Марскі пехацінец, разведчык і выратавальнік Караткевіча. Невядомы Янка Брыль
4 жніўня 1917 года ў Адэсе нарадзіўся Янка Брыль, у будучым — народны пісьменнік Беларусі, аўтар рамана «Птушкі і гнёзды», аповесці «Ніжнія Байдуны», суаўтар кнігі «Я з вогненнай вёскі», што сталі класікай айчыннай літаратуры. TUT.BY згадаў, як Янка Брыль змагаўся з немцамі ў складзе спецпадраздзялення, паўплываў на творчасць Святланы Алексіевіч, рызыкаваў заплаціць штраф за жонку і выратаваў Уладзіміра Караткевіча.
Марскі пехацінец — у палякаў, разведчык — у савецкіх партызан
Дарогамі Другой сусветнай вайны прайшлі дзясяткі, калі не сотні беларускіх пісьменнікаў. Але для большасці з іх змаганне з немцамі пачалося 22 чэрвеня 1941 года. Для Брыля — на два гады раней. Дзяцінства пісьменніка прайшло ў Адэсе, але ў 1922 годзе ён вярнуўся на радзіму бацькоў, у вёску Загор’е Карэлічскага раёна. Заходняя Беларусь тады ўваходзіла ў склад Польшчы.
У 1939 годзе Брыля прызвалі ў армію. Спачатку ён служыў простым жаўнерам, але неўзабаве палякі пачалі ствараць новы род войскаў - марскую пяхоту. Высокі і фактурны Янка трапіў туды без цяжкасцяў.
1 верасня 1939 года на Польшчу напалі немцы. Вермахт быў куды лепш узброены і падрыхтаваны да сучаснай вайны, чым польскае войска. Не дзіўна, што праз некалькі дзён баёў пехацінцы трапілі ў палон. Неўзабаве Брыль уцёк. Яго злавілі але другая спроба аказалася больш удалай. Восенню 1941 года ён вярнуўся дадому і нават уладкаваўся на працу ў Гістарычны музей, што працаваў у акупаваным Мінску. Але ў 1942 годзе Брыль сыйшоў у партызаны, з’яўляўся сувязным і разведчыкам. Але яшчэ доўгія гады, да таго як у 1952 годзе атрымаў Сталінскую прэмію, ён баяўся арышту за сваё «антысавецкае» мінулае.
Чатыры гады з магнітафонам
У шэрагу інтэрв'ю нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч называла сваім галоўным настаўнікам пісьменніка Алеся Адамовіча. Менавіта апошняму належалі дзве этапныя кнігі, напісаныя ў суаўтарстве. Разам з Даніілам Граніным Адамовіч стварыў «Блакадную кнігу», у якой запісаў успаміны людзей, што выжывалі ў блакадным Ленінградзе. Кніга так раззлавала партыйных начальнікаў, што доўгія гады не выходзіла ў ленінградскіх выдавецтвах. А да гэтага Адамовіч разам з Янкам Брылём і літаратуразнаўцам Уладзімірам Калеснікам напісаў легендарную кнігу «Я з вогненнай вёскі». Цягам чатырох гадоў яны ездзілі па вёсках, якія падчас вайны разам з жыхарамі былі знішчаны фашыстамі. Такіх населеных пунктаў, спаленых разам з людзьмі жыўцом, у Беларусі налічваецца больш за 600. На старонках гэтай кнігі з чытачамі гаварылі больш за тры сотні ацалелых людзей, чые ўспаміны творцы запісвалі на магнітафон. Па вялікім рахунку, без працы Брыля, Адамовіча і Калесніка не было б і твораў Алексіевіч (а пасля і яе Нобелеўскай прэміі).
Зрэшты, гэтая кніга не самая тыповая для творчасці Янкі Брыля. Пісьменнік справядліва лічыўся майстрам лірычнай мініяцюры. Ён пачаў ствараць іх з сярэдзіны 1960-х гадоў і пісаў іх амаль да самай смерці.
Але ці не галоўным творам Брыля можна лічыць аповесць «Ніжнія Байдуны». Як пісаў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, «Байдуны», дзе Брыль «як нідзе і ніхто да яго дае выказацца ўсім, каго далучае да народу, нагадвае працу ўтрапёнага перакладчыка. Перакладчыка, які перастварае на мове літаратуры ледзьве не кожныя ўздых, лаянку і мармытанне, пачутыя ім некалі ў дзяцінстве і запомненыя містычным чынам на ўсё жыццё». У выніку паўстае «аўтабіяграфія, але не аўтарская, аўтабіяграфія цэлага свету, расказаная ім самім, на розныя галасы».
«Колькі харошых, цудоўных істот марыць недзе сустрэцца з такім чалавекам, як ты»
Пра ўплыў пісьменнікаў адзін на аднаго напісаны мноства кніг і даследаванняў. Між тым, Янка Брыль паўплываў на аднаго з класікаў беларускай літаратуры ў прамым сэнсе гэтага слова. Ён выратаваў яму жыццё. Гаворка пра Уладзіміра Караткевіча. Напрыканцы 1950-х гадоў апошні вучыўся ў Маскве на Вышэйшых літаратурных курсах. Там пачаўся раман Караткевіча з мастацтвазнаўцай Нінай Молевай. У нейкі момант пісьменнік знясілены адносінамі (Молева ўвесь час гулялася з ім нібы котка з мышкай) задумаўся пра самазабойства. Пазней ён апісаў гэтую сітуацыю ў рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі», дзе вывеў самога сябе ў вобразе Андрэя Грынкевіча.
Згодна сюжэту рамана, у апошні момант у рукі Грынкевічу трапіўся ліст ад сябра з Мінска Якуба Каптура: «…Мне цяжка гаварыць аб гэтым… Палічы сабе ты мяне бурклівым дзядзькам, палічы нават пашляком, але, слухаючы твае словы, я міжвольна думаў: колькі харошых, мілых, цудоўных, юных, разумных істот марыць недзе сустрэцца з такім чалавекам, як ты, дарагі мой дзівак, паэт, сумленны чалавек!». Менавіта ліст, а таксама клопаты аднаго з маскоўскіх сяброў выратавалі Грынкевіча ад паспешлівага ўчынку. Зараз вядома, што за псеўданімам Якуб Каптур хаваўся Янка Брыль. Больш за тое, 8 сакавіка 1960 года ён напісаў Караткевічу ліст, які з невялікімі скарачэннямі быў устаўлены ў раман! Пазней Караткевіч працягваў лічыць Брыля сваім сябрам. Іх ліставанне, якое ўжо апублікавана, сведчыць пра поўны давер, які існаваў паміж творцамі.
«А если захотите развестись, придется платить три тысячи, штраф»
У біяграфіі творцы была прыгожая і кранальная гісторыя кахання. Будучы пісьменнік і яго жонка Ніна Міхайлаўна былі знаёмыя са школьнай лаўкі, вучыліся разам у адной школе, жылі за паўтара кіламетра аднаго ад аднаго, разам партызанілі, а ў пераможным 1945 годзе ўзялі шлюб.
Дарэчы, Міхаіл, старэйшы Брыля, узяў шлюб з Марыяй, старэйшай сястрой Ніны Міхайлаўны. «Мая бабуля казала, што калі б была трэцяя дачка ў яе, то аддала бы замуж за каго-небудзь з братоў бацькі», — расказвала TUT.BY Наталля Іванаўна Брыль, дачка пісьменніка.
Пра сваё вяселле пісьменнік згадваў наступнае: «23 студзеня 45-га мы з Нінай распісаліся ў Міры, у загсаўскім пакойчыку ў цагляным доме райміліцыі. Уся шлюбная ўрачыстасць заключалася ў тым, што сухая i з твару панурая чыноўніца, аддаючы мне пасведчанне, сказала: «Ну вот. А если захотите развестись, придется платить три тысячи, штраф».
У якасці пачастунку маці пісьменніка прыгатавала міску вінегрэта, які елі з хатнім хлебам, і бутэльку самагонкі. Гасцей было мала, настрой — несвяточны: брата Янкі Брыля забіралі ў войска. Сваякі хваляваліся і перажывалі. Мама Ніны ў якасці пасагу падарыла маладым коўдру, падушку і «паабяцала, можа, потым якую цялушку». Жылі муж і жонка ў Міры, грошай не хапала, здымалі пакой і выкручваліся «удваіх на адной зарплаце i нячастых ганарарыках. Да картачнай яды патрэбны былі яшчэ i базарныя дровы. Палавіна мая вельмі туга прызвычайвалася да доўгіх, таўкатлівых ды сварлівых чэргаў». Матэрыяльнае становішча палепшылася толькі ў 1952 годзе, калі Брыль атрымаў Сталінскую прэмію.
Ніна Міхайлаўна сышла ў іншы свет у 2003-м. Пісьменнік перажыў яе на тры гады.
Унук — прадаўжальнік дынастыі
Іранічныя крытыкі любяць казаць, што прырода адпачывае на дзецях і ўнуках знакамітых людзей. Пакінем па-за ўвагай этычны момант. Але згадзіцеся: услед за класікамі ў беларускую літаратуру не прыйшоў ніхто з іх сваякоў. Дзеці Якуба Коласа і Васіля Быкава, Івана Мележа і Аркадзя Куляшова выбіралі іншыя прафесіі. Бо цудоўна разумелі: канкурыраваць са сваімі славутымі сваякамі амаль бессэнсоўна. А вось сям’я Янкі Брыля стала шчаслівым выключэннем.
Наогул, у народнага пісьменніка было трое дзяцей: дачкі Галіна і Наталля, а таксама сын Андрэй. Сын апошняга, Антон Францішак Брыль, працягнуў літаратурную дынастыю. Праўда, спачатку ён скончыў матэматычны клас ліцэя БДУ і факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Атрымаў ступень PhD (заходні аналаг ступені кандыдата навук) ў Трэнцкім універсітэце (Італія). Жыў у Дубліне, Цюрыху і Лондане.
Падзеяй у беларускай літаратуры стала ўжо дэбютная паэтычная кніга Антона Францішка «Не ўпаў жолуд» (2011). Спецыялісты ацанілі і пераклад на беларускую мову стараанглійскай паэмы «Беавульф». Як піша крытык Марына Весялуха, дзеда і ўнука аб’ядноўвае адна відавочная рыса: «гэта найперш удумлівасць, грунтоўнасць, вернасць сабе і свайму слову, абранаму шляху ў творчасці».