Памёр віцебскі краязнаўца Алег Куржалаў
Пайшоў з жыцця Куржалаў - адзін са стваральнікаў сучаснай сістэмы школьнага краязнаўства на Віцебшчыне.
Алег Васільевіч Куржалаў нарадзіўся ў кастрычніку 1953 года. Вучыўся ў віцебскай СШ № 2, у 1975 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 1978−1984 гадах працаваў адказным сакратаром віцебскай арганізацыі Беларускага таварыства аховы помнікаў. Актыўна выступаў супраць знішчэння гістарычнай забудовы на вуліцы Леніна, старой аптэкі на плошчы Свабоды. У 1984 годзе ўпарта адстойваў будынак Пакроўскай царквы, ужо падрыхтаваны да разбурэння, за што быў звольнены з працы.
Актыўны ўдзельнік віцебскага гісторыка-культурнага таварыства «Узгор'е».
У 1995−2011 гадах працаваў загадчыкам аддзела беларусазнаўства і краязнаўства у абласным аб’яднанні па арганізацыі пазашкольнай работы. Здолеў адшукаць і арганізаваць для сумеснай стваральнай працы педагогаў-краязнаўцаў практычна ва ўсіх куточках вобласці. Ладзіў семінары, творчыя конкурсы, краязнаўчыя вандроўкі. Дапамагаў у стварэнні і развіцці школьных музеяў, у вызначэнні найбольш выйгрышнай стратэгіі працы краязнаўчых клубаў, гурткоў і асобных юных даследчыкаў лакальнай гісторыі. Ініцыяваў і часта ўласнаручна рэдагаваў першыя краязнаўчыя дапаможнікі, якія зараз выкарыстоўваюць у школах.
Нястомна, не шкадуючы высілкаў, працаваў для таго, каб жыхары Віцебшчыны ведалі свае радаводы, лёс сваіх вуліц, вёсак, мястэчак і гарадоў. Сваю праўдзівую гісторыю.
Развітанне з Алегам Васільевічам Куржалавым адбудзецца 26 ліпеня ў 12.15 у рытуальнай зале «Ціхая абіцель» (вуліца Петруся Броўкі, 50).