Шопінг, кухня і карысныя парады для турыстаў. Фотаадпачынак па Швейцарыі з беларусам
Як і для большасці беларусаў, Швейцарыя была для мяне Terra incognita. Але ўсё змянілася ў 2009 годзе. Краіна далучылася да Шэнгенскага пагаднення, і я стаў рэгулярна наведваць сваіх сяброў-швейцарцаў у Цюрыху. Прапаноўваю мае самыя яркія ўражанні з падарожжаў.
Аўтар сённяшняга фотаадпачынку: чытач Павел Сім
Хто такая Гельвецыя?
Афіцыйная назва краіны — Швейцарская Канфедэрацыя. Каб увесь час не перакладаць гэтую назву на 4 дзяржаўныя мовы і не аддаваць перавагу адной з іх, карыстаюцца лацінскім варыянтам — Confoederatio Helvetica (CH).
Гельвецыя — гэта персаніфікаваны сімвал Швейцарыі, які з’явіўся ў XVII стагоддзі. Гэта жаночая фігура, падобная да грэка-рымскіх багінь. Валасы яе заплецены лаўровым вянком, з атрыбутаў прысутнічаюць кап’ё і шчыт са швейцарскім гербам. Такая вось строгая дама стаіць на абароне сваіх зямель! Выяву можна ўбачыць на манетах і паштовых марках. Імя Гельвецыя паходзіць ад назвы кельтскага племя гельветаў, якія пражывалі ў гэтай старажытнарымскай правінцыі.
Швейцарскі герб, як і сцяг, уяўляе сабой белы крыж на чырвоным полі. Швейцарцы любяць нечым вылучацца, таму і сцяг у іх не прамавугольны, а квадратны.
Лічыцца, што сімвал міжнароднай арганізацыі Чырвонага Крыжа — гэта швейцарскі сцяг, дзе колеры памянялі месцамі. Швейцарац Анры Дзюнан з’яўляецца адным з заснавальнікаў гэтай арганізацыі. Яго бюст усталяваны нават у Мінску. Дарэчы, эмблема Чырвонага крыжа з’яўляецца зарэгістраваным знакам, таму яна знікла з машын хуткай дапамогі і медыцынскіх устаноў нашай краіны.
Швейцарыя адміністратыўна падзелена на 20 кантонаў і 6 паўкантонаў. Плацёжным сродкам з’яўляецца швейцарскі франк. Да гэтых грошай трэба звыкнуць. 1/100 франка называюць рапэн (рэтарам, — нямецк.) альбо сантым (франц.), альбо чэнтэзіма (італ.). На саміх жа манетах назвa не напісана. Будзьце ўважлівымі, у якой моўнай частцы краіны знаходзіцеся!
У некаторых крамах і ў турыстычных зонах можна расплаціцца еўра, але курс будзе не вельмі добрым, рэшту вам дадуць франкамі. У банках за абмен бяруць камісію. Прасцей карыстацца карткай.
У Швейцарыі 4 дзяржаўныя мовы! Тры мовы прыйшло ад суседзяў: нямецкая, французская і італьянская. Чацвертая мова — рэтараманская. Гэта архаічная мова, носьбіты якой пражываюць у кантоне Граўбюндэн.
Вікіпедыя падказвае, што 63,7% насельніцтва размаўляe на нямецкай мове, 20,4% — на французскай, 6,5% — на італьянскай, 0,5% — на рэтараманскай. Моўная мяжа не заўсёды супадае з межамі кантонаў. Ёсць двухмоўныя кантоны і нават некалькі двухмоўных гарадоў.
Італьянскай і французскай мовай можна без праблем карыстацца ў адпаведных частках краіны. З нямецкай цяжэй. Нават калі вы цудоўна валодаеце, мясцовы дыялект не зразумееце. Карыстайцеся англійскай, як гэта робяць самі швейцарцы, калі заязжаюць у іншы моўны рэгіён сваёй краіны.
Grüezi Züri! Вітаю, Цюрых!
Цюрых, на якім я спынюся больш падрабязна, — самы вялікі горад Швейцарыі, і мае аэрапорт у адрозненне ад сталіцы краіны Берна.
Ад аэрапорта вы імгненна даедзеце на цягніку да галоўнага чыгуначнага вакзала. Ён у цэнтры горада. І адсюль пачынаецца адна з самых дарагіх і вядомых вуліц свету — Банхофштрасэ.
Але не спяшайцеся ў шопінгавую вакханалію, давайце затрымаемся ў будынку вакзала. Ён быў пабудаваны ў XIX стагоддзі ў стылі неарэнесанса і нагадвае вакзалы са старых фільмаў, дзе дымяць паравозы.
Сёння цягнікі ўжо не заходзяць у цэнтральны хол. Гэтая прастора выкарыстоўваецца для розных культурных мерапрыемстваў. Прысядзьце за столік у кавярні і назірайце за атмасферай. Тут такое перапляценне моў, народаў і рас, нібыта гэта Вавілон.
Шпацыр па Банхофштрасэ
Для першага агульнага знаёмства з цэнтрам горада можна прайсці ад вакзала па вуліцы Банхофштрасэ да Цюрыхскага возера, а назад вярнуцца праз раён Нідэрдорф.
Банхофштрасэ цягнецца на 1,4 км да возера. Перад вакзалам звярніце ўвагу на пафасны помнік з фантанам Альфрэду Эшэру. Гэты палітык, бізнесмэн і піянер у галіне чыгункі лічыцца адным з заснавальнікаў сучаснай Швейцарыі. Ён жыў у XIX стагоддзі і заснаваў банк, палітэхнікум і Готардскую чыгунку.
Ідзем гуляць па Банхофштрасэ! Тут вы ўбачыце вялікія мультыбрэндавыя ўнівермагі, сеткавыя крамы, дарагія буцікі і фешэнебельныя гатэлі. І чым далей ад вакзала, тым даражэй. Цэннікі на вітрынах знікаюць і з’яўляюцца надпісы «Мы говорим по-русски».
Палюбуйцеся вітрынамі: афармленне вышэйшага пілатажу. Калі стоміцеся на паўдарогі, сядайце проста на газон перад універмагам Globus.
Дарэчы, папіць вады можна са знакамітага фантана Уолеса, што стаіць на тратуары перад скверам. Калі вы былі ў Парыжы, то не маглі не заўважыць такія фантаны. Гэта адзін з сімвалаў французскай сталіцы, а ў Цюрыху ён з’явіўся ў 1982 да Сусветнага кангрэсу спецыялістаў па водных рэсурсах. Назва яго паходзіць ад імя стваральніка англічаніна сэра Рычарда Уолеса. Гавораць, адзін экземпляр такога фантанчыку нават набыла сабе Брыджыт Бардо.
Па дарозе вам сустрэнуцца некалькі шакаладных крам. Паглядзіце, як вялікія пласціны самага рознага шакаладу проста стосамі ляжаць на вітрынах. Яго можна купіць на вагу. Падзівіцеся майстэрству шакалацье, які віртуозна зробіць перад вамі шакаладныя цукеркі-шарыкі, і абавязкова пакаштуйце пралінэ ці Люксембургерлі ад Шпрюнглі. Гэта мясцовая кандытарская фабрыка — гонар Цюрыха і ўсёй краіны.
Банхофштрасэ закрытая для машын, але па ёй ходзяць трамваі і можна перабягаць з аднаго боку на другі. Будзьце вельмі ўважлівымі, бо трамваі ходзяць ціха.
Асабліва глядзіце па баках на плошчы Парадеплац. Тут побач фінансавы цэнтр Швейцарыі, у прыватнасці буйныя банкі UBS i Credit Suisse.
Банхофштрасэ сканчваецца плошчай Бюркліплац, названай у гонар архітэктара Арнольда Бюрклі, які ў канцы XIX стагоддзя спраектаваў набярэжную Цюрыхскага возера з алеямі, паркамі ды лужкамі.
Калі вы трапіце ў Цюрых з мая па кастрычнік, то ўбачыце на гэтай плошчы вялікі блышыны рынак. Не забывайцеся, тут прымаюць толькі франкі, а з антыкварыятам на мяжы могуць узнікнуць пытанні.
Цюрыхскае возера — улюблёнае месца адпачынку жыхароў. Гэта не брудная канава, як у большасці вялікіх гарадоў. Вада ў возеры крыштальна чыстая і тут нават дазволена купацца. Да сваіх водных рэсурсаў жыхары адносяцца з вялікай увагай.
Людзі загараюць, ладзяць пікнікі, гуляюць у пляжныя гульні, дзяцей катаюць на поні і вярблюдах, вулічныя музыкі і артысты паказваюць сваё майстэрства. Вы можаце пакатацца па возеры на параходзе.
Дарэчы, праз цэнтр Цюрыха працякае ажно дзве рэчкі, гэта надае гораду сапраўдны шык.
Каля Бэльвюплац знаходзіцца легендарная кавярня Odeon. Яна адчынілася ў 1911 годзе і была папулярным месцам сярод інтэлігенцыі, палітыкаў і культурнай багемы. Эрых Марыя Рэмарк, Альберт Эйнштэйн, Мусаліні, Ленін і Троцкі заходзілі сюды. У 1970-я гады кавярня стала арэнай разборак наркагруповак. Сёння кавярня Odeon — вядомае турыстычнае месца Цюрыха.
Ліматкэ (набярэжная Лімата) з’яўляецца добрым арыентырам, каб не згубіцца ў старым квартале Нідэрдорф. Мясцовыя жыхары называюць гэты квартал ласкава Dörfli — «вёсачка».
Гэты стары раёнчык горада не такі пафасны, як Банхофштрасэ, але тут ёсць свой дух: рамантычныя завулкі, маленькія плошчы з сярэднявечнымі фантанамі, утульныя дворыкі і вялікія саборы.
Тут шмат прыватных крам з мастацкімі вырабамі, антыкварыятам, прадметамі дэкору і розных лайф-стайл магазінчыкаў.
Вось некалькі цікавых адрасоў:
— Kolonialwaren H. Schwarzenbach, Münstergasse 19. Гісторыя крамы пачынаецца з 1864 года. Такое адчуванне, што каву, гарбату, сіропы, бакалею, сухафрукты і спецыі толькі што прывезлі з заморскіх калоній. Стары антураж з машынамі для абсмажвання кававых зярнят сапраўды ўражвае;
— Cabaret Voltaire, Spiegelgasse 1. Месца, дзе у пачатку ХХ стагоддзя з’явіўся мастацкі рух дадаізм. У кавярні гэтага культурнага цэнтру «duDa» пад шклянку абсэнту можна паразважаць над сэнсам мастацтва.
— Café Conditorei Schober, Napfgasse 4. Раю ўзяць кубак какавы з кавалкам пірага. Адчуванне, што сядзіш у гасцінай старасвецкага асабняку: ляпніна, фрэскі, аксаміт, печка з дымаходамі. Кожная зала мае свой непаўторны дэкор.
У 2014 годзе на Набярэжнай Лімата паставілі стары партовы кран з 1960-х гадоў, які адслужыў сваю службу ў порце нямецкага Ростака на беразе Балтыкі. Гэта мастацкі праект «Zürich Transit Maritim», які выклікаў вялікі рэзананс сярод гараджан. Мастакі абыгрываюць ідэю «Што, калі б горадабудаўнічыя планы мінулага спраўдзіліся і Цюрых стаў партовым горадам?».
Звярніце ўвагу на вялікі сабор з дзвюма масіўнымі каменнымі вежамі. Гэта Гросмюнстэр — сімвал Цюрыха, адзін з трох найважнейшых храмаў горада. Першыя летапісныя ўзгадкі датуюцца ажно VIII стагоддзем.
Другім важным храмам горада з’яўляецца Фраўмюнстэр, заснаваны Людовікам Нямецкім, унукам Карла Вялікага, у 853 годзе. Гэты храм трэба наведаць, каб падзівіцца на вітражы, распрацаваныя нашым праслаўленым суайчыннікам Маркам Шагалам у 1970 годзе. Гэта 5 дзесяціметровых вітражоў, выкананых у адметнай шагалаўскай манеры і пранізаных глыбокім рэлігійным сэнсам: Акно Прарокаў, Акно Іакава, Акно Ісуса Хрыста, Акно Сіёна і Акно Закона. Вы абавязкова ўбачыце імпазантных бабулек, якія сядзяць, нібыта ў бібліятэцы, і па яркіх вітражах Шагала чытаюць Стары і Новы Запаветы.
Трэці сабор, на які трэба звярнуць увагу — гэта царква Святого Пятра. Вежавы гадзіннік на ім самы вялікі ў Еўропе, дыяметр цыферблата складае 8,7 метра. А яшчэ лічба 4 напісаная не звыклымі IV, а IIII.
Усе названыя саборы з’яўляюцца пратэстанцкімі. Тут, у Швейцарыі ў XVI стагоддзі адбылася Рэфармацыя на чале з Ульрыхам Цвінглі.
Раён Нідэрдорф славіцца сваімі старымі цэхавымі дамамі, на першых паверхах якіх знаходзяцца рэстараны. Сядайце за столік на вуліцы, замаўляйце куфаль знакамітага швейцарскага піва Feldschlösschen і назірайце за мінакамі.
Aperitiv і культурны працяг
У горадзе даволі шмат музеяў: вялікіх з грандыёзнымі калекцыямі і малых вузкаспецыялізаваных. Выбірайце сабе па густу і па надвор'і.
Калі захапляецеся гісторыяй, раю наведаць Швейцарскі нацыянальны музей (Landesmuseum). Ён выглядае як стары замак, але пабудаваны ён ў 1898 годзе. Тут Вы пройдзеце сапраўдны крэш-курс швейцарскага краіназнаўства. Сотні экспанатаў, дыярам, інсталяцый пазнаёмяць Вас у даступнай форме з эканамічным, палітычным, ваенным, рэлігійным, культурным і паўсядзённым жыццём і развіццём гэтай самабытнай краіны. Яна маленькая, але ёй ёсць чым ганарыцца.
Калі вас захапляе мастацтва — накіроўвайцеся ў мастацкі музей Кунстхаус (Kunsthaus). Мне давялося там паглядзець вялікую выставу твораў Шагала. Уласна для мяне яна з’явілася выдатным працягам мінскай выставы «Мастакі Парыжскай школы» у Нацыянальным мастацкім музеі.
Як вялікі горад, Цюрых мае што прапанаваць аматарам тэатральнай і музычнай культуры. Гэта, у першую чаргу, Опера — адна з галоўных нямецкамоўных сцэн Еўропы.
Канцэрты, мюзіклы і розныя выступленні ладзяцца пастаянна. Гэты горад заўсёды ўключаюць у план сваіх еўрапейскіх турнэ сусветныя зоркі. Ціну Цёрнер і Патрысію Каас тут лічaць сваімі.
Дарэчы, на канцэрт ці футбол можна махнуць з Цюрыха ў Берн. Там, на Stade de Suisse, таксама часта адбываюцца цікавыя мерапрыемствы. Чыгунка нават пускае дадатковыя цягнікі.
Квіткі на ўсе мерапрыемствы можна без праблем загадзя набыць праз інтэрнэт. Шоу ''Corteo'' i ''Immortal'' Цыркa дю Салей, канцэрт Depeche Mode, мюзікл ''Я яшчэ ніколі не бываў у Нью-Ёрку'', танцавальнае шоу ''Ballet Revolucion'' - гэта толькі самыя вялікія мерапрыемствы, якія мне давялося наведаць у Швейцарыі.
En Guete! Смачна есці!
Кухня Швейцарыі такая ж розная, як і яе рэгіёны. Уплыў Германіі, Італіі і Францыі ў асобных частках краіны відавочны.
Сыр — гэта сапраўдны гонар Швейцарыі! Колькі тут яго гатункаў, цяжка сказаць: малады, вытрыманы, мягкі, цвёрды, з цвіллю, з арэхамі - выбірайце на свой густ. Магчыма, падарожжа ў Швейцарыю цалкам зменіць ўяўленне пра сыр, як гэта адбылося са мной. Уласна мне больш за ўсё спадабаліся Gruyère, Appenzeller і Tête de Moine.
Калі гаворка ідзе пра сыр, нельга абмінуць увагай нацыянальныя сырныя стравы фандзю і раклет. Порцыю раклета з варанай бульбай можна набыць на любым гарадскім свяце.
Яшчэ адзін гонар Швейцарыі - шакалад. Мне падалося, што менавіта шакаладу Lindt з яго вялікай колькасцю варыяцый аддаюць перавагу мае сябры. Але ёсць і іншыя ''шакаладныя героі'', напрыклад, фабрыка Cailler ў Броке. Гэтая марка хоць і належыць да канцэрна Nestlé, але не з’яўляецца моцна камерцыялізаванай за межамі краіны. Так бы мовіць, швейцарцы яе пакінулі для сябе.
Не абмінайце ўвагай і іншыя мясцовыя ласункі. Вось вам некалькі смачных парад:
— Ovomaltine — арыгінальны соладавы какава-напой;
— Тaucherli — шакаладная цаглінка на палачцы. Раствараеце яе ў цёплым малацэ і атрымоўваецца найсмачнейшы шакаладны напітак;
— Ragusa — мяккая шакаладка з нугой i цэлымі арэхамі. Гэты рэцэпт быў прыдуманы падчас Другой сусветнай вайны, калі былі праблемы з пастаўкай какава-бабоў, і захаваў сваю папулярнасць дагэтуль;
— Bärli-Biber — традыцыйны мяккі пернік з міндальнай начынкай;
— Tоblerone — шакалад у форме пірамідкі з выявай гары Маттерхорн;
— Birnbrot — традыцыйная альпійская выпечка са смачнай грушавай начынкай;
— Ricola — смактулькі на альпійскіх травах (раю таксама пакаштаваць растваральны напой Ricola Instant Tee);
— Rivella — газіраваны напітак з малочнай сывараткі, лічыцца амаль нацыянальным напіткам.
Гэта толькі невялікая частка папулярных прадуктаў і тавараў, якімі ганарацца швейцарцы. Там і выпечка, і мясныя вырабы, і алкагольныя напоі. Вандруйце, частуйцеся і адкрывайце Швейцарыю. Як тут кажуць: ''En Guete!''
Беларуска-швейцарскія паралелі
Швейцарыя ўжо даўно стала брэндам, які сімвалізуе багацце краіны, дабрабыт народа, якасць прадуктаў, прыгажосць прыроды, полікультурны ўклад жыцця. Часта ў сваіх падарожжах я праводзіў паралелі паміж Беларуссю і Швейцарыяй. У нас ёсць калі не ўсё, то шмат з таго, чым яны ганарацца. Толькі мы пакуль не зрабілі гэта брэндам.
Швейцарцы — маленькая нацыя, заціснутая паміж больш моцнымі дзяржавамі: Германіяй, Францыяй, Італіяй. Памежныя рэгіёны гістарычна развіваліся пад уплывам суседзяў, пераймаючы іх мову, культуру, светапогляд і лад жыцця. Tут не скардзяцца на ціск з боку суседзяў. Кожны рэгіён ганарыцца сваімі асаблівасцямі, у кожнага кантона сваe сімвалы і характарыстыкі.
У гэтай мультыкультурнай краіне чатыры дзяржаўныя мовы. Тэлеканалы, радыёстанцыі, прэса, афіцыйныя дакументы, навучальны працэс, бізнэс-жыццё — людзі паўсядзённа і ва ўсіх сферах пражываюць шматмоўе сваёй краіны. Нам ёсць чаму павучыцца, праўда?
Натуральна, што ў Швейцарыі ёсцьканфлікты паміж нямецкамоўным і франкамоўным насельніцтвам. Гэта цягнецца з часоў Бургундскіх войн XV стагоддзя. Гістарычная памяць тут вельмі моцная. Тэрмін ''Рёшціграбен'' азначае культурную і моўную мяжу паміж гэтымі дзвюмя групамі насельніцтва. Ён складаецца са словаў ''роў рёшці'". Рёшці - гэта бульбяная страва, падобная на вялікі дранік, а ўмоўны роў праходзіць па рацэ Занэ.
Хаця падчас паездкі ў горы пайшлі мы з сябрам на фандзю ў вясковую карчму. Вёсачка знаходзілася на франкамоўнай тэрыторыі. Да нас падыйшла гаспадыня сталага веку і, пачуўшы, што мы размаўляем на нямецкай мове, звярнулася да нас па-нямецку. Сябар адказваў на нямецкім мясцовым дыялекце, абазначаючы, што ён тутэйшы. Гаспадыня таксама перайшла на швіцердзюч.
Праглядзеўшы меню, я аўтаматычна задаў пытанне на французскай мове, бо меню было на гэтай мове. Увесь астатні вечар мы размаўлялі з гаспадыняй на яе роднай фрацузскай мове. І такіх ''моўных'' выпадкаў было мноства. Вандруючы па Швейцарыі, я заўважыў, што людзі з гонарам карыстаюцца сваёй роднай мовай, але без праблем пераходзяць пры неабходнасці на мову субяседніка. Гэта элемент паўсядзённага жыцця.
Турызм у Швейцарыі на такім высокім ўзроўні, што ахоплівае цалкам усю краіну. У любой горнай вёсцы турыста ёсць дзе размясціць, чым накарміць і што яму прапанаваць. Вандроўкі, музеі, мясцовыя прысмакі, рэгіянальныя святы даюць магчымасць дакрануцца да гісторыі і культуры краіны, а таксама заняцца спортам.
Чым жа ганарацца швейцарцы і чаму там так шмат турыстаў? А ганарацца яны простымі рэчамі: маляўнічай прыродай, чыстымі азёрамі, мясцовай кухняй, рэгіянальнымі традыцыямі, славутымі землякамі, гістарычнымі мясцінамі, архітэктурнымі каштоўнасцямі і сваёй непаўторнасцю. Але самае галоўнае, што ўсё гэта ўключана ў турыстычную інфраструктуру. Сервіс просты, зразумелы і самае галоўнае — якасны.
У Беларусі таксама шмат прыродных, матэрыяльных і нематэрыяльных багаццяў. Шмат чаго прыйшло ў заняпад, але і шмат чаго вярнулі з нябыту. Здаецца, нам не стае самага галоўнага інгрыдыенту швейцарскага поспеху — гонару за свой край.
Жадаю ўсім цікавых вандровак, незабыўных уражанняў і прыемных сустрэч. Вандруйце па свеце і па Беларусі. Як кажуць немцы: «Reisen bildet», што азначае ''падарожжы адукоўваюць''.
***
Друзья, в течение года многие из вас путешествуют за пределами нашей страны. Если у вас есть интересные фотографии с отдыха и желание рассказать о любимом месте посетителям TUT.BY, с нетерпением ждем на адрес media@tutby.com с пометкой «Фотоотдых»:
1. Историю вашего путешествия (Документ Word) — где и с кем вам посчастливилось побывать. Как долго? Почему выбор пал именно на эту страну? Что вам запомнилось, не понравилось, удивило? Какие там люди, стиль жизни, цены, традиции? Архитектура и природа? И любые другие мелочи — важен именно ваш субъективный взгляд.
2. Фото ОДНИМ заархивированным файлом. Размер — 1200 пикселей по большей стороне. Количество снимков: от 20 до 45 (не более!). Будет удобно их пронумеровать, а номера снимков поставить в тексте — нам будет проще их ставить в новость. Предпочтение отдается снимкам с горизонтальной ориентацией.
3. Комментарии к фото. Можно отдельным файлом в Word. Опять-таки для вашего удобства по принципу номер фото — ваш комментарий.
4. Редакция сохраняет за собой право вносить в текст редакторские правки или не публиковать материалы, которые не соответствуют принципам и правилам оформления в рубрике.