворыць: «Слухай, а паехалі да мяне! У нас возера там, а я блінцы такія смачныя пяку!». Карацей, не паехаў я з ёй, паехаў да Барбары.
Хаджу там па парку, няма Барбары, змерз, восень, халодна, вакзал у Нясвіжы закрыты на ноч… І думаю: «Божа мой, які ж я прыдурак! Зараз бы ўжо блінцы пякліся, з пограба нешта цікавае дасталі б…».Вось такое было маё першае «падарожжа».
Месца сілы
— У кожнай вёскі ёсць свая гісторыя, свая энергетыка. Ты яе адразу адчуваеш. Напачатку я не разумеў: прыязжаеш у адну вёску і пачынаеш стамляцца, а ў другой вёсцы — проста лётаеш. Зараз я, разумеючы гэта, па-першае, аглядаю могілкі і ў продкаў гэтай вёскі прашу дазволу на працу. Таму што ёсць сіла месца.
Калі вы возьмеце мапу ВКЛ, то Беларусь — гэта цэнтр. І вось любую вёску вазьмі - там заўсёды знойдзеш гістарычныя падзеі, там будуць курганы, будзе гарадзішча, селішча. Вёсак без гісторыі ў Беларусі наогул не існуе! Усе не аб’едзеш, але я, з сардэчна-сасудзістым захворваннем нават, упэўнены, што павінен хаця б да сотні аб’ехаць.
Пра карані
— У архівах я займаўся сваім радаводам. І кожны раз, калі знаходзіў новае імя свайго продка, было ўражанне, быццам усялялася новая сіла. Адчуваеш, што ты не проста некая прыблуда, і нешта абуджаецца ў душы. Гэта карані, якія ты павінен берагчы.
Наперадзе яшчэ чатыры сустрэчы з Юрыем Жыгамонтам у межах праекта «Выбірай сэрцам!»: 14 кастрычніка — у Ашмянах і Слоніме Гродзенскай вобласці, 20 кастрычніка — у Горках Магілёўскай вобласці, 21 кастрычніка — у Сянно Віцебскай вобласці. Падрабязней пра месца і час сустрэч — па спасылцы.
Як прайшла сустрэча з Юрыем Жыгамонтам у 2015 годзе ў Віцебску, чытайце тут.