Пагоня, цмокі і зубры. Якімі выявамі аздабляліся кнігі часоў Расійскай імперыі

Источник материала:  
31.07.2017 09:00 — Новости Культуры

У 1795 годзе тэрыторыя сучаснай Беларусі канчаткова ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Змянілася практычна ўсё: ад палітычнага ладу да быту беларусаў. Даведацца пра гэты перыяд ужо можна па газетах, аднак найбольш надзейным мастом паміж эпохамі застаюцца кнігі. Як адлюстроўваўся так званы Паўночна-Заходні край з канца 18-га да пачатку 20 стагоддзя, TUT.BY сумесна з Банкам БелВЭБ прасачыў па выданнях часоў Расійскай імперыі.

***

За дапамагу і кансультаванне пры падрыхтоўцы гэтага матэрыяла TUT.BY дзякуе Галіне Уладзіміраўне Кірэевай, загадчыцы навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Кароткая хроніка падзей

Тры папярэднія стагоддзі кнігадрукаванне ў Беларусі развівалася як прыватнае прадпрымальніцтва. Таксама дзейнічалі тыпаграфіі розных канфесійных накірункаў: праваслаўныя, уніяцкія, каталіцкія, пратэстанцкія, стараверскія. У Расійскай імперыі гэтая дзейнасць становіцца справай дзяржаўнай: з’яўляюцца губернскія тыпаграфіі, якія падпарадкоўваюцца Пецярбургу.

У ВКЛ і Рэчы Паспалітай кнігі выдаваліся на беларускай, польскай, царкоўнаславянскай, лацінскай мовах. З 1777 года з’яўляюцца першыя двухмоўныя выданні: напрыклад, на польскай з рускімі тэкстамі ці наадварот. Напачатку 19 стагоддзя, з утварэннем губернскіх тыпаграфій, асноўнай мовай становіцца руская. Таксама мяняецца напісанне — уводзіцца так званы грамадзянскі шрыфт.

Невялікія прыватныя тыпаграфіі з’яўляюцца толькі ў другой палове 19 стагоддзя. Адной з мэтаў іх дзейнасці быў прыбытак, таму кнігі стараліся зрабіць максімальна таннымі, што адбівалася на адсутнасці ілюстрацый у выданні. Так, у кнізе «Гапон» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча можна не знайсці ніводнага малюнка.

Тым не менш мы адшукалі пяць найбольш цікавых ілюстрацый, якія ў пэўным сэнсе адлюстроўваюць свой час.

Ян Баршчэўскі «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях» (Jan Barszczewski, Szlachcic Zawalnia czyli Bialorus w fantastycznych opowiadaniach)


Кніга выдавалася часткамі з 1844 па 1845 год у Пецярбургу (выдавец — Рамуальд Падбярэзскі). У ёй усяго адна выява — літаграфія, змешчаная на фронтаспісе. Выканаў яе Рудольф Жукоўскі. Загалоўная ілюстрацыя адразу ж дае магчымасць уявіць, пра што будзе ісці гаворка ў кнізе: тут і цмокі, і ваўкалакі, і нячысцікі. Зверху змясцілася звычайная вясковая пастараль: воз, конь, агароджаная плотам хата, у якой няма месца для зла. Знізу — панарама горада, перад якім сабралася цёмная кампанія: змяя, сава, чэрап, чорт, крыж і чамусьці лапці. У цэнтры змешчаны людзі, якія слухаюць апавядальніка: хтосьці захоплена, падпіраючы падбародак, нехта з яўным скепсісам, скрыжаваўшы рукі на грудзях.


Яўстафій Тышкевіч Opisanie powiatu Borysowskiego (1847 год)


Кніга друкавалася ў віленскай тыпаграфіі Антонія Марціноўскага на польскай мове. Яна таксама не радуе выявамі. Выданне цікавае тым, што хавае ў сабе вобраз беларусаў, які з часам пазбавіўся дэталей і стаў кананічным. На адной з ілюстрацый можна разгледзець паўсядзённы строй жыхароў Барысаўскага павета. Тут табе і лапці, і спадніца, і намітка, і ўсё астатняе. Да гэтага беларусы рэдка адлюстроўваліся ў такім выглядзе — больш распаўсюджаным быў вобраз шляхціча, а не селяніна. Хаця гэты ўбор выглядае даволі заможна.

Аляксей Сапуноў «Полоцкий Софийский собор» (1888 год)


Здавалася б, чым можа здзівіць гэтая выява? Проста рэалістычная панарама Полацка, на якой віднеюцца Сафійскі, Нікалаеўскі саборы, корпус кадзетаў, Дамініканскі касцёл, Богаяўленскі манастыр і помнік у гонар падзей 1812 года. Але нас цікавіць гістарычны фундамент гэтай ілюстрацыі.

У другой палове 19 стагоддзя нараджаецца магутны рух маладых даследчыкаў, якія змагаюцца за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны беларускіх зямель. Бо ў гэты час шмат чаго наўпрост разбураецца. І захаваць горад атрымліваецца толькі ў ілюстрацыях.

Аляксей Сапуноў — віцебскі гісторык, археолаг, краязнаўца — якраз займаецца падобнай справай. Усе свае навуковыя працы ён суправаджаў дэталёвымі ілюстрацыямі, у якіх, па яго перакананні, наступныя пакаленні змогуць убачыць выгляд свайго мінулага.

Аляксей Сапуноў «Витебская старина»

«Витебская старина» — гэта серыя кніг у шасці тамах, аднак другі і трэці тамы не атрымалася выдаць праз адсутнасць грошай. Тыраж кнігі складаў 500 асобнікаў, выдавалася яна ў Віцебску ў тыпаграфіі Губернскага праўлення (1883―1888 гады).


Кніга адрознівалася тым, што ў ёй на той момант было шмат ілюстрацый: партрэты выбітных дзеячаў, віды храмаў, планы, схемы, чарцяжы, граматы і выявы рукапісных кніг. Такая «раскоша» рабіла выданне прыкметна даражэйшым: да прыкладу, першы том каштаваў 3−4 рублі, у той час як любая іншая кніга — усяго 1 рубель. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захаваўся асобнік у паўскураным пераплёце, на карэньчыку і верхняй крышцы ёсць цісненне золатам.

Дадзеная ілюстрацыя распавядае глыбокую гербавую гісторыю Віцебска.


Зверху — першы герб горада, атрыманы разам з Магдэбургскім правам ад караля Жыгімонта Трэцяга Вазы 17 сакавіка 1597 года. На ім — вобраз заступніка Хрыста на фоне блакітнага шчыта, які стужкамі трымаюць тры анёлы. Пад Хрыстом — аголены меч, скіраваны ўправа.

У прывілеі Жыгімонта сказана: «Герб надаем месту нашему Витебскому в блакитном полю образ Спаса Збавителя нашего, и при том зараз трохи нижей меч голый червоный, что ся мает разуметь кровавый».


Віцебскі герб 1781 года

Злева — герб узору 1781 года, які зацвердзілі пасля таго, як Віцебск стаў часткай Расійскай імперыі (нагадаем, здарылася гэта ў 1772 годзе). Над гербам дамінуюць расійскі арол і карона, знізу размясцілася беларуская Пагоня і чырвона-белыя палосы. Заўважым, што хвост у каня на Пагоні апушчаны ўніз. Хаця на гербе Віцебскага ваяводства, змешчаным унізе, ён падняты ўверх. Усё дакладна і гістарычна выверана.


Віцебскі герб 1856 года

Апошні геральдычны сімвал праіснаваў нядоўга — усяго да 1856 года. На змену яму прыйшоў герб, які на ілюстрацыі можна знайсці справа. Гэта ўсё тая ж Пагоня з імператарскай каронай. Па баках ад яе з’явіліся залатыя стужкі. Некаторыя лічаць, што гэта сімвал пакорнасці і адданасці прынцыпам новай улады.


Яшчэ ніжэй змешчана старажытная пячатка Віцебска 1559 года. На ёй — усё той жа заступнік горада Хрыстос, адлюстраваны не ў профіль, як на першым гербе, а ў анфас.

У афармленні загалоўка кнігі прысутнічаюць валошкавыя пялёсткі — яшчэ адзін старажытны сімвал Віцебска.

Георгій Карлаў «Беловежская пуща. Ее исторический очерк, современное охотничье хозяйство и Высочайшие охоты в Пуще» (1903 год)


Кніга Карлава ў свой час лічылася квінтэсенцыяй тых вышынь, якія дасягнула кнігадрукаванне Расійскай імперыі. У ёй — 414 старонак і шэраг ілюстрацый, выкананых у розных тэхніках: 22 геліягравюры, 137 аўтаціпій, 40 цынкаграфій, 1 літаграфія, а таксама 9 мапаў, 4 чарцяжы і дзясяткі фотаздымкаў. Нагадаем, яна выйшла ў 1903 годзе накладам 300 асобнікаў. Купіць яе было складана — толькі калі атрымаць у падарунак.


У 1860 годзе ў Белавежскай пушчы прайшло легендарнае паляванне Аляксандра II з еўрапейскімі прынцамі і герцагамі, якое сярод іншага паспрыяла выхаду Расійскай імперыі з палітычнай ізаляцыі пасля Крымскай вайны. Імператар вырашыў гэтую падзею ўвекавечыць — замовіў серыю малюнкаў у венгерскага мастака Міхаіла Зічы, які працаваў у Расіі. Пазней Георцій Карлаў змог напісаць да іх грунтоўную манаграфію.


У прадмове да кнігі гаворыцца, што мэта гэтага выдання — пазнаёміць паляўнічы свет з сучасным станам гасударавых угоддзяў і ў першую чаргу з Белавежскай пушчай, яе гаспадаркай, жыццём і паляваннямі, якія некалі тут адбываліся. І асаблівае месца ў гэтым пераліку займае зубр — яго выяву можна знайсці на старонках кнігі не адзін раз.

Партнёр праекта:


Банк БелВЭБ надае вялікую ўвагу пытанням карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. Сацыяльная місія банка — падтрымка мерапрыемстваў, якія закліканы захоўваць і папулярызаваць беларускую гісторыю і культурную спадчыну краіны.

←Скончался белорусский рэпер, создатель группы ЛСП Рома Англичанин

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика