Незвычайны востраў, чарапахавы посуд і "дзедаўскі" шлях: чым археолагаў прываблівае Міншчына

Источник материала:  
12.09.2017 11:23 — Новости Культуры

Першая археалагічная экспедыцыя Акадэміі навук на поўдзень Міншчыны адбылася яшчэ напрыканцы 1920-х. Прайшло амаль 90 гадоў, але археолагі да гэтага часу лічаць Палессе адным з самых цікавых і перспектыўных месцаў для даследаванняў. Дзякуючы сваім унікальным ландшафтам і прысутнасці вялікай колькасці балот, яно захавала безліч артэфактаў старажытнасці.

Пра таямніцы Салігоршчыны і Любаншчыны і незвычайныя адкрыцці апошніх гадоў мы вялі размову з археолагам інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдатам гістарычных навук Мікалаем Крывальцэвічам.


Ніжэй Любані і Салігорска пачынаецца Палессе — загадкавы, таямнічы і прыцягальны для археолагаў край Беларусі. На палескіх абшарах паміж Пціччу, Случчу і Ланню з глыбокай старажытнасці прасціраліся бадай самыя дрыгвяністыя і балоцістыя землі нашай краіны. У перспектыве менавіта на некалі затарфаваных нізінах, побач з пясчанымі пагоркамі варта шукаць культурныя пласты старажытных паселішчаў.

— Думка пра тое, што на Палессі было мала людскіх паселішчаў, няправільная. Палешукі не толькі з глыбокай старажытнасці добра асвоілі свае спецыфічныя ландшафты, але і здолелі ва ўсе часы мець з іх шмат выгод. Жылі пераважна на выспах і ўзвышшах. Многія вёскі і зараз стаяць на месцах паселішчаў каменнага веку. Штогод падчас археалагічных разведак, у тым ліку па Арэсе, Случы, мы адкрываем шмат новых помнікаў - слядоў паселішчаў ад эпохі каменя да эпохі жалеза і сярэдневякоўя, — расказвае археолаг.

Да і самі Салігорск і Любань, па яго словах, размяшчаюцца на месцы шматлікіх стаянак часоў каменнага, бронзавага, жалезнага вякоў і больш позніх гістарычных перыядаў. Некалькі такіх паселішчаў вывучалася ў апошнія гады на беразе створанага ў 70-я гады мінулага стагоддзя Салігорскага вадасховішча. Праўда, індустрыяльнае асваенне гэтай тэрыторыі прывяло да знішчэння вялікай колькасці помнікаў археалогіі.


— Як вы вызначаеце, да якога перыяду адносіцца тая ці іншая знаходка? — цікаўлюся.

— Вы ж зможаце адрозніць, напрыклад, аўтамабілі 50-х гадоў ад сучасных, — з усмешкай кажа мой суразмоўнік. —  Тое самае і ў археалогіі. Тыпалагічная перыядызацыя і храналогія будуецца на тым, што культура і традыцыі людзей з цягам часу мяняюцца. Мы ведаем, якая кераміка была ў ІІІ тысячагоддзі да н.э. і чым яна адрознівалася ад ІІ-га, таму нават маленькага фрагмента дастаткова, каб сказаць, калі ён быў выраблены. А дзякуючы апошнім даследаванням можна даведацца, што захоўвалі ў керамічным посудзе: рыбу, мяса ці раслінную ежу.


Салігорскі раён: востраў-прывід, таямнічы «дзедаўскі» шлях і гаршчок эпохі неаліта

Мікалай Крывальцэвіч паказвае нам адзін з рэдкіх старажытных артэфактаў Салігорскага раёна апошніх гадоў - керамічны гаршчок, які быў знойдзены падчас раскопак неалітычнага паселішча недалёка ад вадасховішча, якое размяшчаецца ў межах колішняй даліны ракі Случ. Датуецца ён ІІІ тысячагоддзем да н. э

— Рэдка бывае, што развалы гаршкоў на месцы старажытных жытлаў можна амаль цалкам сабраць. Звычайна мы знаходзім тысячы разрозненых фрагментаў керамікі. На іх рэканструкцыю можа спатрэбіцца ад некалькіх тыдняў да некалькіх гадоў, — тлумачыць гісторык. — А гэты артэфакт яшчэ і тым унікальны, што быў выраблены на этапе пераходу ад неаліту і да эпохі бронзы. Таму ў яго такія незвычайныя форма і арнамент.


Гаршчок даволі вялікі, але нашы продкі рабілі яшчэ большыя. Паколькі ў ІІІ тэсячагоддзі да н.э. ганчарны круг яшчэ не выкарыстоўваўся, фармавалі посуд з гліняных стужак. Каб верх не развальваўся, яго сцягвалі лубянымі валокнамі, якія пры абпальванні згаралі.


На поўдні Міншчыны сярод лясоў і балот існуе вялікая колькасць балотных гарадзішч, многія з якіх пакуль застаюцца неразведанымі і невывучанымі. Цікава, што сярод старых паляшукоў распаўсюджана паданене пра так званы «дзедаўскі шлях», які як-быццам цягнуўся ад Прыпяці паміж Случчу і Пціччу на поўнач да раўнінных і ўзвышаных прастораў Цэнтральнай Беларусі. І гарадзішчы, а іх тут завуць «акопамі», маглі быць неад’емным кампанентам тых старажытных шляхоў.

Вялікая цікавасць у археолагаў застаецца да так званага Князь-возера — аднаго з самых вялікіх азёр Палесся, якое знаходзіцца на мяжы Салігорскага і Жыткавіцкага раёнаў. Сярод шматлікіх паданняў існуе адно, вартае ўвагі археолагаў, — пра замак, які стаяў пасярод Князь-возера. Мікалаю Крывальцэвічу пашчасціла быць на гэтым месцы — востраве, які час ад часу паказваецца з вады. Там ён знайшоў рэшткі пабудовы з дрэва і старажытнай цэглы.

Ёсць у Салігорскім раёне яшчэ адно цікавае для археолагаў месца — гара «Старожышча» каля вёскі Папоўцы, дзе ў XVII-XVIII стагоддзях размяшчаўся Старчыцкі Петрапаўлаўскі манастыр. Некалькі гадоў таму Мікалаю Крывальцэвічу паказалі крамянёвы выраб, знойдзены ў раскапанай яме на «Старожышчы». Згаданае месца даследавалася невялікім раскопам, у якім акрамя паасобных крамянёвых вырабаў трапілася вялікая колькасць керамічнага посуду і кафлі XVII — пачатку XVIII стагоддзяў. На некаторых фрагментах кафлі праглядаліся паліхромныя выявы Радзівілаўскага герба.


— Месца гэтае патрабуе сур’ёзных даследаванняў, але зараз яно рабуецца чорнымі археолагамі, — з сумам адзначае Мікалай Крывальцэвіч.

— Яны, як і вы, шукаюць артэфакты каменнага веку? — цікаўлюся.

— Для нашых помнікаў менш пагрозы. Ёсць, канешне, аматары і гэтых старажытнасцяў. Але такія знаходкі вельмі цяжка прадаць. Чорныя археолагі не разумеюць сапраўднай каштоўнасці гэтых рэчаў і іх не цікавіць гістарычны і культурны змест такіх артэфактаў. Зараз у цане манеты, метал, упрыгожванні больш пазнейшых часоў.

Любанскі раён: скарбы на дне возера, чарапахавы посуд і падвеска, якой пяць тысячагоддзяў

Любаншчына багатая на помнікі, якія датуюцца ад эпохі каменнага веку да XIX стагоддзя. Частка з іх ужо даследавана, астатнія чакаюць сваёй чаргі.

— У Любанскім раёне ёсць цэлы пояс невялікіх забалочаных і затарфаваных азёр (Вячэра, Кузьміцкае, Баяніцкае і інш.) — рэшткі колішніх старажытных вадаёмаў. Побач з імі цягнуцца пяшчаныя грады, дзякуючы якім мы можам упэўнена гаварыць, што людзі асвоілі гэтую тэрыторыю з ранніх перыядаў каменнага веку, — зазначае археолаг. — Калі з гэтых узвышшаў спускацца ў возера і весці падводныя раскопкі, закладаць раскопы ў мокрым торфе, можна адкрыць неверагодныя каштоўнасці, якім па чатыры-дзевяць тысяч гадоў.

— Чаму яны апынуліся ў вадзе, торфе? -пытаюся.

— З-за кліматычных ваганняў. Узровень вады апускаецца — людзі селяцца бліжэй да вады, падымаецца — адыходзяць.

Цікавыя археалагічныя матэрыялы адкрыты на возеры Кузьміцкім. Паселішча тут узнікла ў IV тысячагоддзі да н. э. і існавала амаль да пачатку ІІ тысячагоддзя да н.э. На гэтай тэрыторыі Мікалай Крывальцэвіч пачаў працаваць яшчэ ў 1980-ых гадах і працягвае да гэтага часу. Ён паказвае нам некаторыя апошнія цікавыя і рэдкія знаходкі з азёрнага неалітычнага паселішча каля Кузьмічоў - кінжал з ікла дзіка і касцяную падвеску.


— Упрыгожванняў на паселішчы знойдзена даволі мала, бо раскопамі даследавалася яго перыферыйная зона, — тлумачыць Крывальцэвіч. — Цікава, што для таго, каб падвеска не круцілася, шнурок працягвалі не толькі ў дзірачку, але і мацавалі ў спецыяльна зробленым папярэчным пазе.


Аднак самая ўражвальная катэгорыя знаходак з Кузьміцкага возера — больш за дзве тысячы фрагментаў панцыра балотнай чарпахі. На многіх абломках праглядаюцца сляды іх апрацоўкі і выкарыстання … як посуд. Пад краем некаторых панцыраў ёсць аздабленне, якое нагадвае арнамент на неалітычным керамічным посудзе. З’ява ўнікальная і толькі для нашай, але і ўсёй еўрапейскай старажытнай культуры.


І ўсё ж такі самыя багатыя сюрпрызы Любанскай зямлі, лічыць археолаг, чакаюць свайго часу… на дне возера Вячэра. Велізарную колькасць рэдкіх касцяных, каменных, крамянёвых, рагавых артэфактаў ужо ўдалося здабыць са дна возера. Сярод знаходак — касцяныя вырабы з малюнкамі каменнага веку, у тым ліку сюжэтнымі, з выявамі людзей і звера. Кераміка часоў неаліту і эпохі бронзы ўражвае багаццем свайго арнаментавання. Яно выконвалася простымі ўцісканнямі, ямкамі, адбіткамі розных штампаў. У трэцім — пачатку другога тысячагоддзяў да н.э. шырока распаўсюджваюцца арнаменты, якія ўтвараліся адбіткамі шнура.


Некаторыя складаныя шнуравыя аздабленні - вынік прыкладання плеценых макрамэ да паверхні яшчэ сырога гаршка.


Вячэра, як і шмат іншых палескіх мясцін Міншчыны, яшчэ чакае сур’ёзных раскопак.

←Единственную в Беларуси черную пантеру теперь можно увидеть в Гродненском зоопарке

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика